Беларускі спорт: карупцыя, схемы, хабары


За ёй сочыць цэлы свет. І кожная краіна хоча скіраваць туды свайго прадстаўніка. Адна з найстарэйшых гульняў чалавецтва – Алімпіяда. Cёння мы абмяркуем, чаму ўсе атлеты мараць пра алімпійскі медаль, і што не так з беларускім спортам.

Зусім блізка – зімовыя Алімпійскія гульні ў Пекіне. Яны пройдуць у лютым падчас пандэміі каронавіруса і на фоне адразу некалькіх каляспартовых скандалаў. Так, увесь свет хоча ведаць, куды кітайскія ўлады падзелі тэнісістку Пэн Шу Ай пасля таго, як яна распавяла пра сексуальныя дамаганні ад былога віцэ-прэм’ера Кітаю Чжан Гаў Лі. Яе нібыта паказалі кітайскай публіцы жывой, і далі прэзідэнту Міжнароднага алімпійскага камітэту з ёй сазваніцца, але сумневы застаюцца.

У Кітаі проста разгул дэмакратыі, лічбавая лібералізацыя! Падчас Зімовых Алімпійскіх гульняў у Пекіне арганізатары абяцаюць не блакаваць доступ да міжнародных сацыяльных сетак і сервісаў. Цяпер у Кітаі сістэма дзяржаўнай цэнзкры блакуе Google, YouTube, Facebook, Twitter і шмат чаго яшчэ – але падчас Алімпіяды Вялікі кітайскі фаервол прыадчыняць. Але – не для кітайцаў, а толькі да акрэдытаваных удзельнікаў спаборніцтваў і толькі ў закрытай сістэме алімпійскіх гатэляў.

«Нашая місія і нашая адказнасць – забяспечыць выкананне ўсяго, што звязана з Алімпійскімі гульнямі, у тым ліку павагу да правоў усіх удзельнікаў, у тым ліку і прэсы», – запэўнівае прэзідэнт Міжнароднага Алімпійскага камітэту Томас Бах.

З правамі чалавека ў Кітаі ўсё кепска. ЗША, Японія і некалькі іншых дзяржаваў абвясцілі дыпламатычны байкот гэтым Алімпійскім гульням за тое, што кітайскія камуністычныя ўлады працягваюць генацыд і злачынствы супраць чалавечнасці ў Сіньцзян-Уйгурскім рэгіёне і не толькі там.

«Гэтай зімой мы не будзем дасылаць дыпламатычных прадстаўніцтваў на Алімпійскія і Паралімпійскія гульні ў Пекіне», – заявіў прэмʼер-міністр Канады Джасцін Трудо.

Кітайскі генсек Сі Цзінь Пін будзе адкрываць Алімпійскія гульні ў кампаніі Пуціна.

«Мы нязменна падтрымліваем адзін аднаго ў пытаннях міжнароднай спартовай супрацы, у тым ліку ў непрыняцці любых спробаў палітызацыі спорту і Алімпійскага руху», – так Уладзімір Пуцін супакойваў кітайскага генсека на відэа-канферэнцыі са свайго бункера.

Дыпламатычны байкот можа перашкодзіць Кітаю скарыстацца Алімпіядай для пабудовы пазітыўнага іміджу. Але ён не датычыць спартоўцаў.

«Для кожнага спартоўца Алімпійскія гульні – гэта вяршыня ягоных дасягненняў. Усе хочуць туды трапіць і паказаць найлепшыя вынікі», – усміхаецца Аляксандра Герасіменя, алімпійская медалістка, цяпер – старшыня Фонду спартовай салідарнасці.

Алімпійскія гульні нарадзіліся ў старажытнай Грэцыі як агульнаэлінскія культавыя спаборніцтвы ў гонар алімпійскіх багоў, а перадусім – Зеўса. Раз на 4 гады на час гульняў грэцкія гарады – полісы – пераставалі ваяваць між сабой. Нават легендарны паэт Гамэр апісваў, як старажытныя грэкі – выключна мужчыны – ганялі на калясніцах, каб вызначыць, хто самы спрытны. Таксама атлеты спаборнічалі ў бегу, барацьбе і кулачных баях ды ў пентатлоне – пяціборстве, якое можна назваць старажытнаю лёгкай атлетыкай.

Людзі ўзнагароджвалі пераможцаў аліўкавымі галінкамі, а сама Ніка – багіня перамогі – бласлаўляла алімпіёнікаў. Ніку з вянцом у руцэ можна пабачыць на сённяшніх алімпійскіх медалях.

Усё было мірна і традыцыйна да чацвёртага стагоддзя нашай эры, калі апошні рымскі імператар Фэадосій, ваяўнічы хрысціянін, забараніў Алімпійскія гульні, бо лічыў іх паганскімі.

Спартовае свята, якое папулярызавала атлетычны лад жыцця, у Грэцыю вярнулася толькі ў 19-м стагоддзі намаганнямі паэта Панагётыса Суцаса і філантропа Эвангэлёса Запаса.

А французскі барон П’ер дэ Кубэртэн заснаваў першыя міжнародныя Алімпійскія гульні ды стаў генеральным сакратаром Міжнароднага алімпійскага камітэту.

«Аматарскі спорт, з моманту, калі гэта было проста хобі, паступова стаў больш прафесійным. Шмат для каго гэта стала сродкам заробку, і часам размова ідзе аб вельмі вялікіх грошах», – тлумачыць Ігар Гоцул, віцэ-прэзідэнт Нацыянальнага Алімпійскага камітэту Украіны.

«Спонсарства – гэта асноўная крыніца фінансавання спорту найвышэйшых дасягненняў ва ўсім свеце. У нас не так», – дадае Анатоль Котаў, былы генеральны сакратар Нацыянальнага Алімпійскага камітэту Беларусі.

У Беларусі спартоўцы вымушаныя жыць і трэнавацца перадусім за дзяржаўны кошт, пад апекай чыноўнікаў Нацыянальнага алімпійскага камітэту, Міністэрства спорту і так званага Прэзідэнцкага спартовага клубу. Праўда, грошы ў асноўным ідуць на футбол і хакей. Алімпійцаў, вядома, узнагароджваюць.

«Чэмпіёны атрымліваюць прызавыя грошы рэгламентаваныя, плюс мінус аднолькавыя – каля 100 тысяч долараў. Плюс атрымліваюць стыпендыю для працягу кар’еры і рыхтавання да Алімпійскіх гульняў – каля 1000 долараў», – распавядае Аляксандра Герасіменя.

Але сёлета беларусам не варта чакаць алімпійскіх медалёў, нават у традыцыйна моцным фрыстайле.

«Галоўнага трэнера фактычна адсунулі ад кіравання працэсам… Фактычна паедзе эксперыментальны моладзевы склад, якому зычым поспехаў», – не мае аптымізму Анатоль Котаў.

На летніх Алімпійскіх гульнях у Токіа Беларусь паказала фатальны вынік, хіба найгоршы ў гісторыі. 108 нашых атлетаў удзельнічалі ў 20 відах спорту – і заваявалі ўсяго 7 медалёў: адзінае золата ў скачках на батуце, 3 срэбныя медалі: у вольнай барацьбе і веславанні на байдарцы, і 3 бронзавыя медалі: у мастацкай гімнастыцы, скачках у вышыню і вольнай барацьбе. У агульным заліку Беларусь трапіла на 45-е месца.

«Чаму на апошняй летняй Алімпіядзе Беларусь так слаба выступіла? – Тут трэба сказаць, што ёсць шэраг фактараў, якія паўплывалі на вынік. Па-першае, на жаль, Беларусь фактычна скончыла карыстацца тым, што засталося яшчэ ад савецкай школы… Адыходзяць трэнеры старой школы, а новую ўдалося выпрацаваць толькі ў лічаных відах спорту», – тлумачыць Анатоль Котаў.

Для беларускіх спартоўцаў 2020 і 2021 гады былі цяжкімі не толькі з прычыны каронавіруса.

«Мяркую, для многіх гэта вялікая псіхалагічная нагрузка. Хтосьці не мог ёй даць рады, хтосьці перажываў перад стартамі», – кажа Аляксандра Герасіменя.

Яна – вымушаная эмігрантка і адна са спартоўцаў, якія адкрыта выказалі сваю пазіцыю пасля брутальнага разгону мірных пратэстаў 2020 года. Яна таксама трапіла пад рэпрэсіі – супраць трохразовай алімпійскай медалісткі ў плаванні завялі крымінальную справу за стварэнне экстрэмісцкай групоўкі. Сілавікі і чыноўнікі паспрабавалі нават забраць ейны надзел зямлі з домам у Драздах, атрыманы за спартовыя дасягненні.

«Спорт па-за палітыкай – доўгі час гэты прынцып працаваў нават у беларускай сістэме… У жніўні 2020 года ўсё змянілася. Напэўна, асноўным чыннікам стала тое, што спартоўцы адкрыта заявілі сваю грамадзянскую пазіцыю. І гэта быў адказ перш за ўсё на гвалт і фальсіфікацыю выбараў», – распавядае Анатоль Котаў.

Цяпер жа рэпрэсіўная сістэма, збудаваная кланам Лукашэнкі, патрабуе ад спартоўцаў перадусім ідэалагічнай вернасці. А жыць у страху, што заўтра ў хату будуць ламацца ўзброеныя спецназаўцы, гатовыя не ўсе.

«Беларусь пачынае губляць спартоўцаў. Цяпер гэта яшчэ не вельмі масавая зʼява, але зʼязджаюць і сыходзяць менавіта перспектыўныя спартоўцы», – канстатуе былы кіраўнік НАК Беларусі.

Увесь свет даведаўся пра справу нашай лёгкаатлеткі Крысціны Ціманоўскай, якую беларускія спартовыя чыноўнікі спрабавалі прымусам вывезці з Алімпіяды ў Токіа і пагражалі ёй за тое, што яна публічна абурылася гармідарам і непавагай з боку кіраўніцтва.

«Калі яны да мяне прыйшлі і сказалі, што не маю выбару, ці прымаць мне ўдзел у Алімпійскіх гульнях, і ў мяне ёсць літаральна 30 хвілін сабраць свае рэчы… Пасля гэтага да мяне прыходзілі незразумелыя людзі і казалі незразумелыя рэчы, пра суіцыд, пра нейкіх маньякаў, пра Навінкі», – распавядала «Белсату» Крысціна Ціманоўская.

Беларускі фонд спартовай салідарнасці звярнуўся да Міжнароднага алімпійскага камітэту з просьбай пажыццёва дыскваліфікаваць датычных да пагрозаў чыноўнікаў, у тым ліку кіраўніка беларускай місіі на Алімпіядзе Дзмітрыя Даўгалёнка. Запомніце гэтага чалавека.

А Крысціна Ціманоўская ўцякла ад спартовых чыноўнікаў і атрымала палітычны прытулак у Польшчы.

«Усе гэтыя тлумачэнні, што яна нібыта была бесперспектыўная… Але пасля таго, як вымушаная была зʼехаць, прэтэндуе на тое, каб стаць лідарам польскай нацыянальнай зборнай па лёгкай атлетыцы ў сваёй дысцыпліне», – усміхаецца Анатоль Котаў.

Прычым чыноўніцкі абсурд паўтараецца. Летась яны не змаглі зрабіць своечасовых допінг-пробаў для нашых алімпійцаў – і запатрабавалі, каб Крысціна Ціманоўская бегла на чужой дыстанцыі. А сёлета зборную Беларусі знялі з чэмпіянату Еўропы па кросе, бо чыноўнікі не паспелі падаць у амбасаду патрэбныя дакументы.

«Шмат хто са спартоўцаў рыхтуецца па 10 гадоў, каб толькі трапіць на Алімпійскія гульні. І ўявіце, што з прычыны некампетэнтнасці чыноўнікаў з Федэрацыі яны проста туды не паехалі, не са сваёй віны», – падкрэслівае Аляксандра Герасіменя.

Некампетэнтнасць – гэта дзіця карупцыі, а карупцыя расце з неабмежаванай улады. І сёння ў беларускім спорце карупцыя цвіце і пахне.

«Мы гэта бачым па людзях, якія сядзяць у кіраўніцтве федэрацыяў у нацыянальных камандах. Шмат хто з іх не ведае, што трэба рабіць, не мае ніякага разумення, як гэта працуе, яны ўмеюць толькі кіраваць людзьмі, ніжэйшымі за іх паводле звання і пасады. І вынікі мы бачым самі», – кажа старшыня Фонду спартовай салідарнасці.

Літаральна гэтымі днямі Альянс расследавальнікаў Беларусі супольна з хакерскім рухам кіберпартызанаў і Беларускім фондам спартовай салідарнасці агучыў вынікі расследавання пра буйную карупцыю ў Нацыянальным алімпійскім камітэце. 15 мільёнаў долараў хабару за права будавацца ў выгадным месцы Менску.

Грошы хадзілі праз спартовых чыноўнікаў, у тым ліку раней згаданага Даўгалёнка.

«Гэта НАК, Даўгалёнак Дзмітрый Аляксандравіч, першы намеснік. Ён… Віктара Аляксандравіча (Лукашэнку) напісаць хадайніцтва, бо ягоны бацька (Аляксандр Лукашэнка) сказаў: бяры грошы адкуль заўгодна, але ў будоўлю не лезь, гэта не твае справы», – гучыць размова хабарнікаў, запісаная схаванай камерай падчас падзелу грошай у машыне .

«Права пабудаваць нерухомасць у цэнтры Менску атрымлівалі, па-першае, пэўныя людзі, і не праз аўкцыён, як гэта мусіць быць паводле закону, а праз аказанне спонсарскай дапамогі Нацыянальнаму алімпійскаму камітэту, праз дачу хабараў, праз выкананне пэўных сацыяльных нагрузак. Звычайна гэта будаўніцтва пэўных спартовых абʼектаў», – тлумачыць Алена Чарняўская, журналістка «Альянсу расследавальнікаў Беларусі».

Але пры чым тут Віктар Лукашэнка і Аляксандр Лукашэнка?

«Ну як пры чым? Непасрэдна ў кіраўніцтве НАК з 1997 года быў наш колішні прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. І праз 2 гады пасля таго, як ён стаў на чале НАК, пачаліся ўсе гэтыя схемы. А з гэтага года ён перадаў гэтае стырно ўлады свайму сыну Віктару Лукашэнку. Усё прызначалася зверху. І чалавек, пра якога мы кажам у расследаванні – Даўгалёнак. У нас у відэа гучыць, што ў Даўгалёнка вельмі добрыя сяброўскія кантакты. Калі трэба дамовіцца – праз яго ўсё будзе», – распавядае Алена Чарняўская.

Спорт можа быць сродкам не толькі раскрадання дзяржаўных грошай і ўнутранай ідэалогіі. Для буйных і амбітных дзяржаваў алімпійскія перамогі – гэта яшчэ і элемент халоднай вайны, магчымасць даказаць, што іхная сістэма найлепшая.

Берлінская Алімпіяда 1936 года, паказаная ў дакументальным кіно Лені Рыфэншталь, стала сродкам прапаганды нацыянал-сацыялістаў Гітлера пра перавагу так званай арыйскай расы.

Маскоўская алімпіяда 1980-га была спосабам палепшыць імідж Савецкага Саюзу – а больш за 60 краінаў байкатавалі яе за савецкую інтэрвенцыю ў Афганістан.

Зімовая Алімпіяда ў Сочы 2014 года адбывалася на фоне падрыхтоўкі да анексіі Крыму ды спробы захопу ўсяго Паўднёвага Ўсходу Украіны гібрыднымі сіламі Расеі.

А на спартова-ідэалагічнай вайне ніякіх сродкаў не цураюцца, у тым ліку допінгу.

«Допінг – забаронены прэпарат ці забаронены метад. І ў спартовым сэнсе допінгам лічыцца толькі тое, што ўнесена ў спіс забароненых прэпаратаў WADA, і гэты спіс абнаўляецца штогод… Яны могуць несці пагрозу здароўю ці жыццю спартоўцаў», – тлумачыць віцэ-прэзідэнт НАК Украіны Ігар Гуцол.

На зімовую Алімпіяду ў Пекіне расейская зборная паедзе пад сцягам Алімпійскага камітэту Расеі, без дзяржаўнай сімволікі і з музыкай Чайкоўскага замест гімну. І гэта наступствы міжнароднага скандалу, звязанага з допінгавай палітыкай Масквы. На дзяржаўным узроўні стварылі складаную сістэму абыходу допінг-тэстаў.

Адмысловае падраздзяленне ФСБ нават падмяняла кантэйнеры з мачою спартоўцаў, каб там не знайшлі слядоў забароненых прэпаратаў.

«Такое падраздзяленне сапраўды было, такія рэчы рабіліся, і былі задзейнічаныя адпаведныя службы. У гэтым было задзейнічанае Міністэрства спорту Расеі і іншыя дзяржаўныя органы. Зафіксавана вельмі шмат выпадкаў: напрыклад, калі допінг-афіцэраў, якія заязджаюць у Расею, не пускалі ў пэўныя гарады, або адмыслова іх затрымлівалі, папярэджваючы спартоўцаў, каб даць магчымасць тым зʼехаць», – тлумачыць Ігар Гоцул – кіраўнік нагляднай рады Нацыянальнага антыдопінгавага агенцтва Украіны.

Адмысловец падкрэслівае, што менавіта з Расеі цяпер распаўсюджваюць шкодную для спорту прапаганду: нібыта допінг ужываюць усе краіны, а толькі «рускіх» за гэта пераследуюць. Гэта хлусня, кажа Ігар Гуцол: «У ЗША некалькі спартоўцаў, у тым ліку прызёраў Алімпійскіх гульняў, чэмпіянатаў свету, адбываюць або адбылі турэмныя тэрміны за ўжыванне допінгу. У Італіі, Францыі, Швейцарыі, у шэрагу іншых краінаў уведзеная крымінальная адказнасць не толькі за ўжыванне – за распаўсюд, захоўванне, схіленне іншых да допінгу».

Нам патрэбны сапраўдны спорт. Таму будзем спадзявацца на чыстую гульню і сачыць за зімовай Алімпіядаю ў Пекіне – у тым ліку на Белсаце.