Рэжым вісеў на валаску. Чаму Лукашэнка перамог? Зянон Пазняк – у «Прасвеце» з Сяргеем Пелясою


Тэмы праграмы:

Новыя рэпрэсіўныя законы і ўзмоцнены Савет бяспекі. Што задумаў дыктатар?

Лукашэнка ўзаконьвае крайнія рэпрэсіі супраць беларусаў: фактычна дазваляе сілавікам расстрэльваць людзей проста на вуліцах без ніякай адказнасці. І ў той жа момант дыктатар прасоўвае пашырэнне паўнамоцтваў Савету бяспекі. На што скіраваныя гэтыя захады і якой рэакцыі чакаць ад беларусаў? Адказ шукаў Зміцер Міцкевіч.

Лукашэнка ў першую чаргу кіруецца сваёй паранояй. Інтэрв’ю з Зянонам Пазняком, старшынём КХП БНФ.

Аналагаў лукашысцкага рэжыму ў свеце няма і ў гісторыі не было. Нават у Паўночнай Карэі ёсць перспектывы, але не ў нас. Паводле першапачатковага плану, Уладзімір Пуцін павінен быў падтрымаць змену ўлады, але не падтрымаў. Цяпер Лукашэнка паслядоўна помсціць усім, хто з ім не згодны. Сітуацыю ў Беларусі і вакол яе каментуе Зянон Пазняк, старшыня Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ, лідар апазіцыі ў Вярхоўным Савеце Беларусі ХІІ склікання.

Поўная версія інтэрв’ю (39 хв.) з Зянонам Пазняком на YouTube.

Рэжым забівае TUT.by ці крадзе яго?

Літоўскі міністр замежных справаў Габрыелюс Ландсбергіс прапанаваў найбуйнейшаму ў Беларусі медыярэсурсу TUT.by дапамогу ў размяшчэнні ў Літве. Гаворка пра пераезд часткі журналістаў або цэлай фірмы: варыянты падатковага паслаблення для бізнесу з нашай краіны цяпер распрацоўваюць у адмысловым законапраекце. Існаванне медыяхолдынгу застаецца пад пытаннем пасля ўварвання сілавікоў у офісы і жытло некаторых яго працаўнікоў ды распачынання крымінальнай справы. Чым скончыцца барацьба ўладаў з незалежнай інфармацыяй? Ці зможа TUT.by працягнуць працу і не страціць незалежнасці? Аналізавала Юлія Лабанава.

Амерыканскія вучэнні, якімі пужаў Лукашэнка

У Эстоніі пачаліся маштабныя 3-тыднёвыя вайсковыя вучэнні «Веснавы шторм». Гэта частка амерыканскіх манеўраў «Defender Europe». Задзеяныя каля сямі тысяч вайскоўцаў з розных дзяржаваў NATO, а таксама некалькі сотняў адзінак тэхнікі. Іншыя вучэнні, звязаныя з «Defender Europe», – у Румыніі. Там, у Чарнаморскім рэгіёне, у манеўрах бяруць удзел турэцкія сілы хуткага рэагавання. Якую рызыку адпрацоўваюць сілы Паўночнаатлантычнага альянсу і ці нечым гэта пагражае Беларусі? Высвятляла Наста Ільіна. Каментуе генерал-лейтэнант у адстаўцы Бэн Годжэз, былы камандуючы войскамі ЗША ў Еўропе.

Міжнародны тэлечасопіс «ПраСвет» з Алінаю Коўшык ды Сяргеем Пелясою глядзіце шточацвер а 21:35. Падпісвайцеся на «Прасвет» у профілях у Facebook і «Аднакласніках»! Глядзіце нас праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале і на нашай старонцы.