Беларусь магла перажыць другі Чарнобыль


Да чарговай гадавіны чарнобыльскай аварыі Беларусь магла атрымаць другое воблака чарнобыльскай радыяцыі. Расейскія войскі ва Украіне захапілі Чарнобыльскую АЭС. У выніку баёў былі пашкоджаныя лініі электрасілкавання станцыі. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў у інтэрв’ю японскаму журналісту.

Гэта пацвярджаюць і ўкраінскія адмыслоўцы. Сэнс праблемы ў тым, што атамныя электрастанцыі пасля сябе пакідаюць шмат радыеактыўных адпадаў – адпрацаванага паліва. Першапачаткова яно гарачае – каля 1000 градусаў, і пакуль яно не астыне, яго нельга вывезці. А ахалоджваецца яно вельмі доўга – гадоў 40. І ўвесь гэты час захоўваецца ў спецыяльных басейнах з вадой, якая не дае паліву перагравацца.

«Таму гэтыя басейны павінны ахалоджвацца. І пры адсутнасці вонкавага энергасілкавання проста перастае прапампоўвацца вада праз гэтыя басейны», – тлумачыць фізік-ядравік Андрэй Ажароўскі.

Цяпер на Чарнобыльскай станцыі захоўваецца каля 20 тысяч кубічных метраў такіх адкідаў – гэта як некалькі алімпійскіх басейнаў. Яны не вельмі свежыя, а значыць ужо павольней награюцца. Але адмыслоўцы кажуць, што калі б цягам тыдня на станцыі не аднавілася энергазабеспячэнне, то пажару з выкідам радыяцыі было б не пазбегнуць. Хіба што маштаб аварыі быў бы не такі вялікі як у 1986-м годзе.

Сама Чарнобыльская станцыя хоць не з’яўляецца дзейнай, аднак яшчэ не зачынена цалкам. Украінскія адмыслоўцы звяртаюць увагу, што яна дагэтуль знаходзіцца на стадыі зняцця з эксплуатацыі, на ёй працуе кожную змену каля 300 чалавек. У саміх рэактарах ужо няма радыеактыўнага паліва, аднак яно засталося на 4-ым энергаблоку, які выбухнуў.

У 2016 годзе над ім пабудавалі так званы аб’ект «Укрыцце», які зніжае гэтае радыяцыйнае поле. Аднак калі ў яго выпадкова патрапіць ракета падчас ваенных дзеянняў і ўкрыцце будзе разбурана, радыяцыю нішто не будзе стрымліваць.

Аналітыка
Руды лес, акопы і радыяцыя: якія наступствы будзе мець прысутнасць расейскіх вайскоўцаў у зоне адчужэння
2022.04.11 11:55

На тэрыторыі Украіны ёсць яшчэ 4 дзейных атамных станцыі і падчас вайны яны працягваюць працаваць. Звычайна такія аб’екты маюць розныя сістэмы абароны на выпадак магчымых і не магчымых аварыйных сітуацый. Але толькі не на выпадак вайны.

Каментуе Майкл Шнайдэр, эксперт у атамнай энергетыцы:

«Гэтыя збудаванні былі ўзведзеныя дзеля мэтаў мірнага часу, і ні на якой атамнай станцыі, ні ва Украіне, ні дзе б там ні было, не прадугледжаная абарона ад сітуацыі вайны, што мы назіраем цяпер ва Украіне. Цалкам відавочна, што ёсць асноўныя, прыступныя да нападу месцы, нават для выпадковай атакі, скіду бомбаў ці абстрэлаў, якія могуць мець сур’ёзныя наступствы для атамнага аб’екту ва Украіне».

Атамныя станцыі могуць вытрымаць землятрусы, у іх прадугледжаныя сістэмы абароны ад аварый, пажараў і нават тэрарыстычных атак. Сучасныя рэактары маюць герметычную абалонку, што працуе як абарона ад выкідаў у выпадку аварыі. Але ўсё гэта абарона толькі ад тэхнагенных унутраных шокаў, распавядае фізік-ядравік Андрэй Ажароўскі:.

«Яны [ядравыя рэактары] могуць быць разбураныя пры траплянні буйнога калібру, пры траплянні крылатых ракетаў, траплянні авіябомбаў. Гэты найгоршы сцэнар, дзякуй Богу, не рэалізаваўся пакуль. Калі рэактар працуе, то бок калі там ёсць пад ціскам вада, пар і радыенукліды ўнутры рэактара, падчас разбурэння ўсяго гэтага ціск выкідвае ўсё накопленае ў навакольнае асяроддзе, і мы атрымліваем забруджванне, якое можна параўнаць у маштабах з Чарнобылем».

Ці сапраўды Украіна можа мець ядравую зброю?Чаму Лукашэнка хоча «распячатаць» чарнобыльскую зону? Ці варта абрабляць забруджаныя тэрыторыі? Ці можа Беларуская АЭС пагражаць радыяцыйнай бяспецы? Адказы на гэтыя ды іншыя пытанні глядзіце ў праграме «Шчыра кажучы» з Арынаю Маліноўскай.

Праграма «Шчыра кажучы» выходзіць штосераду а 19:05 у эфіры «Белсату», а таксама на нашым YouTube-канале.

Фота: Komsomolskaya Pravda / Russian Look / Forum