19 год пасля дэбюту. Як БАТЭ распачынаў свой шлях у Лізе чэмпіёнаў?


Сімпатычны паўднёвапольскі гарадок Глівіцэ ў Верхняй Сілезіі быў заснаваны яшчэ ў 13 стагоддзі ў перыяд позняга сярэднявечча і мае не толькі багатую гісторыю ды арыгінальную архітэктуру, але і яшчэ шмат разнастайных культурных ды спартовых аб’ектаў. На 180 тысячаў насельніцтва тут 7 вялікіх спартовых залаў, культурніцка-спартовы цэнтр, крытая «Арэна «Глівіцэ» і 10-тысячны гарадскі стадыён.

Барысаўскі БАТЭ, як і мясцовы клуб, што стаўся нечаканым чэмпіёнам краіны, распачынаў свой доўгі і багаты шлях у Лізе чэмпіёнаў УЕФА таксама на стадыёне з банальнаю назваю «Гарадскі» роўна 19 гадоў таму, 19 ліпеня 2000-га прыняўшы на запоўненай пад завязку мясцовай невялікай пяцітысячнай арэне армянскі «Шырак». І паля выязной нічыёй у горадзе Гюмры 1:1, здолеў перамагчы суперніка ўдома 2:1, пракрочыўшы ў другі кваліфікацыйны раўнд з цяперашнім галоўным трэнерам Аляксеем Багам у асноўным складзе на пазіцыі абаронцы.

Праз два сезоны БАТЭ зноў стартаваў у Лізе чэмпіёнаў, але не прайшоў і дэбютнага раўнду кваліфікацыі. Як і ў 2007-м. А з 2008-га барысаўцы распачыналі ў галоўным клубным турніры кантыненту выключна з другой кваліфікацыі, пакуль сёлета жыццё не прымусіла зноў апусціцца ніжэй.

Сёлета БАТЭ абавязаны быў прайсці абсалютнага дэбютанта Лігі чэмпіёнаў – польскі «Пяст» – і зрабіў гэта, крыху паддаўшы пару толькі напрыканцы матчу ў адказ. Наступны раўнд таксама трэба будзе распачынаць з хатнім задзелам. Але супернік – значна больш дасведчаны – нарвежскі «Русэнборг». Першы двубой 24 ліпеня на «Барысаў-Арэне» а 20-й гадзіне.

«Дынама» выбыла па справе

Праўда, чацвёрты запар удзел «Русэнборгу» у Лізе чэмпіёнаў пасля такога ж чатырохгадовага перапынку з выступам у Лізе Еўропы зусім не значыць, што каманда сёлета надта канкурэнтаздольная. Бо, напрыклад, менскае «Дынама» таксама мае багатую гісторыю ўдзелу ў Еўратурнірах яшчэ з часоў Савецкага Саюзу, але цяпер наш некалі флагман па сутнасці, прабачце, развалюха. Менчукі сёлета не здолелі прайсці і першага кваліфікацыйнага раўнду Лігі Еўропы УЕФА. У Ліепаі яшчэ зачапілі нічыю 1:1, але ў хатнім матчы з латвійскімі гасцямі «Дынама» зноў першае прапусціла, але цяпер і не ўпільнавала другой галявой атакі супернікаў, ветліва адправіўшы «Ліепаю» у другі раўнд кваліфікацыі.

На што галоўны трэнер бронзавых прызёраў чэмпіянату Беларусі Сяргей Гурэнка заўважыў: не прайшлі заслужана па нашай гульні. Але нават калі б мы і трапілі ў наступны этап – што б мы там рабілі? Дзмітрый Біланог, паўабаронца ФК «Дынама» (Менск):

«Калі сумленна, то вельмі цяжка сказаць, што не атрымалася. Думаю, не атрымалася больш каманднай гульні менавіта пры пачатку атакі суперніка. Спачатку мы прапусцілі гол з-за нейкіх не тых перасоўванняў, якія мы павінныя былі рабіць. Потым ужо супернік вялікімі сіламі абараняўся і напэўна было цяжкавата. Але гэта нам не апраўданне. Мы такую каманду павінныя былі, калі сумленна, на адной назе праходзіць».

Сяргей Гурэнка, галоўны трэнер ФК «Дынама» (Менск):

«Лічу, што прагулялі заканамерна. Першы тайм быў проста жахлівы. Гулялі на адлегласці, а планавалі зусім па-іншаму. Думаю, можа шмат эмоцыяў пакінулі ў Берасці. Але што зробіш. Вынік відавочны. Тыя моманты, што былі, мы не зрэалізавалі, а дзве памылкі ў абароне… Прагульвае тая каманда, якая дапускае памылкі ў абароне».

Аляксандр Старкоў, галоўны трэнер ФК «Ліепая»:

«Ці ціснуў аўтарытэт «Дынама»? Калі ціснуў, то хутчэй на мяне. Бо нямногія ўвогуле былі ў Менску з нашай каманды і не ведаюць, што гэта каманда з вялікай гісторыяй. Я магу ўзгадаць, што мы там, страшна распавесці, 20 год таму гулялі са «Сконта» тут, ці калісьці другі трэнер нашай каманды Юрый Шаўлюкоў гуляў за зборную Латвіі, калі мы гулялі супраць зборнай Беларусі. Дарэчы, ён мячы забіваў, ён быў цэнтральны абаронца. Вось гэта гісторыя. А цяперашняе пакаленне наўрад ці гэта памятае. Тым не меней мы зразумелі, калі ўехалі ў горад, што гэта вялікі горад, вялікая краіна і добры стадыён. Так што, дзякую за добры прыём, у тым ліку і з вынікам на табло».

Другі гол «Віцебску» не ўдаўся

Слязлівае надворʼе цягам усяго дня ў Віцебску не ператварылася ў сонца ў душах заўзятараў мясцовага футбольнага клубу, які не здолеў адгуляць двухгалявой розніцы ў процістаянні з фінскім «Куапіён Паласэўра». Але пункт віцебчукі з расейскамоўным напісаннем прозвішчаў на футболках адстаялі. Пасля 0:2 у гасцях хатнія 1:1 і ў цэлым станоўчыя адзнакі заўзятараў:

«У цэлым нядрэнна: першы тайм – малайцы. У другім каманда адразу падсела, страціла духам. Але першы тайм падараваў гораду свята».

«Выступ станоўчы. Чаму? Таму што за 20 год упершыню яны, здаецца, выступаюць у еўракубках і нармальны вынік».

«Вельмі добра выступала нашая каманда. Я вельмі цешуся за іх. І мне вельмі спадабалася, як яны гулялі».

«Хлопцы прыгожа згулялі, усё пісьменна зрабілі. Арцём Скітоў – малайчына. Капітан каманды».

«Здаецца, я чакаў ад «Віцебску» большага. Распачыналі прыгожа. Праведзены мяч. Незалічаны гол. Маглі б, напэўна, згуляць лепей. Але пасля забітага фінамі мяча – згубіліся».

Гарнякі ўтрымалі марку

Салігорскі «Шахцёр» – другі і апошні беларускі клуб, які выбраўся з першага раўнду кваліфікацыі Еўракубкаў. Гарнякі двойчы перамаглі мальтыйскі «Гібэрніянз» з аднолькавым лікам 1:0 і паспяхова выйшлі на дацкі «Эсбʼерг», якога 25 ліпеня прымуць у сябе, а матч у адказ правядуць 1 жніўня.

Аляксандр Пуціла, belsat.eu

Фота: Nigel French / Press Association / Forum