Беларуска паказала, як трэба дбаць пра жаўнераў на перадавой


Мінілазня, сухі душ, набор «раніца, як удома» – такую «гуманітарку» для ўкраінскіх жаўнераў прыдумалі валанцёры. Сярод іх – беларуска Юлія Гарачая. Яна распавяла, як беларусы дапамагаюць Украіне перамагчы расейскіх агрэсараў.

Юлія Гарачая была прэс-сакратаром Міністэрства культуры Беларусі і фандрэйзэркай Купалаўскага тэатру ў яго найлепшыя часы. Цяпер яна – кіраўніца лагістыкі ды камунікацыі гуманітарнага штабу «Валанцёрская сотня» ў Львове.

Вайна заспела Юлію ў Кіеве, дзе яна пражыла 5 гадоў. Разам з сям’ёй яна эвакуявалася на захад Украіны. Там яна зрабілася часткаю валанцёрскае ініцыятывы івэнт-індустрыі.

Кожны дзень сваёй працай Юлія дапамагае людзям у розных рэгіёнах Украіны, не толькі размяркоўваючы грузы, але і шукаючы грошы. Чым пацвярджае, што беларусы не агрэсары, а аднадумцы ўкраінцаў, гатовыя змагацца супраць акупацыі і агульнага ворага.

Аўтарскі цыкл «Рэпартаж Дудзінскага: Людзі вайны» распавядае пра жыццё ў зоне баявых дзеянняў. Дзяніс Дудзінскі сустрэнецца з беларусамі, якія падтрымалі Украіну ў яе змаганні з расейскімі акупантамі, пакажа партрэты асобаў, якія воляю лёсу аказаліся ў сітуацыі выпрабавання вайною.