Беларусы сабралі пасаг нявесце палітвязня


У мінулых праграмах мы распавядалі гісторыю палітвязня Яўгена і ягонай каханай Веранікі, якія пабраліся шлюбам у СІЗА. Цырымонія доўжылася ўсяго пяць хвілінаў, а маладым забаранілі нават пацалунак. І, вядома ж, не было ні віншаванняў, ні падарункаў. Свята для маладой жонкі, якая чакае мужа з турмы, зладзілі нашыя гледачы.

«У мінулай праграме я казала, што хацела б набыць акварыум для чарапах, і людзі адгукнуліся, падаравалі яго нам, цяпер чарапахам тут утульна», – паказвае вясельны падарунак Вераніка.

Дзве чарапахі Веранікі. Кадр з праграмы «Беларус беларусу»

Паштоўкі з віншаваннямі і словы падтрымкі ёй дасылалі людзі не толькі з Беларусі, але і з Польшчы.

«Нам дапамагаюць незнаёмыя людзі, у той час калі родныя адмаўляюцца, бо ў нас не супадаюць погляды. Людзі, якіх я ніколі не бачыла, дасылаюць падтрымку. Гэта вельмі прыемна і адначасова здзіўляе, бо, здаецца, так не бывае!» – кажа дзяўчына і паказвае сувенір, які атрымала ў падарунак.

Сувенір, які Вераніка атрымала ў падарунак. Кадр з праграмы «Беларус беларусу»

У Веранікі ёсць малодшыя брат і сястра, і сям’я ў складанай сітуацыі, маці пазбаўленая бацькоўскіх правоў.

«Людзі таксама адгукнуліся і дапамаглі брату і сястры падрыхтавацца да школы, перадалі канцылярскія наборы, за што мы вельмі ўдзячныя», – кажа дзяўчына.

Цяпер Вераніка моцна чакае спаткання з мужам, бо гэта будзе першая сустрэча пасля вяселля, аднак пакуль не атрымлівае ад яго ні лістоў, ні тэлефанаванняў. Дзяўчына лічыць: важна працягваць пісаць палітвязням, нягледзячы ні на што.

«Мне здаецца, лісты пісаць вельмі важна, нават калі яны і не даходзяць. Магчыма, яны дойдуць праз некаторы час, і чалавек будзе ведаць, што пра яго памятаюць, гэта надасць яму сілаў трымацца і верыць, што хутка ўсё скончыцца і ён вернецца дадому».

Калі вы хочаце падтрымаць іншых нашых герояў (гэта можна зрабіць як публічна, так і ананімна) з любога пункту свету – лістуйце нам: belarus2belarus@gmail.com

Далучайся да нашай суполкі ў Facebook.

І памятайце: беларус беларусу – любоў, падтрымка і перамога. Дзе мы разам – там і Беларусь.

Праграму «Беларус беларусу» глядзіце кожную пятніцу а 18:50 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.