За шпацыр з парасонам затрымалі палову сям'і Міхайлавых


Дачку Уладзіміра Міхайлава Юлію абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыі з парасонамі – шпацыр адбыўся ў Менску за дзень да затрымання, шостага красавіка. Разам з Юліяй затрымалі і ейнага брата.

«Сын стаяў на прыпынку, ехаў у паліклініку, падышла да яго дачка. Пад’ехалі бусікі, – прыгадвае падзеі таго дня спадар Уладзімір. – Дачку забралі, а пасля і сына. Кажуць, забяром цябе для высвятлення асобы».

Юлію Міхайлаву пакаралі 25 соднямі адміністратыўнага арышту за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Але спадар Уладзімір кажа, што яна ў дзень шпацыру з парасонамі была ўдома. Сына Пятра, які накіроўваўся да лекара, пакаралі пяццю соднямі арышту.

Мaю прaвa
Дом з БЧБ-плотам размалявалі свастыкамі. Уласнікі падазраюць сілавікоў
2020.12.11 19:05

Сястра Юліі і Пятра ў гэты момант спрабавала да іх датэлефанавацца.

«У яе быў недасяжны тэлефон, таксама і ў брата, – распавядае Лілія Субач, сястра арыштаваных. – Пачала непакоіцца. Як выявілася, іх затрымалі».

Лілія таксама чакае суда. У той жа дзень, калі арыштавалі Юлію і Пятра, – сёмага красавіка – яе затрымалі побач з бацькоўскім домам.

«Выйшла на дарогу, пад’ехала невялічкае аўта, звычайнае такое. І мяне папрасілі праехаць у Цэнтральны РУУС, сілавікі паказалі свае пасведчанні. Я запыталася ў іх, у чым справа. Яны патлумачылі, што маюць падставы меркаваць, што я шпацыравала з парасонам. На месце, у Цэнтральным РУУС, і разбяруцца».

Мaю прaвa
Ахоўнік СІЗА сказаў: «Ты палітычны, ты тут здохнеш!»
2021.03.19 19:05

Таццяна Міхайлава, маці Юліі, Пятра і Ліліі, у той дзень была ўдома адная.

«У дзверы пагрукалі. Я падышла, там стаялі 10-15 асобаў. Мне паказалі пастанову на ператрус. Я разгубілася і не магла сканцэнтравацца, каб яе прачытаць, вельмі напужалася, – кажа спадарыня Таццяна. – Адчыніла ім дзверы, яны ўвайшлі і хуценька разбегліся па ўсім доме. Пачалі ператрус».

Ператрус доўжыўся чатыры гадзіны. Спадарыня Таццяна дасюль не ведае, што для яго сталася падставаю ды што ў яе шукалі.

«Адчынялі ўсе дзверцы, шафы, шукалі, ці няма тут нічога падазронага. Агледзелі ўсё адзенне. Вынялі сукенку. Патлумачылі тым, што нібы ў ёй антыдзяржаўная сімволіка».

Мaю прaвa
Нагавіцы – рэальная прычына затрымання гарадзенкі Любові Сарлай
2021.03.12 19:05

Апроч сукенкі міліцыянты вынялі два парасоны. А спадарыню Таццяну затрымалі.

«На судзе я даведалася, што мяне вінавацяць, што я нібы супраціўлялася, калі з дому ішла ў аўта, – прыгадвае Таццяна Міхайлава. – Мне прысудзілі пяць содняў арышту на Акрэсціна».

Нягледзячы на хваробу лёгкіх у спадарыні Таццяны, камеру, дзе яна сядзела, залівалі хлёркаю. Не гаворачы ўжо пра тое, што на чатыры ложкі ў камеры было дваццаць асобаў.

Мaю прaвa
Пенсіянерку падазраюць у тэрарызме
2021.01.22 19:05

Сяргей Усцінаў з праваабарончай арганізацыі «Прававая ініцыятыва» падкрэслівае, што ў гэткіх выпадках трэба абавязкова падаваць скаргу ў пракуратуру на ўмовы ўтрымання ў ізалятары часовага ўтрымання.

«Так! Мы з імавернасцю сто адсоткаў атрымаем адказ, што ўсё паводле заканадаўства. Тым не менш, пад кожным адказам будзе стаяць подпіс адказнай асобы, якая бяздзейнічае пры заяве аб катаваннях. Бяздзейнасць – гэта пакаранне паводле крымінальнага артыкулу. Пры змене рэжыму гэтыя асобы будуць прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці».

Артыкулы
Звольнены з БелАЗу інжынер не спыняе барацьбы
2021.04.16 20:05

У сям’і Міхайлавых сямёра дзяцей, старэйшыя цяпер жывуць за мяжою.

«На сёння ў Беларусі з дзевяці чальцоў нашае сям’і жывуць сямёра. І ў той дзень на чацвярых з нас былі складзеныя пратаколы», – падкрэслівае Лілія Субач.

Малодшую дачку таксама хацелі забраць, але не здолелі яе знайсці.

Такі сканцэнтраваны ціск на сям’ю Міхайлавы ўспрымаюць аптымістычна.

«Зразумела, што ёсць дзесяць запаветаў – не крадзь, не забівай, не чыні пералюбу, не кажы ілжывага сведчання… Гэта смяротныя грахі. Чалавек за гэта адкажа…Так, калі будзеш парушаць законы прыроды – калі скокнеш з хмарачосу – то разаб’ешся. Гэтак і тут. Парушаючы духоўныя законы, чалавек панясе адказнасць. Нішто не праходзіць без следу», – кажа на развітанне са здымачнаю групаю «Маю права» спадар Уладзімір, галава сям’і Міхайлавых.

Таксама ў праграме «Маю права»:

  • Як у Беларусі раскідваюцца выбітнымі адмыслоўцамі.
  • Ведай свае правы!.. Абмяркоўваем палітычныя звальненні.
  • За каментар у інтэрнэце забралі аўта і пагражаюць судом.

Праваабарончую праграму «Маю права»глядзіце кожную пятніцу а 19:05 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life»або ў закладцы «Праграмы»на нашай старонцы.