Для каго ў Беларусі рыхтуюць бамбасховішчы?


«У Беларусі рыхтуюць бамбасховішчы, але пакуль не для звычайных людзей», – заявіў інсайдар, работнік жыллёварамонтнай эксплуатацыйнай арганізацыі, журналістцы Арыне Маліноўскай у праграме «Шчыра кажучы».

Работнік ЖРЭА ў Менску, які пагадзіўся размаўляць на ўмовах ананімнасці, заявіў, што яны атрымалі распараджэнне з адміністрацыі раёну: падрыхтаваць бамбасховішчы:

«Там мусіць быць усё неабходнае для камфортнага размяшчэння. Ад нас гэта святло, вада і чысціня. Прашу заўважыць, што бамбасховішчы не для людзей, а для кіраўніцтва. Месцазнаходжанні не разгалошваюцца, пра іх ведае толькі вузкае кола людзей».

Аналітыка
Дзе ў Беларусі ратавацца ад ракетаў і бомбаў? Інфармацыя пра сховішчы закрытая
2022.03.03 18:41

Таксама інсайдар распавядае, што ў іх ЖРЭА тэлефануе шмат асобаў са скаргамі на гул самалётаў і пытаннямі, дзе хавацца ад вайны, калі тая пачнецца і ў Беларусі.

«Тэлефоны проста разрываюцца ад званкоў усхваляваных грамадзянаў. Гэта пераважна пажылыя людзі і мамы ў дэкрэце. Калі я намагаюся ім патлумачыць, што я не валодаю такой інфармацыяй, што нашае прадпрыемства займаецца толькі зямлёю, а ўсё, што ў небе, – не нашая юрысдыкцыя, пачынаюцца лаянка і істэрыка з кіданнем слухаўкі», – распавядае працаўнік ЖРЭА.

Таксама ў праграме: ці здольная Беларусь самастойна забяспечваць сябе харчамі? Наколькі павысяцца кошты і ўпадуць заробкі? Ці можа Усход уратаваць замежны гандаль Беларусі? Якія спрыяльныя ўмовы могуць скласціся для беларускіх заводаў ва ўмовах крызісу? Ці спыняць вытворчасць прадпрыемствы?

Праграма «Шчыра кажучы» выходзіць штосераду а 19:05 у эфіры «Белсату», а таксама на нашым YouTube-канале.

Фота: s13.ru