Папулізм, або як не выбраць дыктатара сабе на галаву


«Галасуйце за мяне! Я выйшаў з народу, і толькі я ведаю, як абараніць простага чалавека ад карумпаванага істэблішменту. Яны хаваюць праўду і не хочуць вярнуць народу народнае дабро. А я зраблю па справядлівасці».

Cёння мы разгледзім, што такое палітычны папулізм і як яго лячыць.

Адзін з узорных папулістаў – 45-ы прэзідэнт ЗША Доналд Трамп. Бізнес-магнат з тэлевізара, прадзюсар і тэлевядоўца, які часам здымаўся ў фільмах і серыялах, нечакана для ўсіх перамог на выбарах, абяцаючы «зрабіць Амерыку вялікай – ізноў».

А суперніцу ад дэмакратаў Хілары Клінтан ён называў стаўленіцай карумпаваных элітаў.

«У яго рыторыцы гэта прысутнічала вельмі моцна, проціпастаўленне добрага народу і кепскіх элітаў, кепскага эстаблішменту», – прыгадвае Пётр Рудкоўскі, дырэктар Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў (BISS).

Трамп рубіў з пляча. Каб спыніць нелегальную міграцыю, абяцаў пабудаваць сцяну на мяжы з Мексікай за кошт мексіканцаў. Не атрымалася. Каб амерыканскія рабочыя больш зараблялі, увёў высокія падаткі на імпартныя тавары. Купляйце амерыканскае, пераводзьце магутнасці ў ЗША! Але карпарацыі палічылі грошы – ды інвеставалі ў рабатызацыю. У выніку некваліфікаваныя працаўнікі страцілі працу.

А каб захаваць уладу, Трамп нават заклікаў сваіх прыхільнікаў змагацца з усіх сілаў – і ў выніку агрэсіўны натоўп штурмаваў Капітолій.

«Папулізм дае простыя адказы на складаныя пытанні, але тут шмат што ўпіраецца ў паліттэхналагічны падыход. Любы паліттэхнолаг скажа, што калі ты хочаш быць палітыкам, а не палітолагам, то трэба імкнуцца да спрашчэння мэсіджаў. Трэба казаць простай мовай», – кажа Пётр Рудкоўскі.

Папулізм – гэта палітыка, скіраваная на шырокія масы людзей, і абяцанне хутка і проста ўсё разруліць. Папулісты бываюць і левыя, і правыя, яны могуць абяцаць спісанне ўсіх крэдытаў для насельніцтва і экспрапрыяцыю грошай мільярдэраў.

У іх усё лёгка і проста: каб перамагчы беднасць, трэба падняць мінімальны заробак у 20 разоў, а каб вылечыць наркаманаў, дастаткова расстраляць усіх наркадылераў.

А яшчэ можна прыдумаць замежнага ворага і паабяцаць хуткую пераможную вайну.

«Нашая зямля – Данбас, Крым – ужо наш, Херсон, Мікалаеў, Харкаў, Днепрапятроўск, Запарожжа, Луганск, Адэса!» – крычаў у эфіры расейскага тэлебачання ў 2014-м годзе Уладзімір Жырыноўскі, кіраўнік фракцыі ЛДПР у Дзярждуме РФ.

А каб простыя людзі маглі купіць сабе ўсё, што захочуць, трэба прымусіць крамы зрабіць нізкія кошты.

«Каб захаваць фіксаваныя кошты на тавары і паслугі і фіксаваны курс, нам трэба кантраляваць імпарт-экспарт, вытворчасць і спажыванне… То бок для гэтага трэба паўнавартасная планавая эканоміка», – тлумачыць украінскі эканаміст Аляксей Білязэ.

А планавая эканоміка непазбежна вядзе да дэфіцыту, тлумачыць эканаміст.

Прыклад папулісцкай гаспадаркі – Венесуэла Нікаляса Мадура. Калі пераемнік Уга Чавэса забараніў бізнесоўцам паднімаць кошты, венесуэльская гаспадарка абрынулася. Вынік – у нафтавай дзяржаве дэфіцыт бензіну, вады і ежы.

Даходзіла да таго, што людзі кралі на мяса жывёлінаў з заапаркаў ды елі катоў і сабак, каб не памерці з голаду. Венесуэльцы масава пачалі ўцякаюць за мяжу ад беднасці і рэпрэсіяў.

Беларусы таксама сутыкнуліся з папулізмам і пацярпелі ад яго. Калі на пачатку 1990-х былы палітрук савецкай арміі і памежных войскаў КГБ прабіўся не проста ў дэпутаты, а ў кіраўнікі Часовай камісіі барацьбы з карупцыяй.

«Аказваецца, мы бачылі толькі тое, што зверху, калі пачулі, што ні капейкі грошай няма ў казне, ні капейкі», – распавядаў малады дэпутат Вярхоўнага Савету Лукашэнка ў 1994-м.

Імідж старшыні калгасу спрацаваў – Лукашэнка ў першым туры прэзідэнцкіх выбараў набраў 45 %.

«Ён быў свой для большасці, і ён даваў простыя адказы на складаныя пытанні. Гэта людзям падабалася», – прыгадвае Анатоль Лябедзька, дэпутат Вярхоўнага Савету, цяпер – прадстаўнік Святланы Ціханоўскай у канстытуцыйнай рэформе.

«Калі прывесці прыклад папулізму, эксплуатацыі народных страхаў, фрустрацыяў і жарсцяў, то ў 1993-94 гг дэпутат Лукашэнка спачатку як змагар з карупцыяй, а потым як той, хто будзе помсціць за крыўды простага народу, так, ён менавіта гэта эксплуатаваў», – падсумоўвае Пётр Рудкоўскі.

Харызматычныя папулісты часта не давяраюць экспертнай супольнасці і цэлым інстытутам – яны самі ведаюць, як лепш. З самага пачатку Лукашэнка спрабаваў кіраваць эканомікай уручную.

«Гэта канец 1994-га года, калі ён прыехаў з адпачынку і сказаў спыніць кошты і вярнуць іх назад. Яны былі падвышаныя, вярніце іх назад. Праіснавалі гэтыя паніжаныя кошты не даўжэй за месяц, іх давялося адпускаць», – прыгадвае беларускі эканаміст Сяргей Чалы.

Бо калі тавар не прадаецца за рынкавы кошт, яго няма й не будзе, а будзе дэфіцыт. Але для Лукашэнкі галоўная ідэя ручнога кіравання курсамі і коштамі – татальны кантроль над грамадствам.

«Нешта падобнае тычыцца персанажаў кшталту Нікаляс Мадура ці нябожчык Робэрт Мугабэ. Людзі, якім трэба перадусім улада. А эканоміка можа пацярпець, нават народ можа пацярпець», – тлумачыць Пётр Рудкоўскі.

Да сярэдзіны нулявых гадоў «луканоміку» ратаваў шырокі расейскі рынак ды расейскія зніжкі й датацыі – напрыклад, газ па $40 за тысячу кубаметраў, прыгадвае Сяргей Чалы: «Ніякай сістэмнасці ў развіцці галінаў не было. Як правіла, гэта былі вельмі тактычныя ідэі. Глядзіце, у Расеі мы можам прадаваць цукар – давайце мадэрнізуем цукровыя заводы, або давайце пад выглядам нашага цукру прадаваць перапрацаваны з трысняговага кубінскага цукру».

Салодкі перыяд сяброўства з Расеяй скончыўся крызісам – першым з шэрагу.

«Гэта 2006 год, гэта выбары, якія не прызнаў ніхто. І Расея за прызнанне гэтых выбараў запрасіла сур’ёзны кошт. Гэта быў апошні бяскрызісны год, пасля чаго пайшло паступовае падвышэнне кошту на газ з Расеі», – распавядае беларускі эканаміст.

Тым не менш, сістэмных рэформаў ніколі не было праведзена, а звычкі ручнога кіравання засталіся дагэтуль.

«Ён прыходзіць, збірае нараду Саўміну са сваімі спецыялістамі і кажа: задача нашая на наступны год – 3 % эканамічнага росту. Яму кажуць: «Зыходзячы з цяперашняй сітуацыі гэта немагчыма». – «Вы, мабыць, мяне не вельмі зразумелі. Мне трэба 3%». Электрычка, стой, раз-два! Эканоміка, расці на 3 %», – распавядае Сяргей Чалы.

Але цяпер Лукашэнка не паддобрываецца да народу.

«Менавіта цяпер у Лукашэнкі стала менш за ўсё папулізму. Бо цяпер ён дасягае сваіх мэтаў – утрымацца каля ўлады – выключна ваеннымі метадамі», – мяркуе Анатоль Лябедзька.

Пасля таго, як Аляксандр Лукашэнка прызначыў сенатарам трэнера сваёй каманды Дзмітрыя Баскава, датычнага да забойства Рамана Бандарэнкі, некаторыя беларусы сумна параўналі яго з рымскім цэзарам Калігулам, які зрабіў сенатарам свайго каня, каб прынізіць выбарчую ўладу, а таксама шчодра раздаваў плебсу хлеб і відовішчы ды жорстка распраўляўся з палітычнымі праціўнікамі. Але паводле стылю гаспадарання Аляксандр Лукашэнка – гэта класічны лацінаамерыканскі дыктатар-сацыяліст.

І нічога ўнікальнага ў беларускай эканамічнай мадэлі ніколі не было, тлумачыць Сяргей Чалы.

«Гэта абсалютна класічны крызіс для большасці лацінаамерыканскіх краінаў… Ёсць класічная праца Рудыгера Дорнбуша і Сэбастʼяна Эдвардса, вядомага макраэканаміста, «Макраэканоміка папулізму ў Лацінскай Амерыцы». І там цудоўна апісаны гэты цыкл, калі да ўлады прыходзіць умоўны сацыяліст-папуліст, і пачынае развіваць эканоміку. І спачатку гэта дае нейкі вынік. Потым ён пачынае ўкладвацца туды, дзе яму хочацца, туды, куды рынкавым спосабам грошы б не пайшлі», – распавядае Сяргей Чалы.

І сістэма валіцца, а тады адбываецца або змена ўлады, або, як у нашым выпадку, працяжны палітычны крызіс.

Пасля дзяржаўнага тэрору 2020 года папулісцкая рыторыка Лукашэнкі перастала заварожваць нават суседзяў.

За апошнія 2 гады сімпатыі ўкраінцаў да Лукашэнкі ўпалі ўдвая – цяпер толькі траціна нашых суседзяў ставіцца да яго прыязна.

Лукашэнку падтрымліваюць найперш жыхары ўсходняй Украіны і перадусім прыхільнікі ОПЗЖ – партыі «Опозиційна платформа – За життя».

Гэта партыя Віктара Медведчука, алігарха і кума Пуціна.

Вось што кажуць пра Лукашэнку жыхары і госці Кіева:

«Лукашэнка? Дыктатар. Чмо».

«Няма свабоды ў вашай краіне. Рэжым, які знішчае свабоду. Людзі не маюць права голасу, не маюць права выбару».

«Можна як заўгодна ставіцца да Лукашэнкі, але давайце прызнаем, што ў Менску значна чысцей, чым у Кіеве».

«Цвёрдая рука. Гаспадар».

«Я не лічу яго моцным палітыкам, я лічу яго амаральным палітыкам».

«Гэта нездаровы чалавек, і яму трэба хутчэй сысці ў адстаўку».

Украінцы занадта позна зразумелі, хто такі Лукашэнка, мяркуе Віталій Портнікаў, украінскі пісьменнік, публіцыст і тэлевядоўца: «У гісторыі Беларусі тады ўжо ўсё было: забойства на замову, разгон Лукашэнкам беларускага парламенту, знішчэнне Лукашэнкам беларускай нацыянальнай сімволікі, адмова ад уласнай сімволікі, барацьба з уласнай мовай, адмова ад інтэграцыі ў цывілізаваны свет і асаблівыя стасункі з Расеяй».

Але ўкраінцы маюць свой досвед папулізму. Уладзімір Зяленскі стаў прэзідэнтам і прывёў у Вярхоўную Раду сваю партыю «Слуга народу» на хвалі папулярнасці аднайменнага тэлесерыялу, а таксама на абвінавачваннях папярэдняга прэзідэнта ў карупцыі.

«Прэзідэнт Зяленскі, дый ягоная партыя, калі ішлі на выбары, мелі найменшы эканамічны блок у параўнанні з любой іншай палітычнай сілай», – нагадвае Аляксей Білязэ.

Зяленскі перамог у год, калі сімпатыі да Лукашэнкі ва ўкраінцаў было найбольшыя.

«Новы прэзідэнт першыя месяцы свайго кіравання нават спрабаваў граць Лукашэнку, паводзіцца так, як Лукашэнка на нарадах, казаў: выйдзі адсюль, разбойнік! Гэта ўсё лукашэнкаўшчына чыстай вады», – тлумачыць Віталій Портнікаў.

Калі комік, шоўмен і тэлебізнесмен стаў прэзідэнтам, аказалася, што ён фізічна не мог выканаць усіх сваіх абяцанняў, накшталт вывесці эканоміку з ценю, развіць унутраную вытворчасць, забяспечыць свабодную канкурэнцыю. Бо ў прэзідэнта Украіны толькі тры функцыі: замежная палітыка, абарона і гарантыя Канстытуцыі, нагадвае Аляксей Білязэ:

«Чалавек паабяцаў штосьці, абсалютна не разумеючы, як функцыянуе дзяржаўны апарат, дзяржаўнае кіраванне, і як размеркаваныя паўнамоцтвы між рознымі галінамі ўлады».

Таму цяпер нямала і расчараваных у Зяленскім украінцаў.

Вось што кажуць пра Зяленскага некаторыя жыхары і госці Кіева:

«Уладзімір Зяленскі па пунктах называў, што ён зробіць, і гэтак далей. Нават з таго папулісцкага выступлення нічога не выканана».

«Думаў, будзе барацьба з карупцыяй, што вернем тэрыторыі, падаткі знізяцца для малога і сярэдняга бізнесу».

«Ён сабраў сваю каманду, 250 дэпутатаў. Гэта ўсе купленыя».

«Ён строіць з сябе Лукашэнку».

І Лукашэнка, і Зяленскі, і Трамп прыйшлі да ўлады ў межах дэмакратычных працэсаў.

Дэмакратыя – жахлівая форма кіравання, калі не параўноўваць яе з усімі іншымі. Так казаў брытанскі прэмʼер-міністр Ўінстан Чэрчыль, які ў 1945-м годзе пасля перамогі ў Другой сусветнай вайне прайграў на выбарах і спакойна сышоў са сваёй пасады, не стаў трымацца за ўладу сінімі пальцамі. Залежнасць ад галасоў шырокіх масаў – гэта слабое месца дэмакратыі. Але нідзе ў свеце няма дыктатуры з высокім узроўнем жыцця і без канцлагераў.

І каб папуліст не вырас у дыктатара, дэмакратычныя грамадствы маюць сістэмы падзелу ўлады. Напрыклад, незалежны Нацбанк не будзе друкаваць грошы толькі каб выканаць перадвыбарчыя абяцанні прэзідэнта. У тым ліку і ва Украіне.

«Менавіта дзякуючы таму, што ўсё яшчэ ў банкаўскай справе прысутнічае прыватны сектар, і ўсё яшчэ ў нас існуе незалежная прэса, адразу любы неадпаведны крок кіраўніка Цэнтрабанку будзе ўважліва абмяркоўвацца. І ёсць усе спадзевы, што сумеснымі намаганнямі банкіраў і сумеснымі намаганнямі прэсы гэта будзе прыпынена», – кажа Аляксей Білязэ.

Прышчапіць імунітэт ад папулізму можна нават у школе ды інстытуце – вывучаючы асновы палітычнага жыцця.

«Гэта прасоўванне адукацыі, асабліва адукацыі ў рамках крытычнага мышлення – сукупнасць інструментаў рацыянальнага аналізу рэчаіснасці», – тлумачыць Пётр Рудкоўскі.

Таксама варта вучыць сваю гісторыю ды гісторыю нашых блізкіх і далёкіх суседзяў.

Беларусы пакуль не адваявалі свайго права на свабодныя выбары. І ў нас наперадзе вялікі і цяжкі шлях да дэмакратыі. Але мы яго абавязкова пройдзем.