Прызёра Алімпіяды ставілі на калені ў Жодзіне


Андрэй Краўчанка і ягоная жонка Яна Максімава – прафесійныя спартоўцы. Шмат гадоў яны выступалі за Беларусь на стадыёнах усяго свету і зараблялі медалі для сваёй краіны. Чаму спартоўцы пакінулі Беларусь? Высвятляем у праграме «Беларускі свет».

Аднойчы выявілася, што меркаванне нашых герояў не мае аніякага значэння для ўладаў Беларусі. Больш за тое, гэтага меркавання не мусіць быць у прынцыпе. Андрэй Краўчанка, як і шмат якія спартоўцы, падпісаў ліст супраць гвалту і несумленных выбараў.

Падпісала гэты ліст і Яна Максімава. Незадаволенасць уладаў праявілася хутка. Андрэя выгналі са зборнай, звольнілі адусюль. Затрымалі і пакаралі 10-дзённым арыштам, здзекаваліся.

«Нас адвезлі ў цэнтральны РАУС, там мы прастаялі 16 гадзінаў тварам да сцяны. І глыбокай ноччу павезлі ў Жодзіна. Адседзелі дзесяць содняў, пяць – былі без матрацаў. Самае жорсткае было, калі мы ішлі ў камеры па калідоры, былі хлопцы па 50 гадоў. Здзекаваліся, выспяткі пад дупу давалі, зневажалі. Мужчыну, які перада мной поўз, у яго калена не працавала, ён амаль плакаў, яго дубінкай падганялі. Перад намі ішлі хлопцы, ім распылілі газавую гранату ў калідоры і прымушалі прайсці праз гэта», – узгадвае катаванні алімпійскі прызёр Андрэй Краўчанка.

Урэшце да маладой сям’і проста дамоў прыехаў намеснік міністра спорту і турызму ў суправаджэнні двух дзюдаістаў ды пачаў пагражаць. Нашыя героі пастанавілі зʼехаць з Беларусі. Цяпер яны жывуць у Дуйсбурзе (Нямеччына), паспяхова інтэгруюцца, вывучаюць нямецкую мову.

Андрэй будзе працаваць трэнерам па лёгкай атлетыцы, а Яна працягне спартовую карʼеру. Праўда, за якую краіну яна будзе выступаць, пакуль не ведае. Але марыць на спаборніцтвах рэпрэзентоўваць новую Беларусь пад яе сапраўдным сцягам.

Таксама ў праграме «Беларускі свет»:

  • Лёс праваабаронцы, які выступаў супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу ў Берасці;
  • Як змагацца за дэмакратычную Беларусь у Італіі.

Праграма «Беларускі свет» выходзіць на «Белсаце» у аўторкі а 19:10. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн і ў архіве на нашай старонцы.

Belsat.eu