Амапавец прыйшоў на суд з мамай. За нібыта абразу супрацоўніка АМАПу рамесніцы далі два гады «хіміі»


Рамесніцу, маці дваіх дзяцей, Алену асудзілі паводле 369-га артыкулу за «абразу прадстаўніка ўлады» ў інтэрнэт-каментары. І пакаралі двума гадамі «хатняй хіміі», забавязаўшы выплаціць амапаўцу кампенсацыю 1000 рублёў. Таксама ў Алены сканфіскавалі прыватную тэхніку.

«Асудзілі мяне за тое, што я напісала каментар, як палічыла следства, абразлівы на адрас супрацоўніка АМАПу: «Дробны, гаўністы, трыбунал не за гарамі». На суд амапавец прыйшоў з мамай. І заявіў, што сваім каментаром я абразіла не толькі яго, але і ягоную маму і ўсіх ягоных родных», – дзеліцца гераіня.

Абвінаваўца ў справе – супрацоўнік АМАПУ Фёдараў Віталь Сяргеевіч. Паводле ягоных словаў на судзе, як сцвярджае Алена, дадзеныя названага амапаўца былі змешчаныя ў Тэлеграм-канале «Карнікі Беларусі».

Даведка

У старэйшага сына Алены дыслексія. І часта ўзнікаюць крытычныя эмацыйныя станы. Настаўнікі ў школе не спраўляюцца – і тады маці едзе і забірае сына дамоў. Часта трэба вазіць па дактарах. У сувязі з прысудам на гэтыя абавязкі таксама кладуцца абмежаванні, што можа завострыць праблему.

Пасля кансультацыі з Ігарам Комлікам, старшынём Менскай гарадской арганізацыі РЭП, былым «хімікам», Алена падзялілася сваймі ўражаннямі: «Самае жахлівае – гэта абмежаванні, якія не дазваляюць выходзіць у выходныя, ездзіць з дзецьмі, сустракацца з сябрамі… Свабоду абмяжоўваюць напоўніцу. Неяк гэта перажыву, добра, што не калонія».

Фота з сямейнага архіву

Апошнія вольныя дні Алена вырашыла правесці з дзецьмі. Яна марыць знайсці працу ў ўэб-дызайне ці хоць нейкую працу з запісам у працоўную кніжку. Гэта дазволіла б ёй хаця б у працоўны час выходзіць з хаты.

«Было здорава атрымаць замовы на нататнікі, упрыгожанні ці любыя іншыя! Як рамесніца я б з радасцю ажыццявіла іх, бо люблю сваю справу. Замовы б вельмі дапамаглі мне пратрымацца», – кажа Алена.

Гераіня шчыра прызнаецца, што сямʼя мае фінансаваныя праблемы і жыве на адзін невялікі заробак мужа.

Калі вы хочаце падтрымаць нашых герояў (гэта можна зрабіць як публічна, так і ананімна), звяртайцеся да нас: belarus2belarus@gmail.com.

І памятайце: беларус беларусу – любоў, падтрымка і перамога.

belsat.eu