Беларус паехаў на пахаванне і трапіў у палон да акупантаў


Беларус Яўген Орда з Чарнігава адправіўся на пахаванне, а ў выніку трапіў у расейскі палон. Сем дзён ён цярпеў катаванні, але выжыў і цяпер дапамагае аднаўляць родны горад.

Яўген паходзіць з вядомага роду, да якога належыць наш славуты мастак Напалеон Орда. Яўген – святар Украінскай праваслаўнай царквы ў Чарнігаве. З пачаткам вайны Расеі супраць Украіны ён дапамагаў украінскім вайскоўцам, якім падвозіў ежу і адзенне, але не забываўся і на свае духоўныя абавязкі.

«Трэба было зрабіць справу на іншым беразе Дзясны – і там папрасілі пахаваць бабулю. У час пахавання бабулі я трапіў у палон. Так што ў мяне ўспаміны пра гэта досыць кепскія. Сем дзён атрымліваў па галаве, па нагах, па шыі. Бачыў бамбаванне, як знішчалі Іванаўку, як знішчалі Чарнігаў. Выводзілі на вуліцу, бачыў толькі, як ставяцца да нас «браты» расейцы… Там былі болей тувінцы, бураты, якуты. Душа балела».

Яўген Орда быў вызвалены з палону і цяпер дапамагае жыхарам Чарнігава спраўляцца з цяжкасцямі, з якімі горад сутыкнуўся пасля вызвалення ад акупацыі.

Як Яўген Орда перажыў перыяд расейскай акупацыі і які галоўны ўрок з яе вынес? Што жыхары Чарнігава думаюць пра ракетныя ўдары з Беларусі? А таксама вандроўку па найбольш пашкоджаных мясцінах Чарнігава і агляд таго, як ён аднаўляецца, – глядзіце ў новым выданні праграмы «Беларускі свет».

Таксама ў праграме:

  • Аляксандр Мікалайчук, былы трэнер нацыянальнай зборнай Беларусі па фехтаванні, цяпер вучыць польскіх спартоўцаў і плануе адкрыць уласны клуб фехтавання;
  • Яўген Калмыкоў шмат гадоў працаваў прадзюсарам «Ляпісаў» і NRM, а цяпер выкарыстоўвае свой арганізацыйны досвед у Ізраілі, ён зладзіў першы канцэрт Лявона Вольскага ў Тэль-Авіве.

Праграму «Беларускі свет» глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, у архіве на нашай старонцы або на YouTube.