Беларусы заваявалі давер украінцаў цаною ўласнага жыцця


Герой гэтага выдання «Маю права на жыццё», каліновец Дзяніс (Кіт), змагаецца з расейскай акупацыяй ва Украіне з 2015 года. Ён далучыўся да шэрагаў добраахвотнікаў палка «Азоў» на Данбасе ў 18-гадовым узросце.

24 лютага 2022 года, а 5-й ранку, калі на Кіеў паляцелі ракеты, Кіт адправіўся ў пункт збору добраахвотнікаў, прыхапіўшы два падрыхтаваныя загадзя заплечнікі. Далей ваяры накіраваліся ў бок Гастомэлю. Задачаю групы Кіта было сустрэць калону ворага на тэхніцы і не даць ёй прарвацца ў бок Бучы.

Пад Бучаю ваяры вытрымалі вельмі цяжкі бой, нанеслі ворагу вялікія страты. Было знішчана некалькі адзінак варожай тэхнікі, некалькі дзясяткаў варожай пяхоты, нягледзячы на тое, што ў абаронцаў не было ніякай бранятэхнікі, з цяжкай зброі ў іх былі толькі ручныя гранатамёты і кулямёты.

«Прыйшлося трымаць абарону каля 12 гадзін у атачэнні, у комплексе пад назвай «Villa San Marino». Апынуліся ў атачэнні варожай тэхнікі. Прымалі бой у будынках. Атрымалася эвакуяваць першых цяжкіх параненых. А калі надышоў час забіраць нас, ужо было занадта позна, бо мы былі ў поўным атачэнні варожай тэхнікі.Тое, што мы ўрэшце выжылі і яшчэ выратавалі некаторых параненых, было на мяжы фантастыкі. Шчыра кажучы, я ў гэты мала верыў», – узгадвае Кіт.

Падчас гэтага бою загінуў сябра нашага героя – Ілля (Ліцвін) Хрэнаў. Цяжка паранілі яшчэ аднаго сябра – беларускага добраахвотніка з пазыўным Псіхолаг. Яму ампутавалі нагу, але ён мае намер вярнуцца ў шыхт пасля рэабілітацыі.

Дзяніса ў тым баі параніла ў левую руку. Ён атрымаў аскепачнае раненне, адзін аскепак дасталі, а яшчэ два засталіся глыбока ў руцэ, няма магчымасці іх дастаць. Але, як кажа Дзяніс, аскепкі ўжо прыжыліся і не турбуюць яго.

Кіт адзначыў высокі ўзровень падрыхтаванасці беларускіх добраахвотнікаў, распавёў, што каліноўцы наладзілі паўнавартаснае навучанне: якасна трэнуюць і рыхтуюць навічкоў. Толькі пасля навучання байцы накіроўваюцца ў баявыя групы. З першы дзён вайны байцы батальёну бяруць удзел у баявых дзеяннях.

Батальён імя К. Каліноўскага – месца збору беларусаў, якія гатовыя ваяваць і ваююць. Гэтага беларускія ваяры дабіліся цяжкай працай, дамагаліся крэдыту даверу ад украінцаў. У Ворзэлі, пад Бучай не словам, а справай паказалі, што беларусы гатовыя ўдзельнічаць у самых гарачых баях, і ў тым ліку коштам жыцця.

Hавiны
Батальён імя Каліноўскага ўвайшоў у склад Збройных сілаў Украіны
2022.03.26 08:58

«Усё гэта ў сукупнасці паказала нашыя сурʼёзныя намеры. Мы і далей будзем стаяць на абароне Украіны. Але таксама ўсе павінны разумець, што беларусы не спыняцца, абароняць Украіну і накіруюцца вызваляць Беларусь. Гэта таксама трэба разумець. І наш батальён у гэтых пытаннях салідарны з жаданнем байцоў, гэта таксама наша мэта», – адзначае Кіт.

Беларускія добраахвотнікі гатовыя аддаваць самае дарагое, свае жыцці, сваю кроў, і з гэтага можна рабіць выснову аб дапамозе беларусаў ва Украіне.

«Хочацца сказаць, што за кожную пралітую кроплю крыві нашых герояў мы будзем помсціць, бязлітасна, без спагады. У палон мы браць не будзем, будзем помсціць!»

Праваабарончую праграму «Маю права» глядзіце на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы»на нашай старонцы.

Калаж з фота: president.gov.ua; Батальён Кастуся Каліноўскага / telegram