Польскія медыі ў шоку: беларус выштурхнуў аўтобус


Штурхнуць аўтобус за мяжой і зрабіць прамоцыю Беларусі, як беларусы Нямеччыны зладзілі больш за 100 акцыяў у падтрыманне Беларусі і што такое «Марафон 23.34», даведаемся ў праграме «Беларускі свет».

Здаецца, просты ўчынак зрабіў 28-гадовага беларуса вядомым амаль на ўвесь свет. Дзмітрый Салагуб практычна самастойна выпхаў гарадскі аўтобус на заснежанай вуліцы польскай сталіцы.

«Пачаў штурхаць аўтобус, не вельмі выходзіла. Потым падыходзіць журналіст, спрабаваў у мяне нешта запытацца. Я сказаў журналісту: давай піхай – і мы яго запіхалі. Зрабіў учынак, здаецца, звычайны, але ў людзей тут гэта выклікае здзіўленне», – распавядае Дзмітрый.

А яшчэ Дзмітрый вядомы як белы палярны мядзведзь, у касцюме якога ён аб’ехаў палову Еўропы і не збіраецца спыняць свайго падарожжа далей па ўсім свеце. У Польшчы ў касцюме белага мядзведзя Дзмітрый танчыць на акцыях салідарнасці з Беларуссю ў Варшаве, а таксама наведаў лагер уцекачоў.

«Мне падабаецца выходзіць з зоны камфорту, і з гэтай прычыны я мяняю краіны. Калі мне становіцца камфортна ў краіне, я ці то пераязджаю ў іншы горад, дзе няма ні знаёмых, ні сяброў. […] Не важныя для мяне нацыя, колер скуры, нацыяналізм для мяне не грае ніякай ролі. Проста ты мусіш заставацца чалавекам заўсёды. Не важна, маленькі ты ці вялікі, тоўсты ці худы, стары ці малады», – тлумачыць сваю пазіцыю Дзмітрый Салагуб.

За свой учынак Дзмітрый бясплатна атрымаў трохмесячны праязны білет на грамадскі транспарт у Варшаве.

Таксама ў праграме «Беларускі свет»:

  • Беларус з Гомля стварыў альтэрнатыўную амбасаду ў Берліне. Кожны дзень ён прыходзіць туды, каб выдаваць усім ахвотным БЧБ-пашпарты.
  • У Львове беларусы зладзілі марафон салідарнасці і прабеглі дыстанцыю 23,34 км, бо менавіта паводле арт. 23.34 у Беларусі пакаралі больш за ўсё людзей, якія выказваліся супраць дзейнай улады.

Праграма «Беларускі свет» выходзіць на «Белсаце» ў аўторкі а 19:05. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн і ў архіве на нашай старонцы.

Belsat.eu