Чыноўнікі паабяцалі: Беларусь заморыць планету голадам


Ці магчыма перасварыцца з усім цывілізаваным светам, штодня падаграваць градус канфлікту з суседзямі, пагражаць парушэннем міжнароднага заканадаўства, і не атрымаць аддачы? Наўрад ці. Вітаю, шаноўнае спадарства, з вамі Яраслаў Сцешык, а на Белсаце праграма «Глабальнае пытанне». І сёння мы пагаворым пра санкцыі і контр-санкцыі, і які эфект ад іх мы можам пабачыць у сваіх халадзільніках.

Калі Еўразвяз увядзе шырокія сектаральныя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі – людзі па ўсім свеце будуць галодныя. Пра гэта папярэджвала Беларуская калійная кампанія, калі кіраўнікі дзяржаваў аб‘яднанай Еўропы толькі дамовіліся пра 4-ты пакет санкцыяў, у які ў выніку трапіў і «Беларуськалій».

Беларуская калійная кампанія: «На долю беларускага калію прыпадае больш за 20 % сусветнага экспарту. Абмежаванне такога значнага аб‘ёму паставак непазбежна прывядзе да незамяшчальнага дэфіцыту калію і рэзкага росту коштаў на гэты від угнаенняў. Як наступства – вырастуць кошты на харчы ва ўсім свеце».

Заявы чыноўнікаў з БКК беспадстаўныя, гэта прапагандысцкі прыём, кажа Яўгеній Буры, які раней сам быў у дзяржаўнай сістэме, і ў Савеце бяспекі Беларусі працаваў у аддзеле эканомікі.

«Тыя санкцыі, якія ўвялі цяпер, яны даволі мяккія, яны не закранаюць дамоваў, падпісаных да 25 чэрвеня гэтага года. Уведзеныя санкцыі закранаюць каля 15–20 % экспарту БКК. Гэта каля 3–4 % сусветнай вытворчасці калію, якія і так могуць трапіць на рынак, толькі не ў краіны Еўразвязу», – тлумачыць былы дарадца Савету Бяспекі Беларусі.

Апошнім часам калійная соль падаражала, і канкурэнты «Беларуськалію» хутка адрэагавалі на санкцыі супраць Лукашэнкі. Таму кошты на ўгнаенні скакаць не будуць.

«Канадскі «Nutrien» заявіў, што гатовы нарасціць здабычу калію на 1 млн тонаў – гэта больш за 8 % усяго калію, вырабленага «Беларуськаліем» на працягу 2020 года. Нямецкія кампаніі будуць нарошчваць экспарт, і яны гатовыя закрыць унутраныя патрэбы ўсяго Еўразвязу. Замясціць аб‘ёмы экспарту ў Еўразвяз гатовы і расейскі «Уралкалій», – нагадвае Яўгеній Буры.

Хоць афіцыйна Расея – галоўны саюзнік Лукашэнкі.

«Мы працягнем аказваць усебаковую падтрымку братэрскаму беларускаму народу ў цяперашняй, няпростай унутрыпалітычнай сітуацыі ў Беларусі, ва ўмовах няспыннага санкцыйнага ціску», – заявіў Уладзімір Пуцін падчас беларуска-расейскай відэа-нарады 1 ліпеня.

«Мы не проста вытрымаем усе гэтыя атакі, мы іх скарыстаем, як гэта зрабіла Расейская Федэрацыя, калі супраць яе ўвялі санкцыі, мы скарыстаем гэты момант, каб узмацніць эканамічную супрацу», – паабяцаў Аляксандр Лукашэнка.

Што маецца на ўвазе? Санкцыі супраць Расеі 7 гадоў таму ўвялі Еўразвяз, ЗША, Канада, Аўстралія ды іншыя дэмакратычныя дзяржавы – за ўзброеную анексію Крыму, увядзенне гібрыдных войскаў у Данецкую і Луганскую вобласці і артылерыйскія абстрэлы ўкраінскай тэрыторыі з Растоўскай вобласці. У адказ Крэмль увёў эмбарга – забараніў аграрную прадукцыю з гэтых краінаў.

У адзін момант з расейскіх крамаў зніклі літоўскія ёгурты, французскі сыр, польскія яблыкі. Фактычна, грамадзянаў прымусова перавялі на айчынныя харчы. А потым расейскі ўрад вылучыў з бюджэту мільярды долараў на праграмы імпартазамяшчэння аграпрадукцыі – толькі агульныя грошы раздавалі канкрэтным асобам.

«Я не магу сказаць, што падтрыманне было аказанае малому і сярэдняму бізнесу. У Расеі бенефіцыярамі сталі буйныя бізнес-структуры, якія лабіююць свае інтарэсы ва ўладных структурах», – распавядае Людміла Краўчанка, экспертка Цэнтру навукова-палітычнай думкі і ідэалогіі.

«У Расеі буйнымі чыноўнікамі, напрыклад, санэпіднагляд ці Міністэрства сельскай гаспадаркі, ёсць асобы, якія адначасова буйныя латыфундысты. Яны ўваходзяць у топ самых багатых і ўплывовых людзей Расеі», – распавядае Яўгеній Буры.

Адзін з такіх багацеяў – Дзмітрый Мядзведзеў.

«Яму належаць агромныя холдынгі праз афіляваных з ім асобаў. І яшчэ шэрагу алігархаў. Гэта было зроблена, каб яны атрымалі ў сваю кішэню чарговы куш прыбытку», – тлумачыць былы расейскі палітвязень Міхаіл Пулін.

Грунтоўнае расследаванне Фонду барацьбы з карупцыяй паказала, што былы прэзідэнт і былы прэм‘ер-міністр Расеі валодае не толькі італьянскімі вінаграднікамі, дарагімі яхтамі і шыкоўнымі палацамі, але і буйнымі агракомплексамі. Праўда, усё запісана на сваякоў, аднакурснікаў, сяброў і дабрачынныя фонды.

Расейскі ўрад нават афіцыйна абвяргаў, што жонка прэм‘ера – Святлана Мядзведзева – мае сваяцкія сувязі з кіраўніцтвам аграпрамысловага холдынгу «Міраторг» – найбуйнейшага расейскага вытворцы свініны. Але бюджэтныя грошы для алігархаў не змаглі закрыць дзіру ў харчовай бяспецы Расеі.

«Не ўсе галіны змаглі перабудавацца. Ёсць цыклы, якія патрабавалі вялізных інвестыцыяў. Гэта буйная рагатая жывёла, гэта рыба. Мы бачылі, што і малака не хапала, і сыры былі недастатковай якасці», – распавядае Людміла Краўчанка.

Кошты ўзляцелі, а якасць упала. І замест літоўскага малака расейцы сталі спажываць больш пальмавага алею.

«Самым неабароненым слаям насельніцтва даводзіцца есці прадукцыю 2-3 гатунку. Нармальнага мяса купіць немагчыма, нармальную кілбасу таксама. І атрымліваецца, што людзям з-за коштаў даводзіцца пераходзіць на харчы з соі, з бялковай сыравіны неяснага паходжання, з крахмалу», – распавядае Міхаіл Пулін.

А якасную ежу варожага для Крамля паходжання паказальна знішчаюць на звалках – перамолваюць гусеніцамі бульдозераў цэлыя фуры сыроў, яблык, мяса.

«Гэта плявок у твар усім гэтым людзям. Вы знішчаеце добрыя харчы, якія маглі б пайсці ў дзіцячы дом, нават жаўнерам, можна было б аддаць іх самым незабяспечаным грамадзянам… Ёсць версія, што за гэтым стаіць карупцыйная схема. Частка харчоў знішчаецца, раздушваецца на камеру бульдозераў, а астатняе легалізуецца, прадаецца, пераклейваюцца этыкеткі», – абураецца Міхаіл Пулін.

Сітуацыяй скарыстаўся Аляксандр Лукашэнка і ягоныя алігархі. Па-першае, павялічыліся пастаўкі беларускіх тавараў у Расею – гэтак летась туды паехала 3/4 усяго аграэкспарту.

«Ёсць групы тавараў, якія пастаўляюцца выключна ў Расею. Напрыклад, 90 % малочная прадукцыя, праслаўленыя беларускія сыры – на 95 % пастаўляюцца ў РФ», – распавядае Яўгеній Буры.

Па-другое, з’явіліся схемы кантрабанды і рээкспарту забароненых Крамлём тавараў праз Беларусь. «Белсат» зрабіў некалькі расследаванняў, і знайшоў у гэтых схемах сярод іншага і дзяржаўнага лагістычнага аператара «Белмытсервіс», і кампанію «Глобалкастам», звязаную з Віктарам Шэйманам – кіраўніком Упраўлення справамі Лукашэнкі.

«Сёння гэты артыкул прыбыткаў істотны для рэжыму Лукашэнкі, бо дазваляе праводзіць рээкспарт харчоў у РФ. Ці гатовы рэжым адмаўляцца ад гэтых прыбыткаў – знакамітыя беларускія крэветкі, ківі і бананы – не ўпэўнены», – асцярожна прагназуе Яўгеній Буры.

Так што для Лукашэнкі эмбарга паводле расейскага ўзору – гэта чарговы стрэл у нагу. Да таго ж, Беларусь не можа цалкам забяспечыць сябе аграрнай прадукцыяй.

«Каля 25 % прадукцыі сельскагаспадарчай ідзе з Еўразвязу. І каля 90 % садавіны ў Беларусі імпартныя, з іх 40 % – садавіна з Еўразвязу. Яблыкі і грушы – асноўная пазіцыя», – пералічвае Яўгеній Буры.

Чаму так? Па-першае, дзяржаўнае кіраванне менш эфектыўнае.

«Для параўнання: у Беларусі цяпер каля 2500 прыватных фермераў, а ў Польшчы іх каля 3 мільёнаў», – нагадвае Яўгеній Буры.

Па-другое, у Беларусі таксама квітнее агракарупцыя.

«Існуюць так званыя бароны АПК. Дастаткова ўзгадаць крымінальныя справы Паўлоўскага, Баскіна, і такія кампаніі, як «Біяком», «Сэрвалюкс», «Консіл», якія ў некалькі разоў завышалі кошт на розныя біядадаткі, кармы ды іншыя тавары сельскагаспадарчага прызначэння. Так, крымінальныя справы былі распачатыя, схемы раскрытыя… Людзі на свабодзе, людзі адкупіліся, і схемы як існавалі, так і існуюць і цяпер», – тлумачыць былы дарадца Савету Бяспекі.

Кіраўнік кампаніі «Сэрвалюкс» Яўгеній Баскін быў затрыманы 5 гадоў таму. А вось ён жа год таму прымае Аляксандра Лукашэнку на вытворчасці.

Увязацца ў гандлёвую вайну з дэмакратычнымі дзяржавамі можна хутка – адным указам. Але санкцыі – гэта надоўга, і перамагчы ў гэтым супрацьстаянні можа толькі той, хто мае запас магутнасці і выхад на розныя рынкі. Таму беларускія дэмакратычныя сілы ў праграме зменаў маюць дыверсіфікацыю – пашырэнне гандлю з блізкімі і далёкімі суседзямі, каб мы не залежалі ад настрояў у Крамлі.

Памятайма, што Беларусь месціцца ў самым цэнтры Еўропы, і наш гандлёвы і лагістычны патэнцыял яшчэ чакае рэалізацыі. З вамі быў Яраслаў Сцешык, сустрэнемся роўна праз тыдзень на Белсаце, абмяркуем Глабальнае пытанне.