«У беларусаў вялікія сэрцы!» Дапамога палітвязню прабілася праз санкцыі


Ігар Пыж’янаў – палітычны вязень, засуджаны на 3 гады калоніі. Нашая праграма пастанавіла дапамагчы ягонай сям’і і падараваць жыццёва неабходную рэч. Але санкцыі ды закрыццё межаў ледзь не перашкодзілі гэтаму.

Ігар Пыж’янаў – лідскі юрыст. Падчас прэзідэнцкіх выбараў 2020 года быў назіральнікам, спрабаваў разабрацца, ці не былі сфальсіфікаваныя вынікі галасавання. Мужчыну затрымалі ў студзені 2021 года і абвінавацілі гвалце ў дачыненні службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі. У чэрвені 2021-га закрыты суд прызначыў яму 3 гады калоніі ды забавязаў выплаціць 10 000 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды пацярпеламу.

Жонка Іна засталася сама з траімі дзецьмі: Леяй, Маркам і Сашай. У Сашы – ДЦП IV ступені, ёй быў патрэбны вазок, бо са старога ўжо вырасла. Пра гэта было папярэдняе выданне «Беларус беларусу»:

Пасля таго як праграма «Беларус беларусу» распавяла гісторыю Пыж’янавых, пачаўся збор сродкаў. З дапамогаю нашых гледачоў мы сабралі грошы на найлепшы вазок для Сашы. Але высветлілася, што гэта толькі пачатак.

Выбраць адпаведны вазок, а галоўнае – даставіць яго з-за мяжы ў Беларусь – той яшчэ кўэст! Паглядзіце, як дапамога сям’і палітвязня прабілася праз санкцыі ды закрытую мяжу, як цёпла нашыя героі падзякавалі за падтрыманне.

Калі вы хочаце падтрымаць сям’ю Пыж’янавых або іншых нашых герояў – лістуйце да нас:

belarus2belarus@gmail.com

Гэта можна зрабіць з любога пункту свету. Публічна ці ананімна.

І памятайце: беларус беларусу – любоў, падтрымка і перамога. Дзе мы разам – там праўда!

Далучайцеся да нашых суполак у Facebook ды Instagram.

Праграму «Беларус беларусу» глядзіце кожную пятніцу на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.