Галоўная бітва наперадзе. Ці змогуць беларусы супрацьстаяць «русскому миру»?


У 2014 годзе ўлады Расеі казалі, што анексавалі Крым для абароны расейскамоўнага насельніцтва. А цяпер Дзяржаўная Дума абмяркоўвае закон, згодна з якім суайчыннікам расейцаў можна будзе лічыць людзей, якія размаўляюць на расейкай мове. Атрымліваецца, што заўтра расейцы змогуць прыйсці «абараняць» ад прыгнёту беларусаў?

Ці разумеюць беларусы ўсю небяспеку, якая сыходзіць ад Расеі? Што можна супрацьпаставіць наступу «русского мира»? І якой павінна быць моўная палітыка беларускіх уладаў? На гэтыя ды іншыя пытанні адказваюць эксперты і госці ток-шоу «План: Б».

Вядома, што Расейская праваслаўная царква афіляваная з дзяржаўнымі структурамі ў Расеі і Беларусі. Але ці сапраўды царква – праваднік ідэяў «русского мира»? Айцец Аляксандр Шрамко адзначае, што ўплыў царквы можа мець як станоўчы, так адмоўны характар. І прыводзіць адзін з негатыўных прыкладаў.

«Цяпер вельмі актыўна раскручваецца, асабліва ў колах кансерватыўных і царкоўных, што ніякіх украінцаў і беларусаў няма. Гэта ўсё расейцы, якія маюць свае дыялекты. Гэта ўсё Расея на самай справе».

Пасля злачынстваў расейскага войска, аб якіх даведаўся ўвесь свет, перспектывы «русского мира» як ідэі былі пахаваныя, лічыць Данііл Канстанцінаў, палітык, кіраўнік Расейскага еўрапейскага руху.

«Пасля таго, як «русский мир» быў паказаны ў якасці ракетаў, якія падаюць на чыгуначныя вакзалы з уцекачамі, расстрэлаў без суда і іншай сваволі расейскага войска, пасля ўсяго гэтага выкарыстоўваць гэтае словазлучэнне прыстойнаму чалавеку ў сучасным свеце немагчыма. Таму, напэўна, «русский мир» як альтэрнатыўны праект супакоіцца на гэтым моманце».

На жаль, Расея заўсёды праводзіла агрэсіўную палітыку ў дачыненні сваіх суседзяў. І тыя жахі, якія ўвесь свет пабачыў цяпер ва Украіне, адбываліся даўней і з Беларуссю. Пра гэта апавёў літаратар Сяргей Дубавец.

«Гэта мы зараз глядзім на жахі ва Украіне, але гэта ўжо было. І ў Беларусі таксама. Кастусь Каліноўскі яшчэ ў 1864 годзе прамовіў сваё словы з-пад шыбеніцы перад павешаннем, што «толькі тады, народзе, зажывеш шчасліва, калі над табой ужо маскаля не будзе».

Таксама ў праграме:

  • «Русский мир» у Беларусі перамог? Святлана Алексіевіч і Аляксандр Філіпенка – беларускія ці расейскія пісьменнікі?
  • Так склалася гістарычна. Як мэтанакіравана праводзілася русіфікацыя Беларусі
  • Павінны быць валявыя крокі. Што можа адрадзіць беларушчыну ў будучым

Глядзіце ток-шоу «План Б» на YouTube-канале «Белсат News», у праграме «Belsat Smart» для тэлевізараў з функцыяй «Smart», на мабільных прыладах з сістэмамі iOS і «Android», a таксама ў эфіры «Белсату».