Невядомыя ледзь не забілі праваабаронцу. Гэта былі сілавікі?


Стас Цыбінскі лічыць, што невядомыя ў балаклавах, якія збілі яго ў лютым 2021 года, былі сілавікамі. Жыццё выратавала тэрміновая аперацыя. Навошта сілавікам было рабіць гэта? Чым замінаў ім Стас?

У Кіеве мы сустрэліся са стваральнікам фонду дапамогі былым асуджаным Стасам Цыбінскім. Да падзеяў жніўня 2020 года Стас працаваў у грамадскай арганізацыі «Тайм-Акт» – прадстаўніком па Горадні ды Гарадзенскай вобласці.

«Гэта была цяжкая праца, калі да цябе прыходзяць з несправядлівымі прысудамі. Чалавека асудзілі. Так, можа ён і ў чымсьці вінаваты, але далі велічэзны тэрмін!.. Таксама мы падтрымлівалі маці-328», – узгадвае сваю мінулую дзейнасць спадар Цыбінскі.

У мінулым Стас адбываў пакаранне паводле крымінальнага артыкулу, а па выхадзе з вязніцы «адчуў сябе чалавекам у ценю»: «Я разумею, што людзей, якія выйшлі з месцаў пазбаўлення волі, ніхто не бачыць, іх ніхто не заўважае… Я вырашыў даць людзям надзею, каб яны не баяліся выходзіць з ценю, імкнуцца да добрага, светлага».

Але жыццё Стаса кардынальна змянілася, калі ён апынуўся 10–11 жніўня 2020 года на «Пушкінскай» у Менску, дзе праходзілі мірныя акцыі пратэсту. Яго двойчы затрымалі ды моцна збілі. Падчас другога затрымання настолькі моцна, што ён згубіў прытомнасць. І каб пазбавіцца яго, карнікі выкінулі Стаса з аўтобуса. Людзі выклікалі хуткую дапамогу.

«11-га ў мяне былі сінякі, гематомы. Быў на твары і дагэтуль застаўся шнар, была збітая ўся бачына, сядалішча, і было страсанне галаўнога мозгу», – кажа спадар Цыбінскі.

Пасля гэтых падзеяў Стаса выклікалі ў КДБ і прапанавалі супрацу. Але ён адмовіўся. Відаць, гэтага і не даравалі Стасю. І найбольшае знявечанне Стас атрымаў у лютым 2021 года, не дайшоўшы дваццаці крокаў да свайго інтэрнату.

«Хтосьці ўдарыў мяне нагой у спіну, я ўпаў, і мяне пачалі збіваць супрацоўнікі… Я так лічу, бо яны былі ў балаклавах, у іх былі гумавыя дручкі, і таксама я пачуў, як некалькі разоў спрацавала рацыя», – узгадвае гэты выпадак Цыбінскі.

Мaю прaвa
Дзяржаўныя гангстары нападаюць на ўдзельнікаў Лігі студэнцкіх аб’яднанняў
2021.03.26 19:05

Былі зламаныя чатыры рабрыны, прабітае лёгкае. У лёгкіх пачала ўтварацца вадкасць. Стасу патрэбна была неадкладная медычная дапамога. Лекар на прыёме папярэдзіў, што за два тыдні трэба прыбраць вадкасць. Калі гэтага не зрабіць, то можна памерці. Дапамаглі Цыбінскаму былыя ягоныя падапечныя з Масквы, і ўсе неабходныя працэдуры былі зробленыя ў клініцы Скліфасоўскага. Цяпер здароўю нічога не пагражае, і мужчына плануе ўжо трэці раз распачаць новае жыццё – гэтым разам у Кіеве.

«Я ва Украіне некалькі тыдняў. І ведаеце, у мяне такая вялікая радасць. Няма аніякага страху, аніякага хвалявання, ніхто нікога не затрымлівае. Я проста бачу, як усё адбываецца мірна. Ніхто нікога не б’е. Адчуваеш сябе вальнейшым!»

У рубрыцы «Ведай свае правы» экспертка нашай праграмы, каардынатарка Free Belarus Center Паліна Бордзік адказвае, дзе на тэрыторыі Украіны беларускія ўцекачы могуць атрымаць неабходную псіхалагічную і медычную дапамогу. Акрамя Free Belarus Center, можна звярнуцца ў «Восток SOS» (Украіна), тэл. +38 066 617 14 58. А беларусы, якія застаюцца на радзіме і маюць патрэбу ў падтрыманні, могуць звярнуцца да Тбіліскага «Сіці шэлтару» , tbs.shelter@gmail.com, каб атрымаць дапамогу онлайн.

Калі чалавек атрымаў фізічныя траўмы і мае патрэбу ў медычнай дапамозе ва Украіне, то нямецкая дыяспара і арганізацыя «Разам» пакрыюць выдаткі на лячэнне.

Дапамогу, звязаную з часовым жытлом, афармленнем юрыдычных дакументаў, першымі выдаткамі, з падачай дакументаў на прытулак ва Украіне надаюць арганізацыі:

Таксама ў Кіеве ёсць Беларускі хаб, у якім адбываюцца імпрэзы, там можна атрымаць рэчы, вопратку.

Каб атрымаць дапамогу, пажадана мець пацверджанне затрымання, штрафаў, содняў, ці хаця б артыкулы ў медыях. Але падыход да розных выпадкаў даволі гнуткі, бо праваабарончая супольнасць ва Украіне разумее, што «не заўсёды ў людзей ёсць дакументы».

«Мы можам зразумець па сітуацыі, што трэба было выехаць дзеля бяспекі… Часам мы звяртаемся да іншых крыніцаў, кансультуемся з калегамі, з тымі, хто дапамагаў выязджаць, з калегамі па ініцыятывах», – кажа Паліна Бордзік.

Беларусы, якія з’язджаюць ад палітычнага пераследу, могуць атрымаць часовае жыллё.

«Прынамсі тут, у Кіеве, мы дапамагаем з гэтым. Звычайна на тэрмін ад двух да трох тыдняў. Гэта звычайна тэрмін, за які можна атрымаць візу, напрыклад, у Польшчу ці Літву, калі чалавек хоча ехаць далей, ці вызначыцца, жадае тут падавацца на ВНЖ або не», – апавядае каардынатарка Free Belarus Center спадарыня Бордзік.

Праваабарончую праграму «Маю права» глядзіце кожную пятніцу а 19:05 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы»на нашай старонцы.

Калаж з фота: Natalia Fedosenko / TASS / Forum