Якую будучыню для Беларусі рыхтаваў Сталыпін

Пётр Сталыпін (1862 – 1911) спрабаваў уратаваць расейскую манархію ад рэвалюцыі. Ад гэтых спробаў засталіся выразы «сталыпінскі вагон» і «сталыпінскі гальштук». А якое месца ў гісторыі Беларусі займае гэты чалавек?

У 1906 годзе Пётр Сталыпін заняў пасаду старшыні Рады міністраў – зрабіўся прэм’ер-міністрам Расейскай імперыі. Перад ім стаяла вельмі важная задача – суцішэнне рэвалюцыйных настрояў у дзяржаве. Для гэтага ён выкарыстаў і бізун, і пернік.

З аднаго боку, ён разгарнуў дзяржаўны тэрор, што бязлітасна распраўляўся з рэвалюцыянерамі-тэрарыстамі. Таму вяроўкі, на якіх вешалі асуджаных, пачалі называць «сталыпінскімі гальштукамі».

З іншага боку, разумеючы абʼектыўныя прычыны незадавальнення падданых цара, ён пачаў праводзіць аграрную рэформу. На задуму Сталыпіна, яна мусіла стварыць праслойку заможных сялянаў з вялікімі надзеламі зямлі. Гэта адвярнула б вёску ад рэвалюцыйных ідэяў і стварыла б надзейнае апірышча царскае ўлады. У межах гэтае рэформы сялянаў заклікалі перасяляцца на пустыя землі ў глыбіні імперыі. Каб адвозіць туды цэлыя сям’і са свойскай жывёлаю, сканструявалі адмысловыя вагоны, што атрымалі назоў «сталыпінскіх».

Сёння асобу Пятра Сталыпіна ўспрымаюць усё больш станоўча. У Горадні ўсталявалі мемарыяльную дошку ў ягоны гонар, бо ў 1902–1903 гг. ён быў гарадзенскім губернатарам.

Але дзеля чаго стараўся Сталыпін? Дзеля ўратавання манархіі. Што азначала для Беларусі ўратаванне ўлады дынастыі Раманавых? Як аграрную рэформу Сталыпіна праводзілі на беларускіх землях? Што яна Беларусі дала? Пра гэта пагавораць доктар гістарычных навук Аляксандр Краўцэвіч і кандыдат гістарычных навук Алесь Радзюк.

Праграма «Загадкі беларускай гісторыі» выходзіць на «Белсаце» кожны панядзелак а 18:50. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн і ў архіве на нашай старонцы.

Калаж з фота: commons.wikimedia.org

Больш матэрыялаў

Новая дата для Дня абаронцы Айчыны

Чаму палякі ў Літве гавораць па-беларуску

Ці можа Лукашэнка адмовіцца ад русіфікацыі?

Ад ВКЛ да Лукашэнкі: калі Беларусь была беларускаю?

Як ХХ ст. падрыхтавала беларусаў да незалежнасці

Паншчына: ад ВКЛ да Лукашэнкі

Што мусіў паабяцаць француз, каб стаць вялікім князем літоўскім?

Беларусь выратавалі сяляне