Замест помніку бацьку пагасілі штраф, але ўсё адно пасадзілі на 5 гадоў


Дзень 20 снежня 2020 года для блізкіх 38-гадовага Аляксея з Менску стаўся пачаткам падзеяў, што перакулілі іхнае жыццё. У гэты дзень мужчыну затрымалі нібыта за ўдзел у дваровым мітынгу недалёка ад універмагу «Беларусь». Яго арыштавалі на 20 содняў, сканфіскавалі тэлефон.

Сёння маці і брат Аляксея аддалі ўсе сродкі, нават адкладзеныя грошы на помнік бацьку. Як прыйшла бяда, сваякі адвярнуліся.

Каб апавясці пра тое, што давялося перажыць 38-гадоваму Аляксею ды ягонай сямʼі, наўрад ці хопіць эфірнага часу некалькіх праграмаў. Чарада судоў, якія яшчэ вядуцца, адбытыя адміністратыўныя арышты, тысячы рублёў штрафаў і прызначаны тэрмін пастановаю суда – 5 гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Усё гэта – за некалькі асуджальных словаў пад матэрыяламі пра здзекі з беларусаў з боку сілавікоў, напісаныя Аляксеем у каментарах у тэлеграм-чаце.

Брат і маці Аляксея.
Фота: Белсат

«Мой брат – сумленны чалавек, ён ніколі не хлусіў, ніколі нічога не прыдумляў. Я б сказаў, што ён змагар за справядлівасць! У яго абвостранае пачуццё справядлівасці! – дзеліцца брат Аляксея. – Калі адна з асобаў, якая з ім была ў камеры ў ЦІП, выйшла, адбыўшы свой тэрмін адміністратыўнага арышту, нам паведамілі, што на брата будуць заводзіць крымінальную справу паводле артыкулу 369 – за абразу супрацоўнікаў міліцыі. Калі Аляксей выйшаў, мы яго сустрэлі, і тыдні два ён у спакойным рэжыме адбыў, а потым яго пачалі выклікаць праз ягоныя каментары ў тэлеграм-канале, якога ў нас нельга называць. Доўга праходзілі следчыя дзеянні, і аднойчы, а 6:00 у пятніцу, да нас прыехалі міліцыянты і яго забралі».

Сілавікі сцвярджалі, што ад абразы не спалі месяцамі, і ім неабходная маральная кампенсацыя. У выніку кожны з пацярпелых запатрабаваў грошай. А брат і маці Аляксея ўжо аддалі ўсё, што маглі. Нават адкладзеныя сродкі на помнік памерламу бацьку. Але гэтага сілавікам і рэжыму недастаткова.

«На судзе задаволілі пазоўныя патрабаванні «пацярпелых». На першым судзе гэта было 5,5 тысячы рублёў. Плюс 522 рублі судовых выдаткаў. Гэта значыць, першы суд быў – вынік 6022 беларускіх рублях і 5 гадоў «хіміі»… Далей быў яшчэ адзін суд з трыма эпізодамі, і, адпаведна, наш доўг вырас яшчэ на 2000 рублёў плюс 174 рублі судовых выдаткаў», – родныя Аляксея папросту не ведаюць, як цяпер жыць.

Сёння маці і брат Аляксея мараць толькі пра тое, каб ён хутчэй вярнуўся дадому і разлічыцца з даўгамі. Бо ўсе выплаты леглі на іхныя плечы. Сябры і сваякі ціхенька адвярнуліся і пакінулі сямʼю Аляксея сам-насам з праблемамі. Спадарыні Валянціне дапамагае не зваряцець толькі падтрыманне малодшага сына і рэдкія званкі ад старэйшага.

Калі вы хочаце падтрымаць Аляксея і ягоную сямʼю (гэта можна зрабіць як публічна, так і ананімна) – звяртайцеся да нас: belarus2belarus@gmail.com

І памятайце: беларус беларусу – любоў, падтрымка і перамога.