Арганізатары міграцыйнага крызісу пралічылі рэакцыю Польшчы. «ПраСвет» з Алінаю Коўшык


Як доўга працягнецца міграцыйны крызіс?

Не аднойчы, а двойчы званіў тэлефон у Палацы незалежнасці на гэтым тыдні. На тым баку слухаўкі – канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель, і размаўляла яна з Аляксандрам Лукашэнкам. Беларуская прапаганда неадкладна абвесціла факт перамоваў прыкметаю безумоўнага прызнання беларускага рэжыму. У Еўразвязе ж дыялог бачаць трохі іначай. Ці сапраўды Лукашэнка атрымаў прынамсі тактычную перамогу і чаму часам даводзіцца размаўляць нават з дыктатарам? Высвятляў Усевалад Шлыкаў.

У Менску няма шанцаў настроіць адну краіну супраць другой. Інтэрв’ю з дэпутатам брытанскага парламенту

За развіццём падзеяў на заходняй беларускай мяжы сочаць і ў Лондане. Ці варта чакаць узмацнення санкцыяў з боку Аб’яднанага Каралеўства? Пра гэта Аліна Коўшык паразмаўляла з Тоўні Лойдам, дэпутатам парламенту Вялікай Брытаніі ды палітычным хросным нашай каляжанкі, палітзняволенай Дашы Чульцовай.

Лукашэнка і Пуцін рыхтуюцца да рэальнай вайны?

Напружанне на беларуска-польскай мяжы выклікае шмат у каго лагічнае пытанне: што далей? Бо жыхары памежных тэрыторыяў больш за ўсё баяцца не самых мігрантаў, а магчымасці перарастання крызісу ў паўнавартасны ваенны канфлікт. Лукашэнка сапраўды можа распачаць узброены канфлікт у рэгіёне? І ці трэба гэта Крамлю? Адказы шукаў Зміцер Міцкевіч.

«Гэта яшчэ кветачкі, будуць і ягадкі». Віталь Портнікаў каментуе міграцыйны крызіс

Аляксандр Лукашэнка прымусіў Захад да дыялогу. Арганізатары міграцыйнага крызісу пралічылі рэакцыю Польшчы. Гэта частка гібрыднай вайны Пуціна, якую ён пачаў супраць Украіны ў 2014 годзе? Інтэрв’ю з украінскім публіцыстам Віталём Портнікавым.

Як ЕЗ адкажа на шантаж Лукашэнкі?

Дыктатуру санкцыямі не звергнуць, але яны могуць стварыць неабходны ціск на рэжым. Вялікага выбару інструментаў тут няма. 15 лістапада кіраўнікі вонкавапалітычных ведамстваў Еўразвязу расшырылі «рамкі санкцыяў» супраць Беларусі. Цяпер ЕЗ пашырыў крытэры ўвядзення санкцыяў супраць беларускага кіраўніцтва ў сувязі з міграцыйным крызісам. Але зʼявілася інфармацыя ад міністра замежных справаў Літвы Габрыелюса Ландсбергіса пра спробы выкрасліць «Белавію» з пятага пакету. Як бачым, барацьба лабістаў трывае да апошняга. Сюжэт Святланы Аўчаровай.

Міжнародны тэлечасопіс «ПраСвет» з Алінаю Коўшык ды Сяргеем Пелясою глядзіце шточацвер а 21:40. Падпісвайцеся на «Прасвет» у профілях у Facebook і «Аднакласніках»! Глядзіце нас праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале і на нашай старонцы.

Фота: Leonid Shcheglov / TASS / Forum