Ці пацягне Лукашэнка дыктатуру, як у Кітаі? «ПраСвет» з Алінаю Коўшык


Больш пра тэмы праграмы:

Ці па сілах дыктатуры Лукашэнкі татальны кантроль над грамадствам на кітайскі ўзор?

Лукашэнка пастанавіў, як ён кажа, навесці парадак у ІТ-сектары. Прасцей кажучы, сабраць даніну і максімальна запужаць тых, хто нейкім чынам яму не спадабаўся. А таксама паставіць тэхналогіі на службу сваёй улады і поўнага кантролю над беларусамі. Але ці хопіць у рэжыму сілы на гэткі рывок? Разбіраўся Зміцер Міцкевіч.

Валер Кавалеўскі, шэф штабу Святланы Ціханоўскай, – пра мэты галасавання ў інтэрнэце і прымушэнне Лукашэнкі да перамоваў

Перамовы вядуць нават на вайне, лічыць Валер Кавалеўскі, кіраўнік кабінету Святланы Ціханоўскай. Палітык тлумачыць сэнс агульнанацыянальнага онлайн-галасавання, якое запусціла Святлана Ціханоўская. Дзеліцца стратэгіяй і магчымымі тэрмінамі перамоваў з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі. Валер Кавалеўскі распавядае пра план «Б»: што рабіць, калі незаконны кіраўнік Беларусі ўпрэцца рогам і не пойдзе на перамовы? Інтэрв’ю Аліны Коўшык.

Лукашэнка прапаноўвае касметычныя змены ў Канстытуцыю замест рэвалюцыі

Выйсцем з сітуацыі ў Беларусі могуць стацца папраўкі ў Канстытуцыю. Такое меркаванне выказаў сталы прадстаўнік Беларусі пры Аддзяленні ААН ды іншых міжнародных арганізацыяў у Жэневе Юрый Амбразевіч у інтэрв’ю швейцарскай тэлерадыёкампаніі «RTS». Нелегітымныя ўлады выразна паказваюць шлях да пераменаў. Ці згодныя ісці гэтым шляхам беларусы і дэмакратычная апазіцыя? І як гэта рабілі суседзі? Сюжэт Юліі Лабанавай.

Бельгіец апублікаваў кнігу пра беларускую рэвалюцыю. Інтэрв’ю з аўтарам

Беларусы гэтак здзівілі ўвесь свет, што пра падзеі ў нашай краіне выйшла кніга на нідэрландскай мове. Яе аўтар – пісьменнік Крыстоф Бракс, які пабываў у Беларусі падчас леташніх пратэстаў і на свае вочы ўбачыў, што адбывалася на менскіх вуліцах. Аліна Коўшык размаўляла з Крыстофам у Варшаве – і ейная гісторыя сталася часткаю кнігі. Ці дапаможа еўрапейцам праца «Апошні дыктатар Еўропы: бунт супраць Лукашэнкі» зразумець Беларусь? Інтэрв’ю з аўтарам кнігі запісаў у Бруселі карэспандэнт «ПраСвету» Алесь Сіліч.

Глынулі свабоды і не хочуць назад. Як і за што змагаюцца м’янмаўцы і ў чым яны падобныя да беларусаў?

Краіна, якая 10 гадоў таму пайшла дэмакратычным шляхам і глынула паветра свабоды, не хоча вяртацца назад. М’янма, у якой вайскоўцы захапілі ўладу, пратэстуе паўтара месяца. Аднак чым мацнейшы пратэст, тым больш жорсткім робіцца адказ узброеных сілаў. Лік загінулых перакрочыў 200 асобаў. Як і за што змагаюцца жыхары М’янмы і ў чым яны падобныя да беларусаў? Cюжэт Юліі Цяльпук.

Міжнародны тэлечасопіс «ПраСвет» з Алінаю Коўшык ды Сяргеем Пелясою глядзіце шточацвер а 21:35. Падпісвайцеся на «Прасвет» у профілях у Facebook і «Аднакласніках»! Глядзіце нас праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале і на нашай старонцы.

Фота вокладкі: Valery Sharifulin / TASS / Forum