Кіраўніка Беларусі абурыла беларуская мова


Панцеляймон Панамарэнка быў мультыталенавітым чалавекам. Куды толькі ні накіроўвала яго партыя – ад Нідэрландаў да Непалу! Давялося яму «пастаяць ля стырна» і ў БССР. Але ці варта ў ягоны гонар называць вуліцы беларускіх гарадоў?

Панцеляймон Панамарэнка (1902–1984) ачольваў Беларусь у без перабольшвання лютыя гады: з 1938 да 1947. Потым яго чакала кіраванне Казахстанам, міністэрскія партфелі і амбасады па ўсім свеце.

Хтосьці скажа, што гэта ён адстаяў для Беларусі Палессе і Полаччыну, а хтосьці прыгадае ягоны ліст Сталіну пра беларускую мову і літаратуру.

У сваім лісце Панамарэнка жорстка раскрытыкаваў рэформу беларускага правапісу 1933 года, якая зацвердзіла «наркамаўку». На ягоную думку гэты правапіс быў занадта… антырасейскі!

«Существующее белорусское правописание искажено в националистическом духе. Оно преднамеренно построено так, чтобы отличалось от русского даже там, где в живом произношении нет разницы», – гнеўна піша Панамарэнка Сталіну.

Дасталася і беларускім слоўнікам. Каб праілюстраваць свае думкі, Панамарэнка пазнаёміў таварыша Сталіна з некаторымі беларускімі словамі.

«Безопасность» – «бяспечнасць»! Отсюда «органы государственной безопасности» – «органы государственной беспечности»! – абураецца сталінскі кіраўнік Беларусі.

Адкуль жа ўзяўся сталінскі сокал Панамарэнка, які здолеў перажыць свайго гаспадара? Каго з не расстраляных беларускіх пісьменнікаў ён лічыў асабліва небяспечнымі ворагамі савецкае ўлады? Якім беларускім словам ён навучыў Сталіна? Хто хацеў забраць сабе Полаччыну і Палессе? На якія пасады Панамарэнку заносіла на рашэнне партыі? Што цікавага ёсць на вуліцы Панамарэнкі ў Менску?

Вялікія фрагменты з ліста Панамарэнкі Сталіну на расейскай мове працытуе аўтар і вядоўца праграмы Лявон Вольскі.

Падрабязнасці незвычайнай кар’еры Панамарэнкі выкладзе гісторык Уладзімір Плавінскі.

А вельмі сімпатычная спадарыня Ніна патлумачыць, за што яна хваліць беларускую моладзь.

Праграму «Шыльды» глядзіце штонядзелю а 20:05 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва – «Sirius4»), онлайн або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.