Расея сама верне Крым Украіне


Чый Крым? Адказам на такое пытанне ў Расеі можа стаць крымінальная справа за сепаратызм. Ва Украіне дакладна скажуць, што Крым – украінскі, часова акупаваны. А значная частка беларусаў адкажа: давайце не будзем, гэта нас асабліва не датычыцца. Будзем, бо ўсё ж датычыцца.

Статус Крыму – сапраўды глабальнае пытанне, бо ў Кіеве адбыўся ўстаноўчы саміт Крымскай платформы. Самае маштабнае міжнароднае мерапрыемства, арганізаванае Украінаю, сабрала прадстаўнікоў 47-ці дзяржаваў і міжнародных арганізацыяў. Мэта саміту – вяртанне Крымскага паўвострава.

«Я прыехаў выказаць непарушную пазіцыю Еўразвязу. Мы не прызнаем і не прызнаем незаконнай анексіі Крыму і Севастопалю Расеяй. Мы працягнем праводзіць палітыку непрызнання і будзем цвёрда супрацьстаяць любым парушэнням міжнароднага права», – заявіў на Крымскай платформе Шарль Мішэль, старшыня Рады Еўразвязу.

З прэзідэнтаў і прэм’ер-міністраў найбольш моцна прамаўлялі тыя, чые краіны перажылі ваеннае далучэнне да Савецкага Саюзу дый цяпер адчуваюць расейскую пагрозу.

«Шчыры дзякуй спадару прэзідэнту за запрашэнне і магчымасць сустрэцца з вамі… Мы ў Польшчы добра ведаем, што адчувае чалавек, які губляе сваю маёмасць, сваю годнасць, якога спрабуюць пазбавіць уласнай нацыянальнай ідэнтычнасці, якому кажуць: гэта больш не твая краіна», – прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда пачаў прамову на ўкраінскай мове.

Крымская платформа мусіла вярнуць пытанне паўвострава на парадак дня міжнароднай палітыкі.

«На працягу 7 гадоў незаконнай анексіі Крыму Расея праводзіла сістэматычную кампанію парушэння правоў чалавека, усё больш мілітарызавала паўвостраў і прызывала жыхароў Крыму на вайсковую службу супраць іхнай волі», – падкрэсліла Ўэндзі Мортан, міністр еўрапейскага суседства Вялікай Брытаніі.

Таксама Крымская платформа абʼяднала міжнародных і ўкраінскіх палітычных экспертаў. У тым ліку і такіх, як былы вязень ФСБ Ільмі Умераў.

«Міжнароднае падтрыманне Украіны было дастатковае і раней. Цяпер проста зʼявілася яшчэ адна пляцоўка», – ацэньвае Крымскую платформу віцэ-старшыня Меджлісу крымскататарскага народу.

Кіраўніцтва Расеі адмовілася ад запрашэння на саміт і ўжо назвала яго «антырасейскай імпрэзай» і «шабашам русафобаў».

«Адбудзецца чарговы шабаш – «Крымская платформа», дзе Захад будзе працягваць пеставаць неанацысцкія, расісцкія настроі сучаснай украінскай улады», – заявіў міністр замежных справаў РФ Сяргей Лаўроў.

Але вернемся на 7 гадоў назад. У лютым 2014-га на крымскіх дарогах зʼявіліся расейскія БТР-ы і вайскоўцы – без апазнавальных знакаў. Пад Крымскім парламентам прайшлі акцыі мясцовых і прыбылых сепаратыстаў, розных казакоў і камуністаў – за аддзяленне ад Украіны, якая нібыта стала фашысцкаю дзяржаваю. Сепаратыстаў разагналі крымскія татары, тады ўначы расейскі спецназ з кулямётамі захапіў парламент – гэта расейскае відэа. Цэлямі спецаперацыі сталі ўкраінскія вайсковыя часткі, аэрапорты, вузлы сувязі.

«Асноўная каманда, якую мы чулі з Кіева, быўшы ў Крыме, – трымайцеся. Дакладных указанняў, рэгламентацыі дзеянняў украінскіх вайскоўцаў, рыхтавання адпаведнага прававога поля – а менавіта ўвядзення надзвычайнага ці ваеннага становішча на тэрыторыі Крыму – тады кіраўніцтва Украіны не рэалізавала», – распавядае «Белсату» удзельнік тых падзеяў палкоўнік Уладзіслаў Селязнёў, былы начальнік прэс-службы Генштабу ЗСУ (2014–2017).

Была і страляніна, і забітыя, і зніклыя ўкраінцы. А кіраўніцтва вайсковых частак трапіла пад правакацыі ды пагрозы.

«Апроч таго, акупанты тады актыўна ўздзеялі на сваякоў вайскоўцаў», – нагадвае Селязнёў.

Гэтае відэа знялі ды апублікавалі расейскія спецназаўцы. Потым удзельнікі аперацыі атрымалі медалі «За вяртанне Крыму» – з датаю 20-га лютага, калі прэзідэнтам Украіны яшчэ быў Віктар Януковіч.

«Расейскія вайскоўцы накіроўваюць у бок Крыму ўсё больш зброі, у тым ліку ракетныя сістэмы «Град». Украінская армія пакуль можа адказаць толькі старой савецкай тэхнікай», – распавядаў з Херсонскай вобласці 10 сакавіка 2014 Аркадзь Несцярэнка, журналіст «Белсату».

Потым Масква афіцыйна далучыла Крым да Расейскай Федэрацыі – увесь свет гэтага не прызнаў. І пачалася зачыстка.

«Расея выцясняе з Крыму нелаяльнае насельніцтва шляхам палітычнага пераследу, прысваення грамадзянства расейскага, экспрапрыяцыі маёмасці і гэтак далей. І прывозіць, прыцягвае ў Крым насельніцтва з Расеі», – распавядае Марыя Томак, сустваральніца медыйнай сеткі «Крымская платформа».

Па розных ацэнках, з дапамогай федэральных праграмаў Масква прывезла і прыцягнула ў Крым 0,5-1,5 млн сваіх грамадзянаў. А адных крымскіх татараў ажно 30 тысячаў мусілі ўцякаць ад палітычных рэпрэсіяў.

Як Эрфан Кудусаў, уладальнік рэстаранчыку ў Кіеве, сын крымскага татарына, дэпартаванага ў сталінскія часы. Сябры Эрфана асуджаныя на тэрміны ад 8 да 19 гадоў расейскай турмы.

«ФСБ, МУС, МНС і гэтак далей… Расея людзей катуе, саджае, забівае ў Крыме, рэальна, фізічна», – перакананы Эрфан Кудусаў.

І татараў, і ўкраінцаў – хто хоць на словах выступае супраць акупацыі паўвострава, расейскія ўлады судзяць за тэрарызм ці шыюць справы аб экстрэмізме. Сёння ў расейскіх турмах 116 крымскіх палітвязняў.

«Напрыклад, крымскія татары, большасць з іх, амаль усе – абвінавачаныя ў тэрарызме. Іх судзяць у Растове-на-Доне, там ёсць адмысловы вайсковы суд, які гэтыя справы разглядае», – распавядае Марыя Томак.

А Крым з курорту ператвараецца ў вайскова-марскую базу. Было 20 тысячаў расейскіх вайскоўцаў – стала 52 тысячы. Туды перакідваюць ракетныя комплексы, а крымскую зямлю адводзяць пад палігоны і аэрадромы.

«Не дарма ў народзе бытуе назва «непатапляльны авіяносец» – і размова пра Крымскі паўвостраў», – кажа Уладзіслаў Селязнёў.

Украіна адказвае санкцыямі ды адлучэннем Паўночна-Крымскага каналу ад вады з Дняпра – бо мае такое права.

«Акупацыйная ўлада проста не ведае, што трэба рабіць з вадой. У іх вады то няма, то ўсё залівае, але не затрымліваецца, і ўся сыходзіць у мора», – тлумачыць Ільмі Умераў.

«РФ як агрэсар і акупант мусіць несці ўсю адказнасць паводле Жэнеўскай канвенцыі – забяспечваць часова акупаваныя тэрыторыі ўсім. Мы некалькі разоў казалі, што ў Крыме фармуецца 1 мільярд кубаметраў вады. Для жыллёва-камунальнай гаспадаркі з гэтага мільярда неабходна 250 мільёнаў кубоў. Усё астатняе

выкарыстоўваецца для ўзмацнення і мілітарызацыі РФ у Крыме», – распавядае ягоны аднафамілец Рустэм Умераў, народны дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны.

За акупацыю Крыму дэмакратычныя дзяржавы адразу ўвялі санкцыі супраць Расеі.

«Усе рэцэсіі, усе кепскія гады для расейскай эканомікі негатыўна сказваліся і для эканомікі беларускай. Але пры гэтым Беларусь спрабавала скарыстаць розныя шэрыя схемы, каб кампенсаваць гэтыя страты», – тлумачыць дырэктар інстытуту «Палітычная Сфера» Андрэй Казакевіч.

Расея ў адказ увяла забарону на ўвоз харчоў з Еўразвязу, ЗША і Канады. Рэжым Лукашэнкі наладзіў пастаўкі санкцыйнай прадукцыі праз Беларусь, а грошы, паводле журналісцкіх расследаванняў, ішлі ў структуры, блізкія да Віктара Шэймана, кіраўніка справамі Лукашэнкі. Адначасова быў наладжаны кантрабандны гандаль між Беларуссю і Крымам, ДНР і ЛНР у абыход Украіны. Аднак сам Лукашэнка пакуль не прызнаў Крым расейскім, каб не трапіць пад новыя санкцыі Захаду.

«Калі апошні алігарх у Расеі прызнае Крым і пачне пастаўляць туды прадукцыю, за мной справа не заржавее», – заявіў Лукашэнка 9 жніўня.

У Кіеве на гэтую заяву адказалі нотай пратэсту. А ў Маскве – не.

«Паводле нашага заканадаўства Рэспубліка Крым, натуральна, тэрыторыя Расейскай Федэрацыі, і ўваходзіць у Саюзную дзяржаву разам з нашымі беларускімі сябрамі», – заявіў Сяргей Лаўроў.

Напад Расеі на Украіну змяніў стаўленне да Масквы нават сярод самых прарасейскіх кіраўнікоў постсавецкіх дзяржаваў, тлумачыць палітолаг Андрэй Казакевіч: «Пры ўсіх партнёрскіх стасунках трэба разумець, што Расея ў сённяшнім стане, з той канцэпцыяй знешняй палітыцы – гэта пагроза бяспецы».

Нават Уладзімір Зяленскі, які перад выбарамі крытыкаваў Пятра Парашэнку за мілітарызм, цяпер кажа пра неабходнасць моцнай абароны і абавязковае вяртанне Крыму.

«Гэта максімальна эфектыўнае, цалкам забяспечанае сучасным узбраеннем украінскае войска, каб у агрэсара не ўзнікала чарговы раз спакуса атакаваць нашую краіну. І з іншага боку – гэта калектыўны ціск краінаў Захаду, нашых заходніх партнёраў эканамічнымі санкцыямі на дзяржаву-агрэсара», – тлумачыць план Уладзіслаў Селязнёў.

«Хто б што ні казаў, амерыканскія і еўрапейскія санкцыі – дастаткова сурʼёзны інструмент ціску… Расейская Федэрацыя не нейкая супердзяржава, і прыйдзе час, калі яны самі звернуцца да Украіны, каб развязаць гэты канфлікт», – перакананы нардэп Рустэм Умераў.

Таму ў Кіеве 47 краінаў свету і арганізацыяў дамовіліся, як дзейнічаць далей.

«У супольнай заяве падкрэсліваецца непрызнанне незаконнай анексіі Крыму Расеяй, утрымліваюцца абавязкі разглядзець увядзенне дадатковых палітычных і дыпламатычных санкцыяў супраць Расеі ў выпадку далейшай агрэсіі ды абʼяднаць намаганні ўсіх краінаў-удзельніц, каб забяспечыць стабільнасць у Чарнаморскім рэгіёне. Упершыню на міжнародным узроўні Расея была прызнаная дзяржавай-акупантам», – заявіў пасля падпісання дэкларацыі Уладзімір Зяленскі.

Як тлумачыць Андрэй Казакевіч, менавіта міжнародная рэакцыя на анексію Крыму стрымлівае жаданне Расеі паўтарыць спецаперацыю і захапіць яшчэ штосьці ў суседзяў.

Спадарства, памятайма, што Беларусь – частка Еўропы, таму ўсе падзеі на нашым кантыненце так ці іначай адбіваюцца на ўзроўні нашага жыцця, на правах і свабодах беларусаў. Нашай хата – не з краю.

Калаж з фота: Alexei Druzhinin / TASS / Forum; Stefanie Loos / ddp images / Forum