Андрэй Саннікаў: «Былі магчымасці, каб 2020 год адбыўся ўжо ў 2010-м». Гісторыя беларускіх пратэстаў


Як фармавалася культура вулічных пратэстаў у нашай краіне? Чаму мяркуюць, што менавіта беларускія забастоўкі і мітынгі забілі цвік у труну Савецкага Саюзу? Як цягам 30 гадоў мянялася тактыка пратэстоўцаў? Глядзіце ў новым выданні «Шчыра кажучы» з Арынаю Маліноўскаю.

Леташнія паслявыбарчыя дэманстрацыі называюць самымі масавымі ў гісторыі Беларусі, а катаванні і пакаранні, якія атрымалі мітынгоўцы, – беспрэцэдэнтнымі. У выніку ж беларусы так і не дамагліся галоўнай мэты – сыходу Лукашэнкі.

Але так было не заўсёды. У гісторыі нашай краіны адбываліся пратэсты, калі дэманстранты атрымоўвалі тое, чаго патрабавалі. Прынамсі збольшага. Напрыклад, увесну 1991-га адбыліся масавыя страйкі рабочых. На вуліцы выйшлі сотні тысячаў працаўнікоў заводаў, якія змагаліся за павышэнне заробкаў і змяншэнне коштаў.

«Існуе такая версія, і яна блізкая да праўды, што працэсы калапсу Савецкага Саюзу запусцілі менавіта рабочыя ў Менску, якія выйшлі на гэтую стыхійную забастоўку, бо спынілі працу», – каментуе Аляксандр Ярашук, кіраўнік Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў.

У 1990-ыя пратэсты ўзнікалі ў розных гарадах і з розных прычынаў. Напрыклад, у Воршы рабочыя заблакавалі рух цягнікоў, бо не былі задаволеныя павышэннем коштаў. Або ў Горадні рабочыя маглі выйсці да абласнога выканкаму праз тое, што цэх на заводзе не ацяпляўся.

Усю гісторыю беларускіх пратэстаў – з канца 1980-х гадоў да выбараў 2020-га – згадваюць і каментуюць: кіраўнік Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук, былы старшыня Свабоднага прафсаюзу Беларускага Генадзь Быкаў, цяпер зняволены мастак Алесь Пушкін, кандыдаты на прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на выбарах 2006 і 2010 гадоў Аляксандр Мілінкевіч ды Андрэй Саннікаў, былыя дэпутаты Вярхоўнага Савету Аляксандр Дабравольскі ды Анатоль Лябедзька.

Праграма «Шчыра кажучы» выходзіць штосераду а 19:05 у эфіры «Белсату», а таксама на нашым канале YouTube-канале.

Фота: Вадзім Рымакоў / TASS / Forum