«Украіна пераможа, Беларусь чакае вызваленне. Інакш быць не можа»: каліновец Мінута


Каліновец Мінута распавёў праграме «Ваяры» пра будні беларускага добраахвотніка (як ваююць, ядуць і адпачываюць жаўнеры на пазіцыях), паказаў самаробнага баявога робата і патлумачыў, чаму ўпэўнены ў перамозе Украіны.

Мінута ледзь не трапіў у лукашэнкаўскае войска, але ўцёк ад прызыву ў Польшчу. Калі з’явіўся батальён імя Кастуся Каліноўскага, наш герой да яго далучыўся. Мінута захапіўся ідэяй вызвалення Беларусі ад рэжыму даўно ім ненавіснага Лукашэнкі, калі апынуўся ў частцы.

«Рэжым Лукашэнкі – гэта яўна не тое, чаму я бы хацеў служыць. Я не лічыў яго сваёй радзімай. Гэта – прыгнёт, сацыяльнае рабства і г. д. У маіх вачах гэта выглядае так», – тлумачыць свае стаўленне Мінута.

Інтэрв’ю мы запісвалі ў Кіеве. Мінута кажа, што нават памяшканне харчовага складу палка Каліноўскага – райскае месца ў параўнанні з будынкам у Севераданецку, дзе ён трымаў абарону.

«Гэта проста рай. Тут цёпла, можна, калі хочаш, паесці, папіць, пайсці ў туалет у любы час, памыцца можна, тут заўсёды цёпла, нічога не сыплецца са столі», – кажа жаўнер.

Мінута распавёў нам падрабязнасці штодзённага жыцця беларускага ваяра. Як харчуюцца жаўнеры на перадавой? Што такое «траншэйная стапа»? Што самае смачнае бывае ў сухпайку ЗСУ? Куды даводзіцца хадзіць у туалет, калі расейцы за 150 метраў у суседнім доме? Якога баявога робата змайстравалі каліноўцы, каб закідваць гранаты ў варожыя акопы? Чаму Мінута пастанавіў бараніць Украіну ад расейскіх захопнікаў? Ці дасць перамога Украіны штуршок вызваленню Беларусі?

Праграму «Ваяры» глядзіце кожную нядзелю на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва – «Sirius4»), онлайн, у закладцы «Праграмы» на нашай старонцы або на канале YouTube.