Як улады рыхтуюцца да пагаршэння эканамічнай сітуацыі на прадпрыемствах

Пад санкцыямі Еўразвязу ўжо больш за год застаюцца беларускія МАЗ, БелАЗ, «Белаэранавігацыя», «Новая нафтавая кампанія» ды іншыя дзяржпрадпрыемствы. Як моцна санкцыі падкасілі беларускую эканоміку? Як даюць рады прадпрыемствы ды якія настроі работнікаў – глядзіце ў новым выданні праграмы «Шчыра кажучы» з Арынаю Маліноўскай.

Аўтары праграмы, спасылаючыся на сацыялагічнае даследаванне «Сhatham House», сцвярджаюць, што пры адсутнасці эфекту ад санкцыяў на пачатку года амаль палова беларусаў лічыла, што эканамічнае становішча ў краіне дрэннае. Столькі ж лічылі негатыўным эканамічную сітуацыю канкрэтна ў іхнай сям’і. Два гады таму такую думку выказала толькі чвэрць беларусаў.

Апазіцыйныя палітыкі ўпэўненыя, што збядненне насельніцтва прывядзе да страйкаў і пратэсту супраць уладаў. Але доктар сацыялагічных навук Андрэй Вардамацкі мяркуе, што цалкам магчымы і іншы сцэнар развіцця падзеяў:

«Каб захаваць свой эканамічны дабрабыт, кожная асоба пачне шукаць выхад са сваёй складанай эканамічнай сітуацыі не пры дапамозе агульнанацыянальнага, агульнаграмадзянскага пратэсту, а пры дапамозе сваёй індывідуальнай дзейнасці. То бок яна будзе шукаць іншыя месцы працы, яна будзе працаваць на розных працах, працаваць па 18 гадзінаў на дзень, але не выходзіць на пратэст».

Лукашэнка трапіў у гісторыю, калі ён ні сваім, ні чужым не ўдружыў

Развагі сацыёлага пацвярджаюць аповеды інсайдараў з беларускіх прадпрыемстваў. Работнік наваполацкага «Паліміру» – падсанкцыйнага заводу – кажа, што ўжо летась на прадпрыемстве адчуваліся праблемы. Некаторыя вытворчасці рэзалі планавыя заданні, цэхі спыняліся на рамонт. І вось цяпер на прадпрыемстве абвесцілі глабальны рамонт – спыніцца асноўная вытворчасць. Аднак ніхто не вядзе размоваў пра страйк.

«А пачынаючы з гэтага года цэлыя вытворчасці выводзіліся на бягучы рамонт. Гэта значыць, некалькі цэхаў адначасова. І кіраўніцтва заводу проста казала, што так, у нас праблемы са збытам, то бок мы будзем шукаць магчымасці. І вось цяпер кажуць – да ліпеня», – распавядае работнік «Паліміру».

Са словаў работніка, летась ягоны заробак у сярэднім складаў каля 1600 рублёў. Сёлета з прычыны прастояў скараціўся на 200–300 рублёў. Кіраўніцтва папярэдзіла, што звольніць кожнага, хто будзе страйкаваць. Маўляў, гэта выгадна – не трэба будзе выплочваць грошы за прастой. Людзі баяцца згубіць апошнія грошы і, са словаў нашага суразмоўцы, сядзяць ціха. На прадпрыемстве быў адзін з актыўных незалежных прафсаюзаў. Аднак за год яго фактычна развалілі.

«Шмат людзей пасля выбараў у жніўні ўступала ў незалежныя прафсаюзы. Але кіраўніцтва заводу паступіла хіба вельмі пісьменна са свайго боку. Яно паасобку гэтых людзей адлоўлівала, размаўляла, служба бяспекі запалохвала: у найлепшым выпадку гэта страта працоўнага месца. Апошнім часам сталі пагражаць крымінальнымі тэрмінамі. І таму людзі, натуральна, выйшлі [з прафсаюзаў. – Заўв. рэд.], і цяпер нават пра самае нязначнае непадпарадкаванне няма ні гаворкі, ні думкі. Людзі проста хочуць застацца на гэтым працоўным месцы, і ўсё», – распавядае работнік «Паліміру».

Напрыканцы красавіка ў Беларусі зачысцілі ўсе незалежныя прафсаюзы. Палітолаг Дзмітрый Балкунец тлумачыць гэткі крок тым, што так улады рыхтуюцца да пагаршэння эканамічнай сітуацыі на прадпрыемствах – з прычыны санкцыяў:

«Ён [Лукашэнка. – Заўв. рэд.] баіцца страйкаў. Асабліва на буйных прадпрыемствах кшталту «Беларуськалію», «Нафтану», баіцца таго, што там ёсць гэтыя суполкі, «Азот», «Горадня Азот». Бо акурат санкцыі, пра якія мы казалі, могуць паўплываць на настроі ў грамадстве, на заробкі, на тое, што людзі не будуць мець працы, будуць губляць прыбыткі і гэтак далей. А хто можа падняць хвалю? Прафсаюзы. Вось іх і арыштоўваюць».

Чым яшчэ адзначыўся апошні год для Беларусі? Што здзіўляе ў сучаснай Беларусі тых, хто адседзеў апошні год за кратамі за палітычную дзейнасць? І адвечнае пытанне – ці садзьмуўся ўрэшце за гэты год беларускі пратэст? Глядзіце ў апошнім выданні праграмы.

Калаж з фота: Anton Novoderezhkin / TASS / Forum, belsat.eu

 

Падпісвайся на telegram Белсату

Больш матэрыялаў

Як Беларусь зарабляе на вайне з Украінаю

Аборты і разводы: Беларусь пераплюнула «разбэшчаную» Еўропу

Выгляд прапагандыстаў і чыноўнікаў выклікае сорам

Колькі каштуюць касцюмы Ціханоўскай і Лукашэнкі?

У Беларусі пачалася палітычная адліга?

Падлічылі, колькі каштуе беларусам ізаляцыя

У беларусаў няма грошай на мяса ды іншыя прадукты

У школах больш ваеншчыны, чымся адукацыі