Патрэбная дапамога родным палітвязня Рыгора Кастусёва


Сёння шмат у якіх краінах свету ладзяцца акцыі, дзе беларускія дыяспары патрабуюць ад рэжыму забяспечыць медычную дапамогу палітычным вязням. Першае імя ў гэтым спісе – Рыгор Кастусёў, які кепска сябе адчувае, ёсць падазрэнне на анкалогію. Падтрымаць спадара Рыгора можна, дапамагаючы ягоным дзецям і ўнукам. У аднаго з унукаў – ДЦП.

Дачка і зяць Рыгора Кастусёва з дзецьмі на пікеце ў падтрымку палітвязняў.
Фота: «Беларус беларусу»

Спадар Рыгор – выдатны дзядуля, заўжды апекаваўся ўнукамі ды іхным здароўем.

«Калі ён забіраў нас пасля трэнавання, мы хадзілі ў краму насупраць. Там куплялі булачкі перакусіць. І калі ў краму не ўдавалася схадзіць, прыходзілі макарону елі. І пілі цёплую гарбату, каб сагрэцца. Дамініка хадзіла да яго займацца яшчэ матэматыкай. Яна яму набірае на тэлефон і кажа: «Нешта дзед неяк дзіўна адказаў мне. Падняў трубку. Сказаў: «У мяне важныя госці». І паклаў трубку. Усё». Дзесьці праз паўгадзіны мы пачалі яму зноў тэлефанаваць. Ён ужо не падымаў. Патэлефанаваў сусед Дзіма і сказаў, што каля нашага дому стаіць машына з менскімі нумарамі, нехта там ходзіць вакол.

Ужо позна ўвечары, калі мы клаліся спаць, патэлефанаваў незнаёмы нумар. Тэлефанаваў супрацоўнік КДБ і сказаў, што ваш тата, Кастусёў Рыгор, цяпер у СІЗА КДБ… Амаль тыдзень мы нічога не ведалі», – успамінаюць родныя.

Спадар Рыгор рады, што ягоныя дзеці і ўнукі ў бяспецы. Але стан здароўя выклікае вялікую заклапочанасць.

Hавiны
Лідару Партыі БНФ Рыгору Кастусёву патрэбная тэрміновая аперацыя
2021.11.05 12:42

«Мне вельмі не стае размоваў з татам… Проста патэлефанаваць і пагаварыць», – кажа дачка Галіна.

«Самае складанае для сям’і – тое, што ў малога Антося праблемы са здароўем. Страхоўка не дазваляе атрымаць нармальнай рэабілітацыі. У Беларусі была адладжаная сістэма. Цяпер у хлопчыка няма так неабходных заняткаў у басейне, масажу, ЛФК. Праз тое цяпер прайшоў адкат у развіцці дзіцяці…

Старэйшыя дзеці трэнуюцца ў скалалажанні, у Яна нават юнацкі разрад быў. Але, на жаль, пакуль не можам сабе дазволіць аднавіць трэнаванняў – у басейне і на скаладроме», – кажуць заклапочаныя бацькі Зміцер і Галіна.

Зміцер на шпацыры з сынам.
Фота: «Беларус беларусу»

«Нам бы яшчэ хацелася для нашай сям’і кампʼютар. Наш ноўтбук вельмі старэнькі, амаль не працуе. А дзецям трэба займацца. Ды яшчэ ў школе вядуцца размовы, што, можа быць, давядзецца пераходзіць на дыстанцыйнае навучанне. Гэта яшчэ не дакладна, але раптам… Таму калі можна нам дапамагчы, то мы б хацелі кампʼютар з вялікім экранам. Каб больш зручна было рабіць урокі», – дзеляцца сваімі жаданнямі і патрэбамі родныя Рыгора Кастусёва.

Цяжка эміграваць нават з адным дзіцём. А калі іх чацвёра? А адно мае асаблівасці развіцця?.. Падтрымку і неабходнасць у дапамозе мае перадусім 7-гадовы Антось з дыягназам ДЦП. Ягоная рэабілітацыя была спыненая праз тэрміновы пераезд і адсутнасць сродкаў у бацькоў. А старэйшыя дзеці, Янка і Дамініка, былі б удзячныя за магчымасць аднавіць заняткі ў спартовых секцыях.

Калі б вы хоць нечым маглі дапамагчы нашым героям, лістуйце нам: belarus2belarus@gmail.com

Далучайся да нашых суполак у Facebook ды Instagram.

І памятайце: беларус беларусу – любоў, падтрымка і перамога. Дзе мы разам – там і Беларусь.

Праграму «Беларус беларусу» глядзіце кожную пятніцу а 18:50 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, наYouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.