Пуцін вядзе гібрыдную вайну рукамі Лукашэнкі? «Прасвет» з Сяргеем Пелясою


Ці Уладзімір Пуцін вядзе гібрыдную вайну з Захадам рукамі Аляксандра Лукашэнкі – або беларускі рэжым самастойна атакуе суседзяў міграцыйным крызісам? Гэта галоўная тэма «Прасвету».

Прэзідэнты Літвы, Латвіі і Польшчы з трыбуны Генеральнай асамблеі ААН казалі пра Беларусь. Менавіта гэтыя дзяржавы атакаваў рэжым Лукашэнкі з дапамогаю міграцыйнага крызісу. Ён ужо прывёў да першых смяротных ахвяраў. Гібрыдная атака на мяжы Еўразвязу – яе прыдумалі ў Менску, ці за ёй стаіць Крэмль? Як можна развязаць гэты крызіс, разбіралася Вольга Міцкевіч.

Лукашэнка заявіў пра беларускую Вільню. Як рэагуюць у Літве?

Аляксандр Лукашэнка зрабіў скандальныя заявы пра беларускія Вільню і Беласток. Як гэтыя словы ўспрынялі ў Літве? Каментуе дэпутат Сейму Літоўскай Рэспублікі, старшыня Камітэту нацыянальнай бяспекі і абароны, Лаўрынас Кашчунас.

Лукашэнка капае сабе магілу ці павышае стаўку ў канфлікце з Захадам?

Рэжым Аляксандра Лукашэнкі працягвае псаваць дачыненні Беларусі з суседзямі. Ці міграцыйным крызісам ён капае сабе магілу ці наадварот, павышае стаўкі ў гульні, паказвае што з ім дорага сварыцца. Каментуе Анатоль Лябедзька, дырэктар Цэнтру Еўрапейскага Дыялогу.

Расея пасля выбараў. Ці будзе як у Беларусі?

Расея ў гэтыя дні жыве абмеркаваннем мінулых выбараў на якіх абралі новы склад Дзярждумы, а ў некаторых рэгіёнах і прадстаўнікоў мясцовых заканадаўчых сходаў і губернатараў. Яны завяршыліся цалкам прадказальным першым месцам для партыі «Адзіная Расея». Аднак шмат якія эксперты ўпэўненыя, што такі вынік, дасягнуты з дапамогай масавых фальсіфікацыяў, – нельга лічыць перамогай партыі Пуціна. Адкрытымі застаюцца пытанні: на якія крокі гатовыя пайсці ўлады, каб утрымаць кантроль над палітычнай арэнаю ў сваіх руках, і ці будзе ў Расеі – як у Беларусі? Сюжэт Святланы Аўчаровай.

Галоўная мэта рэжыму ў Менску ў міграцыйным крызісе

Ці польскі міністр замежных справаў Польшчы мог размаўляць з кіраўніком расейскай дыпламатыі Сяргеям Лаўровым пра міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі з Польшчаю? Якія перспектывы ў канфлікту Лукашэнкі з Захадам? Інтэрв’ю з польскім палітолагам Войцехам Каноньчукам, намеснікам дырэктара варшаўскага Цэнтру ўсходніх даследаванняў. Гэта ўрадавы аналітычны інстытут, якія даследуе дзяржавы былога Савецкага Саюзу.

Украінцы здзівілі супер зброяй на выставе ў Польшчы

Вайсковая прамысловасць дала свету аграмадную колькасць вынаходстваў: ад мікрахвалевай печкі да інтэрнэту. Адпаведна, і цяпер распрацоўванні ў галіне ўзбраення і вайсковай тэхнікі часам на некалькі крокаў апярэджваюць мірную навуку. Зміцер Міцкевіч асабіста паглядзеў на Міжнародным салоне абароннай прамысловасці ў польскім горадзе Кельцэ, як сучасныя тэхналогіі могуць змяняць сітуацыю на полі бою і па-за яго межамі.

Міжнародны тэлечасопіс «ПраСвет» з Алінаю Коўшык ды Сяргеем Пелясою глядзіце шточацвер а 21:35. Падпісвайцеся на «Прасвет» у профілях у Facebook і «Аднакласніках»! Глядзіце нас праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале і на нашай старонцы.

Фота на прэв’ю: Attila Husejnow / Zuma Press / Forum