Лукашэнка страціў кантроль над коштамі


Расея – крэдытор апошняй інстанцыі не толькі для дзяржавы, але і для беларускіх камерцыйных банкаў. Як санкцыі паўплываюць на банкаўскую сістэму, высвятляем у праграме «Эканоміка з Чалым».

Беларусы пачалі выносіць з банкаў свае дэпазіты. Як на ўвесь гэты працэс паўплывалі санкцыі? Тлумачыць эканаміст Сяргей Чалы:

«З аднаго боку, валютная пазіцыя камерцыйных банкаў пагаршаецца за кошт таго, што насельніцтва выносіць дэпазітныя пасівы. З іншага боку, магчымасць традыцыйнага каналу недзе за мяжой атрымліваць гэтыя грошы, у сувязі з санкцыйныя ціскам, таксама моцна абмяжоўваецца. Прычым менавіта фінансавыя санкцыі, з майго пункту гледжання, значна больш важныя, чым сектаральныя па прадпрыемствах. Бо яны працуюць наўпрост і ўплываюць на сэрца эканомікі».

Гэта азначае, што праз санкцыі банкі амаль губляюць здольнасць крэдытавацца і перакрэдытоўвацца. І не трэба забываць, што рэсурсная база банкаў уплывае на іх устойлівасць і магчымасць крэдытаваць рэальны сектар эканомікі.

«Ёсць ужо інфармацыя, хаця пакуль яна не моцна пацверджаная, што «Deutsche Bank» мае намер закрыць у «Беларусбанку» карэспандэнцкія рахункі ў доларах, еўрах, фунтах. Значыцца, сітуацыя такая, што спіс банкаў-карэспандэнтаў, з якімі працуюць беларускія банкі, даволі моцна скарачаецца. Там усё менш сур’ёзных сусветных банкаў і ўсё больш нейкіх дзіўных расейскіх банкаў», – дадае адмыслоўца.

Буйным банкам ужо не цікава сачыць кожны дзень за зменаю санкцыяў і рызыкаваць істотнымі стратамі.

Таксама ў праграме «Эканоміка з Чалым»:

  • Па кім бʼе кепскі ўраджай?
  • Што стымулюе рынак нерухомасці?
  • Замест пшаніцы расце інфляцыя

Belsat.eu