Шантаж праваліўся: куды Пуцін запхне вуглевадароды?

Яна можа прынесці безліч грошай, але стаць праклёнам цэлага народу. З яе зроблена шмат усяго навокал, і ў яе мы, людзі, можам калісьці ператварыцца. Гэта «каменны алей», які палілі яшчэ ў Вавілоне і Старажытнай Грэцыі. Нафта. У «Глабальным пытанні» з Яраславам Сцешыкам паглядзім на сувязь між вуглевадародамі ды агрэсіўнаю вайною.

Нафтавае эмбарга Еўразвязу яшчэ не набыло моц, а Масква ўжо страчвае нафтадолары. Як падлічыла Міжнароднае энергетычнае агенцтва, толькі за ліпень прыбыткі Расеі ад экспарту нафты ўпалі на $ 2 млрд ($ 19 млрд у параўнанні з $ 21 млрд за папярэдні месяц). Прычына – і абʼёмы здабычы скараціліся, і кошты астылі, цяпер яны каля $ 80–90 за барэль у залежнасці ад маркі. Кіраўнік Венесуэлы нават запатрабаваў ад міжнароднага картэлю ОПЭК+ зрабіць усё, каб утрымаць кошт хаця б на $ 100 за барэль.

«Сляпыя, якія не хочуць бачыць. Гэта эліты Еўропы і Злучаных Штатаў. Яны настойваюць на санкцыях супраць Расеі, яны ствараюць энергетычны крызіс, які бʼе па эканоміцы, па гандлі, па стабільнасці ўсяго свету!» – крычаў з трыбуны Нікаляс Мадура, выступаючы ў тэлебачанні.

Кошты ўпалі, не зважаючы на нядаўнія пагрозы Уладзіміра Пуціна закруціць усе краны, калі Еўразвяз уключыць абмежаванне кошту на расейскую нафту – новы механізм прымусу Масквы да вываду войскаў з Украіны.

«Наагул не будзем нічога пастаўляць, калі гэта супярэчыць нашым інтарэсам, у гэтым выпадку эканамічным. Ні газ не будзем пастаўляць, ні нафты, ні вугалю, ні мазуту, нічога», – пагражаў Пуцін на эканамічным форуме ў Пецярбурзе.

Але хто ад гэтага пацярпіць, калі пагрозы Пуціна стануць рэчаіснасцю? Перакіраваць у Азію столькі ж нафты і газу, колькі купляе Еўропа, немагчыма тэхнічна.

«Гэта 50–60 % экспарту, гэта больш за 25 % бюджэту. Гэта той тавар, без якога расейская эканоміка ляснулася б», – нагадвае прэзідэнт Навукова-даследчага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук.

А з гэтага бюджэту Міністэрства абароны купляе танкі і снарады ды плаціць заробкі салдатам і афіцэрам.

«Яшчэ старажытныя грэкі казалі, што вайна – гэта найперш грошы. Калі ў вас ёсць грошы, вы можаце весці войны. Калі іх мала ці зусім няма, то лепш не пачынаць», – тлумачыць палітолаг і каардынатар міжнароднай дапамогі Офісу Святланы Ціханоўскай Андрэй Ягораў.

З 5 снежня дзяржавы «Вялікай сямёркі» ўводзяць абмежаванне коштаў на расейскую нафту. Як гэта будзе працаваць? Страхавыя і лагістычныя кампаніі не будуць працаваць з танкерамі па кантрактах, дзе расейская нафта каштуе, напрыклад, больш за $ 60 за барэль. Ці за $ 50. Як дамовяцца. Каб танкер выйшаў з порту, Расея будзе вымушаная пагадзіцца на такія ўмовы, а наймацнейшыя эканомікі свету не будуць галадаць без паліва.

Папярэднія санкцыі краінаў Захаду, уведзеныя за анексію Крыму і гібрыдную агрэсію на Данбасе, забаранялі пастаўкі ў Расею высокатэхналагічнага абсталявання для здабычы нафты. А яно крытычна важнае, калі гаворка пра вязкую сыравіну маркі «Urals» і радовішчы ў каляпалярных раёнах.

«Патрэбныя такія каронкі, якія не разбурацца праз 100 метраў бурэння. Трэба адмысловыя помпы, каб падаваць раствор, трэба адмысловыя рухавікі, каб гэта ўсё варочаць», – тлумачыць тлумачыць Сяргей Кадурын, дацэнт у Адэскім нацыянальным універсітэце.

Тыя ранейшыя санкцыі паднялі сабекошт здабычы, але не спынілі расейскай агрэсіі. А моцныя еўрапейскія гаспадаркі засталіся залежнымі ад Масквы.
Ёсць пытанне да кіраўнікоў Нямеччыны: а дзе вы былі 8 гадоў?

«Палітыка Еўразвязу была скіраваная на актыўнае прыцягненне расейскіх кампаніяў да супольных праектаў. Лічылася, што супольная праца прывядзе да змены геапалітычных памкненняў Расейскай Федэрацыі», – распавядае эксперт у эканамічных пытаннях Генадзій Рабцаў.

Але ў Маскве прапанову супрацы з цывілізаваным светам палічылі слабасцю…

Яшчэ адна прычына, чаму нельга ў момант адмовіцца ад буйных паставак нафты, – гэта крытычна важная сыравіна і крыніца не толькі паліва для аўтамабіляў і авіяцыі.

«Мы вырабляем газу, бензін, мазут, больш складаныя спалучэнні. Таксама нафта – галоўны выкапень для хімічнай прамысловасці. Усе пластыкі, усе палімерныя спалучэнні – таксама вытворчыя ад нафты», – пералічвае Сяргей Кадурын.

Касметыка, фарбы, сінтэтычная вопратка, гума для колаў і асфальт, па якім едуць гумавыя колы, – усё гэта робіцца з нафты. Чым больш насельніцтва Зямлі, тым больш вуглевадародаў нам трэба. На шчасце, навука прыйшла на дапамогу і дала чалавецтву сланцавую нафту.

«Пра яе ведалі, і даўно. Але здабываць тэхналагічна са сланцаў было скрайне дорага і па сутнасці нерэнтабельна. Пачынаючы з 2014 года, у ЗША была распрацаваная адмысловая тэхналогія здабычы нафты ці вуглевадароднай сыравіны менавіта з гэтых сланцаў», – распавядае навуковец.

Мы ўжо распавядалі пра сланцавую рэвалюцыю на прыкладзе здабычы газу. На глыбіню свідравіны запампоўваюць адмысловую вадкую сумесь з хімікатамі, якая разрывае пласты горнай пароды і вызваляе газ, тады яго выцягваюць на паверхню. Гэтая здабыча, у адрозненне ад традыцыйнай, патрабуе высокага ўзроўню дакладнасці і высокатэхналагічнага абсталявання.

«Гэта мусіць быць адмысловае абсталяванне, якое зможа разгарнуць гэты цяжкі буравы інструмент на 90 градусаў», – тлумачыць Сяргей Кадурын.

Асвоіўшы спецбур, тэхналогію гідраразрыву і адмысловыя хімікаты, Злучаныя Штаты не толькі збілі ўнутраныя кошты на газ і нафту, але і сталі прадаваць вуглевадароды на экспарт. Хаця не заўжды вялікія прыбыткі нясуць сапраўднае развіццё.

Сярод дзяржаваў – лідараў здабычы нафты нямала тых, дзе людзі жывуць бедна, нават у часы высокіх нафтавых коштаў. Расея, Саудаўская Аравія і Абʼяднаныя Арабскія Эміраты, Лівія, Іран і Ірак – гэта краіны, дзе пануюць дыктатуры, якія часам змяняюцца рэвалюцыямі ці войнамі, а правы чалавека амаль нічога не значаць. Венесуэла, дзе найбольш запасаў нафты ў свеце, у выніку сацыялістычнай палітыкі Нікаляса Мадуры сёння змагаецца з голадам і, як ні дзіўна, дэфіцытам бензіну. Атрымліваецца, можна сядзець на барэлі і жыць у галечы. Чаму так?

«Там, дзе ёсць багатыя карысныя выкапні, у тым ліку нафта, ёсць такая спакуса жыць на гэтых рэсурсах, не развівацца. І там зазвычай усталёўваюцца таталітарныя рэжымы, якія даволі доўга могуць існаваць», – тлумачыць Андрэй Ягораў.

Напрыклад, у нафтаносным Азербайджане Гэйдар Аліеў перадаў татальную ўладу свайму сыну Ільхаму Аліеву. Перадаў разам з «нафтавым праклёнам».

«Краіна, якая выпадае з гэтага шэрагу, – Беларусь. Бо ў нас няма нафты, карысных выкапняў. Але Беларусь эксплуатуе расейскую нафту, якую атрымоўвае па зніжаных коштах», – нагадвае палітолаг.

Ад продажу нафтапрадуктаў моцна залежыць прыбытак валюты.

«Гэта 75 % экспарту ў Еўразвяз – перапрацоўкі расейскай нафты, а таксама больш за 70 % ад экспарту ва Украіну», – кажа Яраслаў Раманчук.

Наш «нафтавы праклён» – гэта залежнасць ад выпрашанай у Пуціна зніжкі на нафту. Хаця тэхнічна Беларусь можа купляць сыравіну на сусветным рынку – праз Адэсу і латвійскія парты, рэверсам праз нафтаправод «Дружба».

«Мэтазгодна рабіць, каб Беларусь мела 2, 3, 4 крыніцы дастаўкі паліва, нафтапрадуктаў, энерганосьбітаў», – падкрэслівае эканаміст.

Сённяшні лад наўрад ці зменіцца, пакуль у Беларусі працягне панаваць дыктатура, мяркуе Яраслаў Раманчук. А дыктатура Лукашэнкі трымаецца найперш на датацыях з Расеі. Але гэтая дапамога можа знікнуць, як ужо здаралася ў гісторыі. Няма грошай – няма і салідарнасці дыктатараў.

«Зніжэнне прыбыткаў ад нафты было адным з эканамічных фактараў, які ўплываў на тое, што Савецкі Саюз апошнімі гадамі свайго існавання ці нават амаль дзесяцігоддзе быў у слабым эканамічным стане і не мог падтрымліваць сілавога апарату і весці дастаткова агрэсіўнай замежнай палітыкі», – нагадвае палітолаг і каардынатар міжнароднай дапамогі Офісу Святланы Ціханоўскай Андрэй Ягораў.

Праўда, пасля развалу Савецкага Саюзу Масква паступова вярнулася да агрэсіўнай імперскай палітыкі, асабліва выразна – пад кіраўніцтвам Уладзіміра Пуціна.

«Пагаршэнне стасункаў між Захадам і Расеяй, і ўвогуле адыход Расеі ад дэмакратыі быў больш звязаны з тым, што Расея стала атрымліваць звышпрыбыткі ад росту коштаў на нафту», – тлумачыць дырэктар інстытуту «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч.

Беларусь хоць і жыве ў залежнасці ад расейскіх зніжак на газ і нафту, можа хутчэй пазбавіцца ад сыравіннага праклёну. У нас ёсць магчымасці хуткага росту ў высокіх тэхналогіях, у ІТ, у нас дастаткова кваліфікаваных адмыслоўцаў, каб перабудаваць сваю гаспадарку. Дый еўрапейскія суседзі дапамогуць. І што яшчэ важна, беларусы не маюць імперскіх настрояў і не імкнуцца нікога заваёўваць. Што замінае нам жыць зусім па-новаму – гэта дыктатура Лукашэнкі і квазісавецкая сістэма кіравання. Але муры турмы не вечныя – калі іх разбураць, а не ўмацоўваць.

Падпісвайся на telegram Белсату

Больш матэрыялаў

Трагедыя, якая зламала сусветны парадак і дапамагла Лукашэнку

АБСЕ: сіла, якая можа спыніць вайну

Як не стаць ахвярай хакераў?

Чаму мы будзем цэлямі для ракетных удараў?

Як беларусы шыфруюцца ў інтэрнэце?

Беларусаў рыхтуюць да вайны з Украінай

Супраць каго беларусы будуць ваяваць у Казахстане?

«Белсат» прадказаў мігранцкі крызіс