Рэжыму катастрафічна не стае грошай. «ПраСвет» з Сяргеем Пелясою


Лукашэнка вяртаецца да старой гульні. Што яму трэба ад Пуціна, а што – ад Захаду?

Лукашэнка і Пуцін сустрэнуцца ў Сочы 22 лютага. Незаконны кіраўнік Беларусі спадзяецца прывезці $ 3 млрд расейскага крэдыту, каб традыцыйна аплаціць старыя, расейскія ж, пазыкі. Аднак Лукашэнка заявіў, што не будзе прасіць гэтых грошай. І наагул, паводле ягонай заявы, гэта не самае важнае. Выглядае на тое, што заклікі Крамля аб рэформе Канстытуцыі і дыялогу з апанентамі былі пачутыя. Ці сапраўды гэта так і ці гатовы рэжым развітацца са шматвектарнасцю?

Рэжыму катастрафічна не стае грошай. Інтэрв’ю з Валерам Цапкалам пра мэты візіту Лукашэнкі да Пуціна

Візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Расеі каментуе Валер Цапкала, былы прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Беларусі. Раней палітык выконваў функцыю намесніка міністра замежных справаў нашай дзяржавы і амбасадара ў Злучаных штатах Амерыкі. Валер Цапкала – сузаснавальнік і першы кіраўнік беларускага парку высокіх тэхналогіяў.

Канцэпцыя новай замежнай палітыкі Макея. Усё проста: яшчэ большая залежнасць ад Крамля

Беларусь імкнецца да нейтралітэту паводле Канстытуцыі, але гэта ў тэорыі. На практыцы ж Лукашэнка павялічвае вайсковую залежнасць ад Расеі. Уладзімір Макей, міністр замежных справаў Беларусі, заявіў аб прыярытэце Расеі ў вонкавай палітыцы і запрапанаваў адмовіцца ад запісу пра нейтралітэт у Асноўным Законе нашай краіны. У той жа час Украіна ўпершыню дакументальна адзначыла Беларусь як патэнцыйна небяспечную для сябе дзяржаву. У чым менавіта ўкраінскі бок бачыць пагрозы? І што зменіцца для Беларусі з новым палітычным курсам? Адказаў шукала Юлія Лабанава.

Лукашэнка хоча забалбатаць патрабаванні Пуціна. Ці заплаціць ён Расеі за падтрыманне вайсковаю базай у Беларусі? Інтэрв’ю з палітолагам Паўлам Усавым

Грошай Лукашэнка не будзе прасіць у Пуціна, а наконт санкцыяў яму з Расеяй не трэба хвалявацца. Ёсць пытанні, важнейшыя за грошы: пытанні бяспекі і абароны нашай дзяржавы, якія ён абмяркуе падчас спаткання з Дзмітрыем Мядзведзевым. Такія заявы сёння зрабіў незаконны кіраўнік Беларусі за некалькі дзён да спаткання з Уладзімірам Пуціным, якое запланавалі на 22 лютага. Каментуе палітолаг Павел Усаў. Таксама эксперт агучвае прагноз развіцця палітычнай сітуацыі ў Беларусі найбліжэйшымі месяцамі.

Беларусь і Венесуэла, Расея і М’янма. Ці прайгралі мірныя пратэсты ў гэтых дзяржавах?

Беларусь, Расея, Венесуэла, М’янма. Усе гэтыя краіны аб’ядноўвае мірны пратэст супраць аўтарытарных рэжымаў і барацьба за дэмакратыю. Апошнія падзеі паказваюць, што дыктатары навучыліся такія пратэсты душыць. Ці азначае гэта, што прыхільнікі пераменаў у гэтых краінах прайгралі? Падрабязнасці – у Святланы Аўчаровай.

Міжнародны тэлечасопіс «ПраСвет» з Алінаю Коўшык ды Сяргеем Пелясою глядзіце штотыдзень у чацвер а 21:35. Падпісвайцеся на «Прасвет» у профілях у Facebook і «Аднакласніках»! Глядзіце нас праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале і на нашай старонцы.

Фота: @Madis Veltman