Падводзілі пад крымінальны артыкул за працу журналісткай


Незалежная журналістка папрасіла палітычнага прытулку ў Латвіі, а майстру музычных інструментаў сілавікі знявечылі пальцы. Пра гэта даведаемся ў праграме «Беларускі свет».

Наста Захарэвіч – незалежная журналістка, якую неаднаразова затрымлівалі падчас асвятлення акцыяў. Між іншага, яе вінавацілі ў тым, што яна скрала міліцэйскі вiдэарэгiстратар і нават прадала яго журналістам «Белсату». Але з дапамогай сваіх вiдэаздымкаў Захарэвіч даказала, што не мае ніякага дачынення да гэтых закідаў.

«Пятага лістапада мяне затрымалі на Маршы інвалідаў. Я бачыла, што вакол шмат міліцыянтаў у штацкім, што сітуацыя небяспечная. Я ўжо сыходзіла адтуль, я адарвалася, у прынцыпе, ад маршу, ішла ў бок метро. І ў нейкі момант спыніўся мікрабус, з якога выбеглі людзі ў чорным. № іх былі значкі, што гэта АМАП. Але ў мяне склалася ўражанне, што гэта быў не АМАП, бо іх фізічная форма не вельмі адпавядала таму, што мы думаем звычайна пра АМАП. (…) У другой адседцы быў складаны момант. За тое, што мы спявалі ў камеры, нас пакаралі тым, што без куртак вывелі на вуліцу», – згадвае Наста Захарэвіч.

На журналістку і ейных сваякоў пачалі ціснуць. Наста з’ехала ў Латвію і просіць там прытулку.

«Працуецца мне пакуль што вельмі складана, таму што, напэўна, узровень стрэсу вельмі вялікі пасля ад’езду. Хоць прайшло ўжо больш за два месяцы, але ўсё яшчэ цяжка настроіцца. Па-другое, ёсць такі фактар, што я яшчэ не на месцы, і шмат якую справу рабіць не магу, і гэта ў нейкай ступені дэмаралізуе. Таму што я разумею, што нейкія вельмі важныя рэчы я не магу рабіць, а рабіць штосьці не настолькі важнае – на гэта няма маральных сілаў».

Таксама ў праграме «Беларускі свет»:

  • Браты Андрэй і Раман з Пінску атрымліваю медычную дапамогу ў Чэхіі па праграме медычнай эвакуацыі «Medevac», аднаму з іх сілавікі наступалі на галаву і шыю ды знявечылі руку.
  • Лідар гурта «Псалмяры» апавядае, што агульнага паміж царом Ірадам і цяперашнім кіраўніком Беларусі.

Праграма «Беларускі свет» выходзіць на «Белсаце» ў аўторкі а 19:05. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн і ў архіве на нашай старонцы.

Belsat.eu