Канец з кветкамі ды стужкамі – пратэстоўца ўзяўся за зброю


Старшыня «Маладога фронту» Дзяніс Урбановіч запісаўся добраахвотнікам ва ўкраінскае войска. А пакінуў ён Беларусь яшчэ перад расейскім уварваннем ва Украіну, зазнаўшы катаванняў з боку сілавікоў Лукашэнкі.

За сваю актыўную грамадзянскую пазіцыю Дзяніс неаднаразова быў пад арыштам, зазнаваў незаконны пераслед, рэпрэсіі і катаванні. Пасля шматразовых адміністратыўных затрыманняў хлопца абвінавацілі ў арганізацыі пратэстаў 2020 года і завялі крымінальную справу. Дзяніс вымушаны быў з’ехаць ад пераследу ва Украіну.

Выбарчая кампанія 2020 года пачалася для актывіста з затрымання 31 ліпеня на пікеце Сяргея Ціханоўскага ў Менску. Арышт давялося адбываць на Акрэсціна, дзе хлопцу пагражалі фізічнай расправай. Дзяніс узгадвае, што дзесьці на 7-ы дзень зайшоў начальнік Акрэсціна Яўген Шапецька з пятлёй у руцэ, загадаў выключыць камеры відэаназірання і стаў пагражаць: «Не шкадуеш ты сваіх родных: бацьку, сястру. Будзеш вісець тут, і хто скажа, што цябе павесілі? Ніхто, Урбановіч». Але гэта былі яшчэ кветачкі ў параўнанні з тым, што адбывалася падчас затрымання ў ліпені 2021 года. Дзяніса катавалі, ціснулі фізічна і псіхалагічна, збівалі і пагражалі.

«Сядзеў там у 2010-м, 2011-м, трапляў у ізалятар, былі такія моманты. Але тое, што адбывалася цяпер, – гэта мэтанакіраванае знішчэнне, будзем так казаць. Псіхалагічнае, фізічнае», – гаворыць Дзяніс.

Ад актывіста патрабавалі спыніць палітычную дзейнасць і зліквідаваць арганізацыю «Малады фронт», прымушалі запісаць відэазварот да Латушкі і Ціханоўскай ад беларускай моладзі аб спыненні заклікаў да санкцыяў і роспуску «Маладога фронту». Хлопец катэгарычна адмовіўся гэта рабіць. Дзяніса неаднаразова збівалі і катавалі супрацоўнікі ізалятару. Хлопец кажа, ужо і не думаў, што выйдзе на волю жывым.

«Маю права» ўзяло прававы каментар аб справе Дзяніса Урбановіча ў праваабаронца Сяргея Усцінава. Вось што ён кажа на гэты конт: «Згодна з арт. 128 КК РБ, гэтыя дзеянні трапляюць пад злачынства супраць бяспекі чалавецтва, там ёсць азначэнне, што такое катаванні. У гэтых злачынстваў няма тэрміну даўнасці». Улічваючы тое, што цяпер правы грамадзянаў у Беларусі не ахоўваюцца, Канстытуцыя і закон не працуе, беларусам застаецца звяртацца да міжнародных прававых механізмаў.

«Дзяржава павінна выконваць міжнародныя дамовы – гэта Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, у якім і прапісаныя ўсе правы чалавека. Права на выказванне меркавання, права не падвяргацца катаванням, ну і іншыя правы, якія павінна Беларусь выконваць», – патлумачыў спадар Усцінаў.

Пасля вызвалення з-за кратаў і прыцягнення паводле крымінальнага артыкулу наш герой з адным заплечнікам пакінуў Беларусь. Цяпер Дзяніс Урбановіч у складзе беларускай роты добраахвотнікаў ваюе на баку Украіны, бароніць яе незалежнасць.

«Беларусь цалкам залежыць на дадзены момант ад Украіны. Калі не выстаіць Украіна – Беларусі не будзе. Перамога ўсё роўна будзе за Украінай. Увесь свет за Украіну. Не думаю, што Пуцін знойдзе нейкую падтрымку ў іншых. Яго дыктатура ляснецца ў хуткім часе», – упэўнены Дзяніс.

Эксперт нашай праграмы праваабаронец Алег Агееў даў ацэнку дзеянням сілавікоў і расказаў аб прававым механізме ў рамках універсальнай юрысдыкцыі, з дапамогай якога ахвяры могуць прыцягнуць катавальнікаў да адказнасці.

Катаванні – гэта наўмыснае прычыненне моцнага фізічнага болю, фізічнай або маральнай пакуты шляхам нанясення пабояў або іншых гвалтоўных дзеянняў з мэтай прымусіць здзейсніць учынкі, якія супярэчаць іх волі. То бок Дзяніс Урбановіч, несумненна, зазнаў катаванні. Праваабаронец патлумачыў, што ёсць такі панятак у крымінальным праве, як універсальная юрысдыкцыя. Гэта калі нейкае злачынства здзяйсняецца на тэрыторыі іншай краіны грамадзянамі іншай дзяржавы. Атрымліваецца, што тых, хто катаваў у Беларусі, можна прыцягнуць да адказнасці па-за межамі нашай краіны. Наш герой цяпер жыве ва Украіне. Украіна – удзельніца многіх міжнародных пагадненняў, такіх як Канвенцыя супраць катаванняў (1973 г.), Пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах (з 1987), а таксама Рымскага статуту міжнароднага крымінальнага суда (з 2000 г.). У адпаведнасці з арт. 8 Крымінальнага кодэксу Украіны можна прыцягваць да адказнасці тых, хто здзейсніў злачынства па-за межамі краіны, нават калі яны не грамадзяне Украіны. Але гэтыя злачынствы мусяць прадугледжвацца міжнароднымі пагадненнямі Украіны ці адносіцца да катэгорыі цяжкіх або асабліва цяжкіх. У гэтай справе можна ставіць пытанне, каб прававая сістэма Украіны дала прававую ацэнку тым дзеянням, якія здзейснілі ў дачыненні грамадзяніна Беларусі, які цяпер жыве ва Украіне. Асобы, якія катавалі беларусаў, маюць усе падставы быць прыцягнутымі да адказнасці ва Украіне.

«Я разумею, што асобы ўдзельнікаў катаванняў, якія гвалтавалі нашу ахвяру, не атрымаецца высветліць, але ў гэтай справе можна ставіць пытанне (з улікам таго, што быў арганізаваны цэлы канвеер рэпрэсій і катаванняў), аб прыцягненні да адказнасці тых, хто арганізаваў катаванні на тэрыторыі Беларусі, і тых, хто даваў загады, каб беларусаў масава катавалі. Прыцягненне да адказнасці такіх асобаў магчымае, у тым ліку ў такой справе. Калісьці адбудзецца, і, магчыма, гэта будзе ва Украіне», – гаворыць наш эксперт.

Праваабарончую праграму «Маю права» глядзіце кожную пятніцу а 19:05 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы»на нашай старонцы.