Як Дзень Волі можа выратаваць ад прыходу «русcкого мира»


«БНР – фэйкавая дзяржава, і памятаюць пра яе толькі дробныя групы маргіналаў». Такі быў курс афіцыйных медыяў цягам многіх дзесяцігоддзяў. Але не заўсёды. Былі часы, калі ўлады, наадварот, спрабавалі рэанімаваць несавецкую гісторыю Беларусі. А чым была БНР насамрэч: першай беларускай дзяржавай ці інтарэсам групы актывістаў на грантах ад нямецкага кайзера? Высвятляем у праграме «Шчыра кажучы».

25 сакавіка – дзень, калі ў 1918-м Рада БНР упершыню ў гісторыі абвясціла незалежнасць Беларусі. Сёлета святкаванне гэтага дня, як і звычайна, забароненае ўладамі. Гэтак жа было і 35 гадоў таму, калі свята пачалі адзначаць яшчэ пры Савецкім Саюзе. Мастак Алесь Пушкін узгадвае, як вывеў 200 студэнтаў адзначыць Дзень Волі:

«Я прыйшоў к нашаму рэктару Васілю Пятровічу Шаранговічу. І кажу: «Васіль Пятровіч, трэба ў межах нашага інстытуту зрабіць выставу, я задумаў 12 плакатаў да Дня Незалежнасці 25 сакавіка, 71 год назад была абвешчана БНР». Ён кажа: «Не. Не дазволім гэтага». Я кажу: «Ах так, тады я зраблю за межамі інстытуту».

Пасля распаду СССР і да сярэдзіны 90-х Дзень Волі, можна сказаць, адзначаўся на дзяржаўным узроўні. У 1993 годзе на свяце прысутнічаў старшына Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь Станіслаў Шушкевіч. А ў 94-м – зоркі беларускай эстрады, у тым ліку Аляксандр Саладуха і Іна Афанасьева, крычалі са сцэны: «Жыве Беларусь!»

Святочны канцэрт транслявала ў жывым эфіры Белтэлерадыёкампанія. Цяпер дзяржаўнае тэлебачанне мае кардынальна іншую палітыку:

«Цяпер вакол Лукашэнкі сканцэнтравалася ўся маса «русского мира», усе яны там і засталіся, «русский мир». І вось тое, што мы бачым цяпер на тэлебачанні, гэта яскравыя прадстаўнікі «русского мира», так званая вата. (…) Многія кажуць, што вось галоўнае – звергнуць Лукашэнку. Не, гэта не галоўнае. Галоўнае не даць прыйсці да ўлады вось гэтаму рускаму свету, які вось зараз згуртаваўся вакол яго і ў пэўны момант, калі Пуцін дасць адмашку, яны яго падштурхнуць у яму, калі ён будзе супраціўляцца», – разважае Дзмітрый Семчанка, экс-кіраўнік прэзідэнцкага пулу ОНТ.

Таксама ў праграме «Шчыра кажучы»:

  • Самыя яскравыя святкаванні Дня Волі;
  • Што адбываецца ў закуліссі сёлетняга рыхтавання Дня Волі?

Калаж з фота: VASILY FEDOSENKO / Reuters / Forum

Belsat.eu