Інсайдары раскрываюць праўду пра стан беларускага войска


Беларускае войска – пагроза для ўсіх, хто ўздумае напасці на нашую краіну. Прынамсі так кажа Лукашэнка. Але ці згодныя з ім самі вайскоўцы? Пра гэта яны распавядаюць Арыне Маліноўскай у новым выданні праграмы «Шчыра кажучы».

Аўтары праграмы паразмаўлялі з былымі афіцэрамі, якія яшчэ нядаўна служылі ў беларускім войску, і яны падзяліліся звесткамі пра тое, у якім баявым стане цяпер узброеныя сілы. Кожны з іх найперш адзначаў дрэнны стан тэхнікі.

«З дзесяці адзінак баявой тэхнікі толькі дзве працоўныя, – распавядае Максім Дзенісевіч, былы камандзір узводу ўнутраных войскаў. – У выпадку выконвання нейкіх задачаў, здаецца, палова гэтых машынаў проста не даедзе да цэлі».

Былыя вайскоўцы адзначаюць, што востра стаяла праблема з пошукам запчастак, а была і тэхніка настолькі старая, што нават запчастак для яе ўжо не засталося. Аднак калі машыны ўдзельнічалі ў святочным парадзе, то іх хутка рамантавалі.

Колішнія вайскоўцы згадваюць, што кожны патрон у арміі – на ўліку. І калі патрон выпадкова згубіцца на вучэннях, то будзе доўгі разбор. Таму перастрахоўваліся і стралялі менш, чым было неабходна.

Баявая падрыхтоўка ў салдатаў праводзіцца часта толькі на паперы, дзеля справаздачы. На практыцы добра, калі за ўвесь час службы ў байцоў набярэцца месяц практычных заняткаў.

«Замест сапраўдных заняткаў баявой падрыхтоўкаю салдаты мятуць лісце, малююць бардзюры, чысцяць снег. Толькі калі раз на паўгода прыедзе нейкая праверка – і тое не факт, што яна прыедзе, – тады адбываецца нават не баявая падрыхтоўка, а дэманстрацыя баявой падрыхтоўкі».

На чым грунтуецца ідэалагічная падрыхтоўка салдатаў? Што маглі апрацоўваць на супольных з Расеяй вучэннях «Саюзная рашучасць»? Ці рыхтуецца беларускае войска да вайны перад так званым рэферэндумам? Адказы на гэтыя ды іншыя пытанні – глядзіце ў праграме.

Праграма «Шчыра кажучы» выходзіць штосераду а 19:05 у эфіры «Белсату», а таксама на нашым YouTube-канале.

Калаж з фота: Sergey Guneev/Kremlin, belsat.eu