Чаму Захад рэагуе так позна? «ПраСвет» з Алінаю Коўшык


Глядзіце ў выданні:

Ці рэферэндум пахавае Лукашэнку?

Праз паўгода пасля пачатку беларускім рэжымам міграцыйнага крызісу, Еўразвяз разглядае магчымасць мацнейшае рэакцыі. Гаворка і пра чарговы санкцыйны пакет, і ўдар па пасярэдніках, што дапамагаюць уладам перавазіць уцекачоў у Беларусь. Еўропа зноў рэагуе, і зноў – кажуць крытыкі – надта позна. Ці ведаюць на калектыўным Захадзе, як планаваць дачыненні з беларускім рэжымам – высвятляў Усевалад Шлыкаў.

Інтэрв’ю з Анатолям Лябедзькам. Як ціснуць на рэжым, і якія інструменты могуць дапамагчы?

Анатоль Лябедзька перакананы, што мы можам рабіць больш. Літаральна днямі прайшло супольнае паседжанне Камітэту міжнародных справаў і групы «За дэмакратычную Беларусь» літоўскага Сейму і прадстаўнікоў дэмакратычнай супольнасці Беларусі. Такія мерапрыемствы ладзяцца амаль 10 гадоў, з часу ўтварэння адмысловай парламенцкай групы для Беларусі. Чаму гэтыя групы сяброў асабліва важныя сёння? Інтэрв’ю Аліны Коўшык з прадстаўніком Святланы Ціханоўскай у пытаннях новай Канстытуцыі і дырэктарам цэнтру «Еўрапейскі дыялог» Анатолем Лябедзькам.

НАТО-Расея: Гарачай вайны не будзе?

Саюзная дзяржава Расеі і Беларусі патрабуе новую вайсковую дактрыну, і на гэты крок Крэмль змушае палітычны і эканамічны ціск Захаду. Так кажа міністр абароны Расеі Сяргей Шайгу. Ці гэта адбываецца на фоне разрыву дыпламатычных дачыненняў паміж Паўночнаатлантычным Альянсам і Крамлём і шпіёнскага скандалу? Што гэта азначае для Беларусі? Ці будуць новыя вайсковыя базы? Разбіралася Вольга Міцкевіч.

Што рабіць, калі за мяжой скончваецца беларускі пашпарт? Інтэрв’ю з Крысцінай Шыянок

Дзяржава зрабілася ворагам сваім жа грамадзянам. У беларусаў, якія цяпер за мяжой, пагражаюць забраць грамадзянства. Юрысты кажуць, што гэта супрацьзаконна, але ў краіне, дзе не працуе закон, немагчымыя рэчы – магчымыя. Ёсць яшчэ адна праблема, з якой усе часцей сутыкаюцца беларусы за мяжой, – сканчэнне тэрміну дзеяння пашпарта. Што рабіць у такой сітуацыі? Інтэрв’ю з Крысцінай Шыянок, прадстаўніцай нашай дыяспары ў Чэхіі.

Украіна – спонсар Лукашэнкі?

Не кожная краіна Еўразвязу можа наважыцца на поўнае разарванне дачыненне з Беларуссю. Што тады казаць пра Украіну? Беларусь з суседкай – залежныя адна ад адной. Але наколькі і ў чым? Ці можа Украіна ўвогуле спыніць кантакты з рэжымам Лукашэнкі? Што пераважае – падтрыманне зменаў ці палітычны прагматызм? Матэрыял Яны Шэк.

Міжнародны тэлечасопіс «ПраСвет» з Алінаю Коўшык ды Сяргеем Пелясою глядзіце шточацвер а 21:40. Падпісвайцеся на «Прасвет» у профілях у Facebook і «Аднакласніках»! Глядзіце нас праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале і на нашай старонцы.

Фота: POOL / Reuters / Forum