Інтэрпол пачне паляванне на амапаўцаў


Чэхія не толькі ратуе беларусам жыццё, але і мае намер пакараць садыстаў і катаў, якія прымусілі іх пакінуць радзіму.

Віталя затрымалі 11 жніўня ў Горадні. Міліцыянты прынялі яго за расейскага каардынатара і спрабавалі выбіць прызнанне. Тады Віталь думаў, што яго заб’юць. Ён і сёння не можа пазбыцца страху. Часам яму здаецца, што Прагу ён прысніў, што зараз ён прачнецца ў Горадні ў лапах амапаўцаў.

У Празе Віталь апынуўся дзякуючы чэшскай праграме медычнай эвакуацыі «Medevac». Цяпер ён спрабуе пачаць жыццё нанова на новым месцы. І хоць ён ужо знайшоў працу, але, на жаль, дагэтуль даюцца ў знакі наступствы траўмаў.

«Трэба набіць руку. Паўгода я нічога не рабіў. Тым больш, я не ведаю, я яшчэ паліравальную машынку ў руках не трымаў. Чаму? Таму што пасля жніўня вось з рукамі што? Як яно? Як яны сябе павядуць? Я не ведаю яшчэ. З каленам тое самае», – тлумачыць Віталь.

Але тое, што Віталь уладкоўваецца ў Чэхіі, не значыць, што амапаўцы, якія катавалі людзей, пазбегнуць кары. У Цэнтральную ўправу барацьбы з арганізаванай злачыннасцю Чэхіі падалі заяву аб катаваннях на кіраўніка гарадзенскага АМАПу Віктара Краўцэвіча.

Які статус маюць беларускія ўцекачы ў Чэхіі? Як Віталь уладкоўвае жыццё на новым месцы? Ці мае ён або ягоныя дзеці праблемы з чэшскаю моваю? Як дзеці перажываюць змену месца жыхарства? Чым пагражае амапаўцам чэшская крымінальная справа?

Таксама ў праграме «Беларускі свет»:

  • Як Валерыя Дэле, вакаліста гурту «Dee Tree», зразумела, што ейнае пакліканне – музыка, і чаму яна выбрала Берлінскі ўніверсітэт мастацтваў, каб вучыцца?
  • Які падарунак на дзень нараджэння атрымала «берлінская Ніна Багінская» Галіна Габт, і чаму яе называюць «жанчынай-сцягам»?

Праграма «Беларускі свет» выходзіць на «Белсаце» па аўторках а 19:05. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн і ў архіве на нашай старонцы.

Калаж з фота: freebie.photography /freeimageslive.co.uk, OpenClipart-Vectors / pixabay, Jean-Philippe Ksiazek / AFP / Getty Images