Горад сонца: як прыбліжаныя да Лукашэнкі бізнесоўцы мяняюць ландшафт сталіцы


Як змяніліся дамы і кварталы, у якіх мы жывём, ды іх асяроддзе? Як выносяць пастановы датычна забудовы сталіцы і што з сябе будзе ўяўляць Менск у агляднай будучыні? Разбіраемся ў праграме «Шчыра кажучы».

Менск – гэта мора шэрых безаблічных панэлек з цэнтральным астраўком сталінскага ампіру. Такі стэрэатып бытуе як сярод саміх менчукоў, так і сярод шмат каго з наведнікаў беларускай сталіцы. Але мала хто ведае, што беларуская архітэктурная школа – прыклад удалых рашэнняў для многіх іншых краінаў свету.

«Менск у 1960–1970 гады абсалютна справядліва лічыўся ўзорным горадам сацыялізму дзякуючы ўнікальнаму менскаму водна-зялёнаму дыяметру. Была бліскучая ідэя, што ад краю кальцавой да супрацьлеглага краю кальцавой ты можаш прайсці ўсімі берагамі Свіслачы і нідзе не перасячы транспартнай артэрыі», – тлумачыць гісторык архітэктуры Сяргей Харэўскі.

Але паступова савецкае начальства зразумела, што на будаўніцтва раю на зямлі пакуль няма ані часу, ані рэсурсаў. Планаваную райскую забудову Менску адклалі на потым – да наступлення камунізму. А для рассялення ўсё новых хваляў людзей, што сцякаліся пад імклівую індустрыялізацыю беларускай сталіцы, пачалі будаваць часовае жытло – гэтак званыя хрушчоўкі.

Давайце разбірацца
Хто прыкрывае махляроў у будаўнічай сферы?
2021.01.29 14:00

У сярэдзіне нулявых наступае новы перыяд. Цяпер Аляксандр Лукашэнка пачынае раздаваць менскія землі на водкуп набліжаным да сябе бізнесоўцам. Тыя пачынаюць, спрабаваць разнастаіць выгляд сваіх будынкаў, але ўсцяж пры дапамозе збольшага тых жа савецкіх тэхналогіяў. Адзін з самых вядомых прыкладаў, калі бізнесоўцу далі поўную прастору для фантазіі без належнага кантролю з боку гарадскога камітэту ў справах архітэктуры, – каркаснік, які ўзвышаецца над менскаю Нямігай, вядомы ў народзе як «дом Чыжа».

«Кватэра, у якой мы перабываем у «доме Чыжа» – 304 квадратныя метры, без аздаблення. Яна прадаецца цягам двух гадоў. Каштуе амаль мільён долараў. І на яе ёсць попыт… Свайго роду пентхаус. Каля 50 % дому заселеныя, а распрададзеныя каля 95–99 % кватэраў. Але такія кватэры, як гэтая, без аздаблення, я думаю, каля 30 % сёння, проста стаяць, пустуюць, абаграваюцца, яны цёплыя, але калі ў іх будуць рабіць рамонт, невядома. Магчыма, і ніколі. Іх будуць перапрадаваць з рук у рукі», – расказвае рыэлтар Аляксандр Наскоў.

На думку Сяргея Харэўскага, дом не заселены праз шэраг хібаў, што, апрача стылістычнай неадпаведнасці раёну, не ўлічваюць тутэйшых кліматычных умоваў:

«Анахранізм савецкіх часоў, так званая стужкавая забудова. Без разрываў разам з гэтым домам на Свіслачы ўтварыўся новы ландшафт, які не рассечаны. І атрымліваецца тое, што мы называем салярызацыяй, працінанне сонцам, вентыляцыя паміж вонкавым і дваравым фасадам, адсутнічае. З гэтага боку ўсё асветлена сонцам, дваравыя фасады – у вечным ценю, які кладзецца аж да вуліцы Багдановіча. Гэта ўвесь час чорныя двары, дзе зрабілі дзіцячыя пляцоўкі, дзе дзеці не бавяцца, бо там няўтульна і скразняк».

Аднак адмыслоўцы адзначаюць, што апошнімі гадамі беларуская архітэктурная школа, нарэшце, пачынае фармавацца, перадусім – на ўскрайках сталіцы. На думку нашых адмыслоўцаў, гэткія кварталы з часам будуць перамяшчацца і бліжэй цэнтру Менску, на замену панэлькам, якія паступова будуць прыходзіць у нягоднасць.

Таксама ў праграме «Шчыра кажучы»:

  • як заяўленыя праекты не адпавядаюць рэалізаваным будынкам;
  • ашчаджэнне на месцах для паркавання: чаму не як у Еўропе.

Belsat.eu