Пераймаецеся, што перайсці на беларускую мову няпроста, нецікава ці гэтаму не спрыяе асяроддзе? Усё зусім не так страшна. Вы пераканаецеся ў гэтым, калі паслухаеце гісторыі нашых герояў, якія нядаўна паспяхова зрабіліся беларускамоўнымі.
21 лютага, у Дзень роднай мовы, мы знайшлі трох чалавек, якія нядаўна пачалі размаўляць па-беларуску, каб спытаць, як у іх гэта атрымалася. Гэта HR-спецыялістка і настаўніца іўрыту Алена Пяхота, маркетолаг Кацярына Сазонава ды айцішнік Артур Казлоўскі.
Кожны з іх рознымі шляхамі прыйшоў да беларускай мовы. Для кагосьці штуршком была размова з іншымі беларускамоўнымі людзьмі, хтосьці быў зачараваны песнямі гурту «Nizkiz», а кагосьці натхніла кніга Андруся Горвата «Радзіва «Прудок». Дзённік».
Гэтыя людзі розныя, але ёсць нешта, што іх абʼядноўвае. Гэта жаданне вывучыць родную мову нанова. Яны падзеляцца, як у іх усё атрымалася і што новага адкрылі яны, вывучаючы беларускую.
Калі вам таксама ёсць што расказаць пра шлях да беларускай мовы, напішыце нам на адрас movananova.by@gmail.com і вы станеце госцем наступнай праграмы «Мова нанова».
«Мова нанова», у сваю чаргу, да Дня роднай мовы падрыхтавала для гледачоў падарунак: 12 фактаў пра беларускую мову.
У граматычнай частцы мы абгрунтавана патлумачым, у чым усё ж палягае сакрэт мілагучнасці нашай мовы.
Вядоўцы праграмы – Глеб Лабадзенка і Алеся Літвіноўская.
Адукацыйную праграму «Мова Нанова» глядзіце кожную нядзелю а 20:20 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва – «Sirius4»), онлайн або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.