Валярына Кустава: «Верце, як веру я»


Сёння вас чакае незвычайнае выданне. Бо гэтым разам гераіня праграмы – аўтарка ідэі праекту «Беларус беларусу», паэт і тэлевядоўца Валярына Кустава.

У кватэру, дзе Валярына жыла з двухгадоваю дачкою, уварваліся людзі ў цывільным, учынілі ператрус, забралі рэчы, а кватэру апячаталі на невядомы тэрмін. На саму ж пісьменніцу і журналістку завялі крымінальную справу, паводле якой ёй пагражае ад пяці да сямі гадоў турмы.

Валярына была вымушаная эвакуявацца з краіны ў тым, у чым выйшла з дому, без сродкаў і рэчаў… І без дзіцяці.

«У чэрвені бальшыня маіх калегаў з’ехала або была за кратамі. Я не прымярала гэтай сітуацыі на сябе, бо не ўяўляла, што магу з’ехаць – прынцыпова нават не збірала «гарачай валізкі» і не вывозіла каштоўных рэчаў з кватэры. Ніколі не разглядала для сябе такога варыянту. Я выйшла на гадзінку з кватэры – і мне паведамілі, што 7 асобаў з ГУБАЗіКу ломяцца ў кватэру. Таксама міліцыя прыйшла на месца працы і да бацькоў…» – успамінае аўтарка.

Ёй давялося пільна эвакуявацца з краіны – без сродкаў, рэчаў і нават без двухгадовай дачкі.

«Маё дзіця не з першага разу выпусцілі з краіны… Прайшло некалькі тыдняў. Я чакала яе з аўтобуса ў Беластоку на вакзале – і да мяне прыйшло паведамленне, што дачку не выпусцілі за мяжу… Для мяне гэта было сапраўднаю драмай… І прыйшло першае страшнае разуменне, што, магчыма, змагу пабачыць сваё дзіця толькі тады, калі зменіцца ўлада. Гэта было напраўду страшна. А цяпер, побач, яна сама супакойвае мяне: «Мама, усё будзе добра, мы вернемся ў нашую Бедарусь», – дзеліцца Валярына.

На Валярыну заведзеная крымінальная справа за нібыта арганізацыю і фінансаванне пратэстаў.

«Нашая сіла – у нашай салідарнасці. І ствараючы маленькія цуды адно для аднаго штодня, мы ствараем вялікі цуд для нашай супольнай вольнай Беларусі ў будучыні. Працягвайце падтрымліваць нашых герояў. Прашу: верце, як веру я», – кажа стваральніца праграмы «Беларус беларусу».

Калі вы хочаце падтрымаць нашых герояў (гэта можна зрабіць як публічна, так і ананімна) з любога пункту свету – лістуйце нам: belarus2belarus@gmail.com

І памятайце: беларус беларусу – любоў, падтрыманне і перамога.