Назвала амапаўца гаўністым – рэжым даў 2 гады, а беларусы падтрымалі і ўзялі на працу


Надоечы мы расказалі гісторыю рамесніцы Алены. Маці дваіх дзяцей Алену асудзілі паводле 369-га артыкулу за «абразу прадстаўніка ўлады» ў інтэрнэт-каментары. І пакаралі двума гадамі «хатняй хіміі», забавязаўшы выплаціць амапаўцу кампенсацыю 1000 рублёў. Таксама ў Алены сканфіскавалі прыватную тэхніку.

У каментары да артыкулу, у якім пагражалі знішчаць іншадумцаў рэжыму, Алена напісала: «Дробны, гаўністы, ну, нічога, трыбунал не за гарамі!» Амапавец вырашыў, што гэта адрасавана менавіта яму. І пакрыўдзіўся. На суд амапавец прыйшоў з мамай і заявіў, што Алена абразіла не толькі яго, але і ўсіх ягоных родзічаў ды маму.

Гісторыя Алены:

Рамесніцы далі два гады «хіміі», абвінаваціўшы ў абразе супрацоўніка АМАПу. На суд амапавец прыйшоў з мамай.

Фота: Белсат

«Хімія аказалася горшай, чым я чакала, бо магу выйсці з хаты толькі на працу, адзначэнне і пэўныя выхаваўчыя лекцыі, на якія выдаюць павесткі. Часта прыходзяць праверкі. Усе святы і выходныя мусіш быць у кватэры. Пастаянны кантроль. Нібыта ты дома, але насамрэч у турме», – кажа Алена.

Але беларусы не кідаюць сваіх. Неабыякавыя суайчыннікі здзейснілі сапраўдны цуд: уладкавалі Алену на працу паводле спецыяльнасці ды проста завалілі замовамі.

«Калі людзі даведаліся, што са мной адбылося, – мяне ўзялі на стажыроўку ў адну з кампаніяў на пазіцыю ўэб-дызайнера! Пасля праграмы адгукнулася вельмі шмат людзей – як незнаёмыя, так і тыя, з якімі гадамі не камунікавалі, з’явілася шмат замоваў. Некаторыя замовілі вялікія партыі ўпрыгажэнняў і нататнікаў, якія я раблю! Я адчула неймаверную салідарнасць!

Алена кажа, што свабода ўсё ж месціцца ўнутры чалавека. І яна верыць, што хутка ўсё гэта скончыцца.

Калі вы хочаце падтрымаць іншых нашых герояў (гэта можна зрабіць як публічна, так і ананімна), звярніцеся да нас: belarus2belarus@gmail.com

І памятайце: беларус беларусу – любоў, падтрымка і перамога.