АБСЕ: сіла, якая можа спыніць вайну


У сувязі з дзеяннямі расейскіх уладаў на ўсходзе Украіны Польшча, якая старшынствуе ў АБСЕ, абвесціла тэрміновы сход Пастаяннай Рады гэтай арганізацыі. На паседжанні выступіць кіраўнік адмысловай маніторынгавай місіі АБСЕ, якая адсочвае сітуацыю на Данбасе. Чаму гэта важна? Зусім побач з намі ў любы момант можа пачацца вайна. Чаму так? Чаму міжнародныя інстытуты не гарантуюць міру? Пра гэта сёння мы пагаворым у «Глабальным пытанні». І больш пільна зірнём на АБСЕ.

Чаму менавіта АБСЕ – Арганізацыю бяспекі і супрацы ў Еўропе? Напрыклад, таму, што апошнімі днямі гэтая арганізацыя адсочвае тысячы парушэнняў рэжыму прыпынення агню ў Данецкай і Луганскай вобласцях, на лініі размежавання расейскіх гібрыдных сілаў ДНР і ЛНР – і Узброеных сілаў Украіны. Праўда, Масква абвінавачвае Спецыяльную маніторынгавую місію АБСЕ ў няправільнай падачы інфармацыі. Як заявіў Сяргей Лаўроў, на баку ДНР і ЛНР разбурэнняў ад абстрэлаў у тры разы больш.

«Калі Спецыяльная маніторынгавая місія асвятляе падзеі апошніх дзён, мы звяртаем увагу, што яна робіць гэта безасабова, толькі адзначаючы вялікую колькасць абстрэлаў і разбурэнняў. СММ не пазначае, хто вядзе асноўныя абстрэлы і дзе асноўная частка разбурэнняў», – абураўся міністр замежных справаў РФ.

Каб усё было ясна, Украіна папрасіла Нямеччыну і Францыю ўзмацніць маніторынгавую місію АБСЕ на Данбасе. Місія дзейнічае там даўно, і яе чальцы ўвесь час рызыкуюць сваім жыццём, нагадвае праваабаронца Андрэй Стрыжак. Заснавальнік фонду «BySol» з 2015 па 2020 быў дакументатарам ваенных злачынстваў, працаваў у зоне канфлікту на Данбасе ў місіі, паралельнай АБСЕ, і бачыў іх працу – адсочванне ваенных злачынстваў і парушэнняў Менскіх пагадненняў.

«Гэта велізарныя джыпы, часта браняваныя, абавязкова па 2 машыны. Гэта шмат людзей, якія прыязджаюць і пытаюць нешта… Яны ўсталёўваюць спецыяльныя камеры. Па гэтых камерах сепаратысты страляюць, каб не было відэафіксацыі», – распавядае Стрыжак.

На камеру расейскага тэлебачання баевікі ДНР і ЛНР усяляк дапамагаюць назіральнікам. А на справе абстрэльваюць беспілотнікі, каб тыя не зафіксавалі забароненай бранятэхнікі, ды могуць спаліць машыны АБСЕ проста пасярод Данецку.

«А палове на трэцюю ночы Спецыяльная маніторынгавая місія заўважыла некалькі машынаў у агні на паркоўцы каля офісу назіральнікаў. Як вынік, 4 аўтамабілі згарэлі. Ідзе расследаванне. У місіі няма планаў зʼязджаць з Данецку на гэтым этапе», – заяўляў у 2015-м годзе Александэр Гуг, тады кіраўнік місіі АБСЕ ва Украіне.

Андрэй Стрыжак нагадвае, што назіральнікі АБСЕ маюць высокія патрабаванні да ўзроўню бяспекі. Таму намагаюцца не рызыкаваць дарма. Але некалькі чалавек з місіі ўжо загінулі на Данбасе.

«Мінулы кіраўнік місіі АБСЕ быў адным з першых, хто прыехаў на месца крушэння «Боінгу». І ён абсалютна спакойна хадзіў сярод гэтых камбатантаў з незаконных узброеных фармаванняў – і разумеў, што ў яго няма ніякіх гарантыяў бяспекі. Але ён паехаў туды», – прыгадвае праваабаронца.

Спецыяльная маніторынгавая місія – гэта не ўзброеныя міратворцы ААН. Іхная справа – пошук і фіксацыя інфармацыі.

«Іхны мандат – толькі добраахвотная супраца з тым бокам, што мусіць іх прыняць…

Мы ведаем, што расейскі бок, бок сепаратыстаў, не пускае іх на той бок, дзе трэба праводзіць кантроль, не паказвае сапраўднай сітуацыі», – распавядае Пятрас Аўштравічус, кіраўнік дэлегацыі Еўрапарламенту ў стасунках з Беларуссю.

Місія не дзеліцца сабранай інфармацыяй на месцы, а перадае яе далей, каб былі прынятыя пастановы на палітычным узроўні.

«Калі ты хочаш нейкую інфармацыю атрымаць, што збірае сама місія АБСЕ, то ты гэтага не атрымаеш. Толькі афіцыйнае камюніке, што выдаецца кіраўніком місіі або прэсавым сакратаром. І на прыватным, асабістым узроўні ў іх таксама ёсць абмежаванні, яны не могуць раскрываць інфармацыі», – тлумачыць Андрэй Стрыжак.

А на палітычным узроўні інфармацыя аб парушэннях міжнароднага права становіцца вядомай усім дзяржавам-удзельніцам.

АБСЕ – найбуйнейшая ў свеце рэгіянальная арганізацыя, у яе ўваходзяць 57 дзяржаваў не толькі Еўропы, але і Цэнтральнай Азіі і Паўночнай Амерыкі – ад Канады да Манголіі. І, вядома ж, Беларусь. Партнёры АБСЕ – дзяржавы Блізкага Усходу і Паўночнай Афрыкі, некалькі азіяцкіх краінаў і Аўстралія.

Штаб-кватэра арганізацыі месціцца ў Вене. А ў сталіцы суседняй для нас Польшчы размешчаны галоўны офіс Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ) – пры АБСЕ.

«Яна дапамагае дзяржаве і грамадству ўдасканаліць дзеянне дэмакратычных інстытутаў увогуле. І правядзенне электаральных кампаніяў і рэферэндумаў у прыватнасці. Плюс барацьба з дыскрымінацыяй самых разнастайных групаў. Гэта вяршэнства права», – тлумачыць Яўген Красулін, спецыяліст у нееўрапейскіх цывілізацыях.

АБСЕ дзейнічае там, дзе жыве больш за мільярд чалавек. Каб краіны-ўдзельніцы імкнуліся да міру, стабільнасці ды бяспекі, арганізацыя займаецца наступнымі задачамі: кантроль распаўсюду ўзбраення, дыпламатычныя дзеянні для перадухілення ці залагоджвання ўзброеных канфліктаў, захады для будаўніцтва даверу і бяспекі між дзяржавамі. Экалагічная бяспека стаіць на адным узроўні з эканамічнай, што мае на ўвазе ўстойлівае развіццё гаспадаркі. У людскім вымярэнні АБСЕ ў меру магчымасцяў абараняе правы чалавека, спрыяе развіццю дэмакратычных інстытутаў і дапамагае праводзіць празрыстыя і справядлівыя выбары ды фіксуе выбарчыя парушэнні.

Беларусаў гэта таксама датычыцца. Менавіта пад эгідай АБСЕ ў Менску была створаная Кантактная група мірнага ўрэгулявання на ўсходзе Украіны. У тым ліку, каб арганізаваць абмены ваеннапалоннымі. АБСЕ звычайна сочыць і за буйнымі вайсковымі вучэннямі ў Беларусі.

«Мы вельмі радыя, што Беларусь запрасіла назіральнікаў з Арганізацыі бяспекі і супрацы ў Еўропе. Гэта знак адкрытасці і празрыстасці», – казала нарвежская вайсковая назіральніца на вучэннях «Захад-2017».

Гэта робіцца ў тым ліку для таго, каб супакоіць суседнія дзяржавы, што ўваходзяць у АБСЕ, але трывожацца з прычыны канцэнтрацыі войскаў ля сваіх межаў. На гэтым тыдні Латвія, Літва і Эстонія паўторна зрабілі запыт праз АБСЕ з просьбай зладзіць паседжанне з Беларуссю ў сувязі з незвычайнай вайсковай актыўнасцю – буйнымі вучэннямі «Саюзная рашучасць». У Беларусі на гэтых манеўрах разгарнулася 30-тысячная расейская вайсковая групоўка.

«Ніводнага вайскоўца, ніводнай адзінкі баявой тэхнікі не застанецца пасля гэтых вучэнняў. Пра гэта заяўлена і на ўзроўні Міністэрства абароны, пра гэта заявіў і Аляксандр Лукашэнка. Пра гэта заявіў беларускі бок у межах розных мерапрыемстваў у межах АБСЕ», – абяцаў міністр замежных справаў Беларусі Уладзімір Макей.

Праўда, потым Аляксандр Лукашэнка сказаў усё наадварот:

«Прымем рашэнне – выведзем за содні. Прымем рашэнне месяц – будуць стаяць месяц. Колькі трэба, столькі будуць знаходзіцца тут узброеныя сілы».

У выніку пасля сканчэнне вучэнняў расейскія войскі засталіся ў Беларусі.

Расея сабрала ўдарную групоўку вакол Украіны, адначасова патрабуючы ад Злучаных Штатаў і блоку NATO прыняць ультыматум, галоўны сэнс якога – не пускаць Украіну ў Паўночнаатлантычны альянс.

«У нас ёсць паняцце: пацан сказаў – пацан зрабіў. Прынамсі «паняцці» мусяць выконвацца і на міжнародным узроўні», – тлумачыў крымінальную логіку Сяргей Лаўроў у інтэрвью расейскім журналістам.

І Расея таксама ўваходзіць у АБСЕ, таму па-сапраўднаму націснуць на Маскву і прымусіць яе да міру арганізацыя не можа.

«Вельмі часта часткай гэтых арганізацыяў ёсць агрэсар, або той бок, што займаецца разгортваннем канфлікту. І гэты бок абструкцыяй, неэфектыўнай дзейнасцю і стварэннем групаў падтрымання робіць усё, каб адкладваць развязанне гэтага пытання», – тлумачыць Пятрас Аўштравічус.

Такая ж сітуацыя і ў іншых міжнародных арганізацыях.

«У той жа Радзе Бяспекі ААН існуе права вета, шмат якія ініцыятывы проста блакуюцца. Гэта не вельмі эфектыўна працуе», – нагадвае еўрадэпутатка ад Эстоніі Яна Тоом.

«Голас такіх дзяржаваў, як Расея, асабліва з правам вета, гэта нібыта тэрарысты захапілі дзяржаўны будынак – і там ніхто не можа нічога вызначаць», – мяркуе экс-міністр абароны Літвы Раса Юкнявічыене.

Але вернемся ў Беларусь. У нас ідзе рыхтаванне да так званага канстытуцыйнага рэферэндуму 27-га лютага, але назіральнікаў ад АБСЕ на яго запрашаць не будуць. Як заявіў той жа Уладзімір Макей, гэта не мае сэнсу, бо справаздачы місіі паводле вынікаў электаральных кампаніяў напісаныя заруней і палітычна матываваныя. У БДІПЧ АБСЕ лічаць наадварот: рэжым Аляксандра Лукашэнкі насамрэч праводзіць несумленныя выбары.

«Вынікі не выклікаюць абсалютна ніякага даверу, бо назіральнікі не бачылі, што адбываецца пасля галасавання, як лічацца галасы, яны не мелі магчымасці бачыць самі бюлетэні, ім гэта не было прадэманстравана, усё рабілася масава», – так назіральнік ад АБСЕ Вадзім Вілейта распавядае пра прэзідэнцкія выбары 2010 года, дзе ён быў назіральнікам БДІПЧ АБСЕ ў Крычаве і Крычаўскім раёне.

Яшчэ тады выбарчыя камісіі ўспрымалі назіральнікаў як ідэалагічных ворагаў.

«Я назіраў за выбарамі ў іншых краінах, у прыватнасці ва Украіне, то магу параўнаць. Ва Украіне прысутнасць назіральнікаў ніяк не ўплывае на дзейнасць камісіяў. Там прысутнічае вельмі шмат назіральнікаў, і ўнутраных, і міжнародных – і на іх ніхто не звяртае ўвагі. У Беларусі, калі прыязджаюць назіральнікі на камісію, то гэта заўсёды вялікая падзея, камісія нервуецца, хтосьці бывае трохі агрэсіўны», – прыгадвае Вадзім Вілейта.

Тыя выбары скончыліся абвяшчэннем чарговай «элегантнай» перамогі Аляксандра Лукашэнкі, масавымі акцыямі пратэсту супраць падробленых вынікаў і крывавым разгонам гэтых пратэстаў.

«Мы ўсе атрымалі паведамленні ад кіраўнікоў місіі на свой мабільны тэлефон пра тое, што ў Менску плануецца вялікая акцыя пратэсту пасля галасавання. І мы ўсе, як міжнародныя назіральнікі, не маем права там прысутнічаць. І калі мы там зʼявімся, гэта будзе лічыцца парушэннем нашых абавязкаў – і мы будзем выключаныя з місіі», – распавядае назіральнік.

«Гвалт супраць большасці кандыдатаў на прэзідэнцтва, сотняў актывістаў, супраць журналістаў і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці – гэта фон, на якім будуць ацэненыя гэтыя выбары», – зрабіў тады заяву кіраўнік кароткатэрміновай місіі АБСЕ ў Беларусі Тоўні Лойд.

І гэтую электаральную кампанію АБСЕ не прызнала адкрытай і сумленнай. І ў 2011-м рэжым Аляксандра Лукашэнкі зачыніў офіс арганізацыі ў Менску. На выбары 2020 года назіральнікаў ад АБСЕ зусім не запрашалі. А тое, што завецца рэферэндумам, пройдзе ў рэжыме працяглых рэпрэсіяў і сакрэтнасці – ЦВК зрабіў дзяржаўнай таямніцай нават спісы ўчастковых камісіяў.

Але няўжо гэта будзе назаўжды?

«Як толькі ў Беларусь вернуцца свабодныя і справядлівыя выбары, адразу ўзляціць патрэба ў прысутнасці назіральнікаў ад місіі БДІПЧ. Але там будзе і маса назіральнікаў ад беларускіх грамадзянаў. «Вангую», што будуць стаяць чэргі ахвотных запісацца назіральнікамі на выбарах», – перакананы Яўген Красулін.

Самасвядомасць, самапавага і сістэмная праца – вось што можа зрабіць Беларусь з аб’екту суб’ектам міжнароднай палітыкі, удзельніцаю найважнейшых працэсаў. І беларусы перастануць быць бязвольнымі «подлежащими», а стануць актыўнымі «дзейнікамі», калі прымуць на сябе адказнасць за ўласнае жыццё і ўласную будучыню. Ніякія міжнародныя бюракраты не будуць змагацца за нашую свабоду і самастойнасць, калі мы аддамо іх камусьці чужому.

З вамі быў Яраслаў Сцешык з «Глабальным пытаннем», сустрэнемся праз тыдзень на «Белсаце».

Калаж з фота: Alexander Reka / TASS / Forum