Ахоўнік СІЗА сказаў: «Ты палітычны, ты тут здохнеш!»


16-гадовага Мікіту Залатарова затрымалі ў Гомлі 11 жніўня. З таго часу падлетак застаецца за кратамі. Здымачная група «Маю права» разам з бацькам Мікіты, Міхаілам Лапуновым, выпраўляецца на рынак. Раней бацька з сынам любілі бываць тут разам, а цяпер спадар Міхаіл прыходзіць сюды, каб набыць харчы для перадачы сыну. Міхаіл прыгадвае падзеі таго жнівеньскага дня.

«А 04:30 пачаў сабака брахаць. Я выйшаў на вуліцу. «Хто там лезе?» – пытаю ў незнаёмцаў. Пачуў у адказ: «Адчыняйце, міліцыя!»

Міліцыянты запыталіся ў спадара Міхаіла, дзе ягоны сын Мікіта, але ў той час хлопца не было ўдома, бавіў час з сябрамі.

«Я патэлефанаваў Мікіту, пытаю: «Сыначка, што здарылася?» Ён адказаў, што ўсё ў парадку».

Калі спадар Міхаіл быў ужо на працы, яму патэлефанаваў сябар і паведаміў, што Мікіту забіраюць з хаты:

– Міша, твайго малога пакуюць.

– Хто?

– Невядомыя, на мікрааўтобусе. У адных майтках! Ён ім фортку адчыніў.

Мaю прaвa
Нагавіцы – рэальная прычына затрымання гарадзенкі Любові Сарлай
2021.03.12 19:05

Пасля затрымання хлопца так моцна збілі, што ён трапіў у рэанімацыю.

«Калі яго везлі на хуткай, там і маці ягоная была, і лекары, то запыталіся: «Што з табою здарылася? Цябе збівалі? Так, кажа, білі. Хто цябе збіваў? Міліцыянты білі…»

Мікіту абвінавацілі ажно паводле трох артыкулаў: незаконны выраб выбуховых рэчываў (арт. 295 КК РБ), пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні міліцыянта (арт. 364 КК РБ), а таксама арганізацыя масавых беспарадкаў (арт. 293 КК РБ). Спадар Міхаіл не паверыў, што ягоны сын датычны да гэтых злачынстваў. Даваць паказанні Мікіта адмовіўся.

«Было апазнанне, два міліцыянты пазналі Мікіту, нібыта гэта ён кідаў кактэйлі Молатава. Пазналі па адзежы. Пасля з’явіўся чалавек і казаў, што гэта ён кінуў бутэльку. А Мікіта сядзеў ужо месяц. І ўсё роўна не адпускаюць».

Мaю прaвa
2 гады калоніі далі хлопцу з ментальнаю хваробаю за нібыта кінуты камень у бок сілавікоў
2021.03.05 19:05

Мікіта Залатароў мае хранічную неўралагічную хваробу – эпілепсію.

«Як паставілі гэты дыягназ – усё, усе дарогі закрыліся. Спортам займацца нельга, у санаторый – нельга, – распавядае спадар Міхаіл. – Адзіная альтэрнатыва – хадзіць са мною на рыбалку».

За кратамі стан здароўя Мікіты пагоршыўся. Лекі яму даюць нерэгулярна, што правакуе прыступы.

«Ужо некалькі прыступаў было ў СІЗА. Ну і, як казаў ахоўнік, калі Мікіта лекі прасіў: «Ты – палітычны, ты тут здохнеш!»

Мaю прaвa
Палітзняволеным пагражаюць смерцю?
2021.01.08 19:05

22 лютага ў судзе Чыгуначнага раёну Гомля суддзя Дзмітрый Дзябой пакараў Мікіту Залатарова пяццю гадамі выхаваўчай калоніі.

«Я за ўсе восем паседжанняў не пабачыў ніякіх доказаў віны. Іх ніхто не бачыў, – распавядае бацька Мікіты Міхаіл. – Яны ўзялі скрыншот з сацыяльных сетак і скрыншот з камераў назірання. Там толькі бачна светлыя кофты. Твараў не бачна, нічога не бачна».

Мaю прaвa
Дзевяць сілавікоў напалі на адну пенсіянерку
2021.02.19 19:05

Праваабаронцы прызналі Мікіту Залатарова палітвязнем і патрабуюць неадкладнага вызвалення хлопца.

«Мы будзем звяртаць увагу спецпрацэдураў ААН на гэтую сітуацыю, падкрэсліваючы той факт, што Мікіта – няпоўнагадовы. Што тая мера пакарання, якая была яму прызначаная, абсалютна не прапарцыйная ні здзейсненаму, ні ягонаму статусу дзіцяці», – кажа Павел Сапелка, юрыст з праваабарончага цэнтру «Вясна».

Бацька Мікіты спадар Міхаіл шакаваны прысудам і яшчэ больш сумуе і чакае сына.

«Напісалі апеляцыю. І будзем чакаць. Можа, там разбяруцца, можа, у кагосьці сэрца ёкне. І справядлівасць возьме верх».

Таксама ў праграме «Маю права»:

  • Ведай свае правы!.. Пра затрыманні, прысуды, следства, вобшукі ды канфіскацыі, якія мелі палітычную матывацыю – адвакат Міхаіл Кірылюк
  • Былыя працаўнікі гарадзенскага «Азоту» працягваюць адстойваць свае правы
  • Мянчанцы, якая раздавала ўпрыгожанні, пагражае штраф на тысячы рублёў

Праваабарончую праграму «Маю права»глядзіце кожную пятніцу а 19:05 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life»або ў закладцы «Праграмы»на нашай старонцы.