АЭС – каштоўнае набыццё ці крыніца бясконцых стратаў? Расследаванне «Белcату»


Беларуская АЭС працуе год з рэгулярнымі аварыйнымі спыненнямі. Улады Беларусі не надта каментуюць пазапланавыя адключэнні. Але каманда журналістаў-расследавальнікаў з праграмы «Давайце разбірацца» дзякуючы эксклюзіўнаму зліву, атрыманаму ад кіберпартызанаў, даведалася, у якім стане і з якімі недахопамі працуе беларуская атамная станцыя.

БелАЭС запусцілі з тысячамі недахопаў, якія выклікала спешка і неадпаведная кваліфікацыя будаўнікоў. За першы год працы станцыю адключалі ад сеткі прынамсі 8 разоў. Паводле падлікаў аўтараў праграмы сумарна яна прастойвала прыкладна 40 % ад усяго свайго працоўнага часу. Паводле ацэнкі беларускага эколага-эканаміста Таццяны Новікавай і эксперта ГА «Экадом» Паўла Гарбунова, кожны дзень прастою аднаго рэактару Астравецкай АЭС каштуе $ 2,34 млн. Атрымліваецца, аварыйныя спыненні на беларускай станцыі сумарна каштавалі $ 348,7 млн. Самае працяглае спыненне станцыі – амаль на тры месяцы – адбылося гэтымі летам-восенню.

Калі першы энергаблок уключылі ў сетку, чыноўнікі толькі патлумачылі, што праводзілі дыягностыку тэхналагічных сістэмаў і вузлоў турбагенератару. Пра прычыны інцыдэнту ніхто не распавёў. Аднак кіберпартызаны перадалі аўтарам праграмы дакументы, якія, магчыма, і раскрываюць прычыны частых збояў. У атрыманых звестках – 18 тыс. выяўленых недахопаў першага блоку. На кастрычнік 2021 года пяць тысяч з іх не былі зліквідаваныя.

«З такой колькасцю недапрацовак пераводзіць энергаблок з вопытна-прамысловай эксплуатацыі ў прамысловую ніякага сэнсу не было», – упэўнены фізік-ядравік Андрэй Ажароўскі.

Недахопы зафіксавалі «Дзяржбуднагляд», «Дзяржатамнагляд», МНС ды іншыя органы кантролю. Эксперты адзначаюць, што дакумент выглядае толькі як частка заўваг, якія датычаць пераважна пусканаладачных працаў і дапаможных сістэмаў 1-га энергаблоку і не закранаюць рэактара.

«Гэта вельмі дзіўна, што замоўца пайшоў на запуск энергаблоку з такой колькасцю недапрацовак», – упэўнены Андрэй Ажароўскі.

У пачатку снежня спіс дэфектаў АЭС абнавіўся. Цяпер ён утрымлівае каля 3 тыс. заўваг.

Якія наступствы могуць мець сур’ёзныя дэфекты на БелАЭС? Ці могуць яны прывесці да ядравай катастрофы? Куды пойдзе экспарт беларускай электрычнасці, якую плануе вырабляць БелАЭС, – глядзіце ў праграме «Давайце разбірацца» з Вольгай Ратміравай і Алесем Ярашэвічам.

Калаж з фота: Sergei Bobylev / Forum, Natalia Fedosenko / TASS / Forum

belsat.eu