Сілавікі выгналі з Беларусі шматдзетную маці, бо яна насіла перадачкі палітвязням


Аліна – актывістка, маці чатырох дзяцей. Цяпер яна апынулася ў Польшчы, а муж паехаў на заробкі ў Нямеччыну. Усё таму, што сілавікі Лукашэнкі патэлефанавалі ёй і сказалі: «Цябе не мусіць тут быць». Як мы можам дапамагчы сям’і Аліны?

Са жніўня 2020 года сям’я Аліны не прапускала ніводнага маршу – з родных Стоўбцаў адмыслова ездзілі ў Менск на акцыі. Жылі, як прызнаецца гераіня, ад нядзелі да нядзелі. Дарэчы, сцяг з Якубам Коласам і жоўта-сіні стаўбцоўскі часта паказвалі ў нас на «Белсаце», чым мясцовыя ганарацца.

Слынны сцяг з Якубам Коласам.
Фота: «Беларус беларусу»

Маці і дачку першы раз асудзілі паводле народнага артыкулу 23.34 і прызначылі штраф на 50 базавых. Што гэта немаленькая сума для шматдзетнай сямʼі, усведамлялі нават дзеці.

Але і гэта не спыніла Аліну. Яна пайшла валанцёрыць – ажно паўгода дастаўляла перадачкі ў СІЗА. «Падапечнымі» Аліны былі ў тым ліку і актывісты, якія праходзілі ў «пінскай» справе.

«Аднойчы, калі я прыехала туды, а ў мяне ж шмат перадачаў (напрыклад, апошні раз я перадавала 14!) – усе міліцыянты ўжо ведалі, што я валанцёру, што я прывезла прадукты. І мне далі зразумець, што гэта будзе вельмі непажадана , – успамінае Аліна. – Аднойчы мне патэлефанавалі дзесьці а другой ці трэцяй ночы – я ўжо не памятаю – і сказалі, маўляў, цябе не мусіць тут быць».

Ад’езд быў імклівым і вельмі цяжкім.

У Польшчы Аліну першым часам падтрымалі валанцёры Мірнага дому. Больш за паўтары месяца яна была без дзяцей. І пераязджала 6 разоў. Усе давалі прытулак бясплатна. Але перыяд без дзяцей быў катастрафічны для актывісткі.

«Адарваная ад сваёй роднай зямлі, ад сваёй сямʼі, ад сваіх бацькоў. Кожны божы дзень мне сніўся наш сад, нашыя арэлі. Нашыя жывёліны, якія там засталіся ў вялікай колькасці. Дзеці, якія бегаюць… Гэта вельмі складана… Наогул, калі я прыляцела ў Варшаву, муж жартаваў: можна затапіць Варшаву тваімі слязьмі, бо ты не прасыхаеш», – успамінае Аліна.

Цяпер Аліна жыве з дзецьмі ў мястэчку Новая Руда, што ў трох гадзінах язды ад Вроцлава. Дом мае пячны абагрэў, на абслугоўванне каторага штодзень сыходзіць 5 гадзінаў! Праз гэта яна не можа ўладкавацца на працу і неяк фінансава ўтрымліваць сямʼю.

Аліна марыць, каб у яе быў цёплы дом і яна мела час паваланцёрыць. Яна жартуе, што асвоіла ў 40 гадоў новую прафесію – ацяпляльнік.

«Хацелася б цёплую кватэру. Няхай яна будзе меншая. Мы б засяліліся ў любое жытло абсалютна. Абы яно было цёплым. Я навучылася тут секчы дровы. Я ніколі іх не секла. У нас была кватэра ў Менску. Потым у Стоўбцах таксама быў газ», – дзеліцца Аліна.

Аліна ля печы.
Фота: скрыншот “Беларус беларусу” / “Белсат”

Столькі валіцца на нас. Але мы пэўныя, што галоўная радасць цяпер для ўсіх нас – гэта радасць салідарнасці.

І таму перакананыя, што Аліна знойдзе падтрымку ад вас. Гэта можна зрабіць з любога пункту свету. Публічна ці ананімна. Лістуйце да нас: belarus2belarus@gmail.com.

I памятайце: беларус беларусу – любоў, падтрымка і перамога!

Далучайцеся да нашых суполак у Facebook ды Instagram.

Дзе мы разам – там і Беларусь.

Праграму «Беларус беларусу» глядзіце кожную пятніцу а 18:30 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.