Літоўцы б’юць трывогу. Ці можа АЭС у Астраўцы паўтарыць лёс Чарнобылю?

Палітычны крызіс і каронавірус адцягнулі ўвагу грамадскасці ад жыццёва небяспечных працэсаў. Увод у эксплуатацыю Беларускай АЭС у Астраўцы адбываецца незаўважна. Літоўцы тым часам выдаюць жыхарам сваёй краіны інструкцыі і медыкаменты на выпадак надзвычайнага становішча.

Напярэдадні 35-й гадавіны чарнобыльскай катастрофы эксперты ў студыі ток-шоу «Кожны з нас» не толькі прыгадваюць трагічную дату, але і абмяркоўваюць, ці можа падобнае паўтарыцца з Астравецкай АЭС. Некаторыя госці студыі дапускаюць гэткую імавернасць. Нагадаем, што Чарнобыль, які выбухнуў 26 красавіка 1986 года, – самая буйная тэхнагенная катастрофа ў гісторыі чалавецтва. На яе ліквідацыю выдаткавалі блізу 235 мільярдаў долараў, колькасць ахвяраў, паводле розных ацэнак, вагаецца ад 200 тысяч асобаў да мільёна.

Ні дыягназу, ні інваліднасці, ні пенсіі: чарнобыльцы распавялі, як іх ашукала дзяржава

Эксперты блоку «за АЭС» кажуць, што новая атамная станцыя істотна адрозніваецца ад савецкай, чалавечы фактар зведзены да мінімуму. Да таго ж яна, маўляў, эканамічна мэтазгодная. Апаненты прыводзяць аргументы на карысць таго, што нават у самых развітых краінах свету ў апошнія дзесяцігоддзі даходзіла ці амаль даходзіла да аварыяў. А Беларускую АЭС у Астраўцы будавалі ідэйныя нашчадкі тых, якія давялі да катастрофы ў Чарнобылі. З эканамічнага гледзішча, на думку экспертаў з блоку «супраць АЭС», больш выгадна закрыць АЭС, чым эксплуатаваць. У праграме бярэ ўдзел літоўскі палітолаг Віціс Юрконіс, які акрэслівае прэтэнзіі сваёй краіны да Беларускай атамнай станцыі. Апроч пытанняў бяспекі эксперт лічыць АЭС у Астраўцы расейскім праектам. Адпаведна – ён уцягвае Беларусь у залежнасць ад РФ, нягледзячы на пэўную энергетычную дыверсіфікацыю.
Ліквідатары і сведкі Чарнобыльскай катастрофы згадваюць падзеі 1986 года. Тады дзяржаўная прапаганда злачынна замоўчвала трагедыю, часам людзі атрымлівалі смяротна небяспечныя дозы радыяцыі праз адсутнасць інфармацыі. На выпраўленне катастрофы кінулі сотні тысяч беларусаў. З ліквідатараў аварыі на сёння жыве прыкладна кожны сёмы. Пры гэтым беларускіх ліквідатараў пазбавілі амаль усіх ільготаў. Засталося толькі 25 рублёў дадатку да пенсіі і магчымасць без іспытаў паступаць ва ўніверсітэты (хоць бальшыні ацалелых ліквідатараў ужо далёка за 60).
У праграме бяруць удзел старшыня партыі «Зялёныя» Дзмітрый Кучук, ліквідатар аварыі на ЧАЭС Адам Варанец, экс-банкір, эканамічны эксперт КСДС Уладзіслаў Кацарэнка, ліквідатар, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай арганізацыі «Саюз-Чарнобыль» Аляксандр Валчанін, эколаг, сябра рады ГА «Экадом» Ірына Сухій.

Праграма «Кожны з нас» выходзіць штосераду а 18:30. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» і на нашай старонцы.

Больш матэрыялаў

Пры ўсёй нябачнасці пратэстаў супраціў не меншае, а толькі расце

«Выбары сфальсіфікаваныя. І што?» Скандальны выпуск ток-шоу «Кожны з нас»

Замах на Лукашэнку можа рыхтаваць толькі Расея

Як у Кітаі: Лукашэнка рыхтуе сабе пажыццёвае месца ва ўладзе

Стварэнне новай партыі «Разам» расколвае і дэкансалідуе дэмакратычныя сілы?

Ці вядуць перамовы Захад і РФ пра лёс Лукашэнкі?

Якія памылкі часу БНР трэба ўлічваць сёння

Факты і міфы пра нацыянальную сімволіку