Ці даручыць Захад украінцам вызваленне Беларусі? «ПраСвет» з Сяргеем Пелясою


Шанец захаваць трон. Ці на руку Лукашэнку капітуляцыя Расеі?

Радасць для Украіны, трагедыя для Расеі. Над Херсонам зноў залунаў украінскі сцяг, а расейская армія адышла на левы бераг Дняпра. Як параза Масквы адаб’ецца на пазіцыі Аляксандра Лукашэнкі? Ці падае цяпер верагоднасць адкрытага ўдзелу ягонага рэжыму ў вайне? Ці паспрабуе дыктатар пазбавіцца адказнасці за суўдзел у расейскай агрэсіі? Разбіралася Юлія Лабанава.

Ці даручыць Захад украінцам вызваленне Беларусі? Інтэрв’ю з Сяргеем Бульбам

Ці гатовыя Узброеныя сілы Беларусі ваяваць супраць украінцаў? Як выглядае перспектыва вызвалення Беларусі ад расейскай акупацыі і рэжыму Лукашэнкі? Інтэрв’ю Сяргея Пелясы з Сяргеем Бульбам, заснавальнікам «Белага легіёну» ды кіраўніком ініцыятывы «Беларусь 2.0. Робім разам».

Захад закрывае неба над Украінай, але павольна

Інцыдэнт з выбухам на тэрыторыі Польшчы ракеты можа прыспешыць пастаўкі Кіеву сродкаў супрацьракетнай абароны. Рада нацыянальнай бяспекі ЗША заявіла, што незалежна ад вынікаў расследавання, адказнасць за падзенне ракеты на тэрыторыі Польшчы нясе Расея. Падчас сустрэчы Кантактнай групы ў справе абароны Украіны ў гэтак званым Рамштайнскім фармаце прынамсі шэсць дзяржаваў з пяцідзесяці заявілі пра гатовасць працягнуць пастаўкі для ўзмацнення абароны Украіны. Як доўга свабодны свет гатовы падтрымліваць украінцаў? Падрабязнасці – Вольга Міцкевіч.

Ці адбываюцца ўжо ва Украіне ўнутрыпалітычныя канфлікты? Інтэрв’ю з Дзмітрыем Грамаковым

Што гатовае цярпець украінскае грамадства, каб ваяваць да пераможнага канца? Ці адбываюцца ўжо ва Украіне ўнутрыпалітычныя канфлікты і чаму ўкраінскі палітычны эстэблішмэнт раз за разам трапляе ў міжнародныя скандалы? Інтэрв’ю Змітра Міцкевіча з Дзмітрыем Грамаковым, украінскім сацыёлагам і экспертам у камунікацыях.

ЦРУ прыгразіла Крамлю. Перамовы Украіны з Расеяй магчымыя?

Міністр замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў уцёк з саміту «Вялікай дваццаткі» як сабака з падціснутым хвастом. Галоўным лейтматывам трох дзён спатканняў G20 была вайна Крамля супраць Украіны. Паралельна ў Турцыі адбылася закрытая сустрэча кіраўнікоў расейскіх і амерыканскіх спецслужбаў – Цэнтральнай выведвальнай управы ЗША і Службы вонкавай выведкі Расеі. Мы паспрабавалі разабрацца ў тым, што вырашылі лідары «Вялікай дваццаткі», што засталося за дзвярыма размовы ў Турцыі ды ці варта чакаць перамоваў паміж Расеяй і Украінай. Сюжэт Надзеі Бельскай.

Міжнародны тэлечасопіс «ПраСвет» з Сяргеем Пелясою глядзіце шточацвер а 21:30. Падпісвайцеся на «Прасвет» у профілю на Facebook ! Глядзіце нас праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале і на нашай старонцы.