Колькі каштуюць выступы беларускіх праўладных «зорак»


Твар беларускага шоу-бізнесу пасля выбараў 2020 году істотна змяніўся. На першы план выйшлі артысты без гучных імёнаў, затое з праўладнай пазіцыяй. Як змяніліся іхныя ганарары ў сувязі з павышэннем статусу? Хто самы дарагі артыст на беларускай эстрадзе? Колькі каштуюць выступы расейскіх артыстаў на беларускіх мерапрыемствах ды хто за гэта плаціць – у праграме «Шчыры кажучы» з Арынаю Маліноўскай.

Праз інсайдараў аўтары праграмы атрымалі прайс на прыватныя выступы артыстаў, якія не асудзілі паслявыбарчы гвалт у краіне. Напрыклад, за паўтары тысячы беларускіх рублёў спявае Ірына Дарафеева. Столькі ж каштуюць выступы Жанет і гурта «Чараўніцы» і «Галасоў ЗМеста». Самы танны з іх – Аляксандр Саладуха. З ім можна дамовіцца на адну тысячу рублёў. А вось гурт «Дразды» возьме 15 тысячаў. За гэтую суму выступіць саліст Віталь Карпанаў, яго калектыў з пяці чалавек. На свае канцэрты гурт прыязджае са сваім музычным абсталяваннем.

Расейцам, якія выступаюць на праўладных канцэртах у Беларусі, плацяць у разы больш, распавядае Вольга Працкевіч, якая раней працавала ў «Менскканцэрце». Напрыклад, Мікалаю Баскаву, які выступіў на жаночым форуме, заплацілі 5 тысяч долараў.

Вольга Працкевіч, былая юрыстка “Менскканцэрту”. Стоп-кадр з праграмы “Шчыра кажучы”

«Высветлілася, што праз бухгалтэрыю Баскаў нідзе не праходзіў. […] Мне сказалі, што аплочваў яму БРСМ. Гэта грошы ўзносаў брсмшчыкаў. […] Такое выкарыстоўвалі, калі трэба было для мерапрыемства з удзелам кіраўніка дзяржавы выклікаць якога-небудзь расейскага артыста […]. Нельга за кошт бюджэту артысту столькі заплаціць, няма такой градацыі, а за тры капейкі яны да нас не паедуць», – распавядае Вольга Працкевіч.

Самым дарагім артыстам на беларускай эстрадзе былая супрацоўніца «Менскканцэрту» назвала Анатоля Ярмоленку. А вось выступ сёстраў Груздзевых, якія так заўзята выступалі ў падтрыманне Аляксандра Лукашэнкі, паводле Вольгі Працкевіч, каштуе вельмі нядорага:

«Яны вельмі вельмі дакучліва прапаноўвалі свае паслугі, але іх не хацелі браць. Пры тым яны поўнасцю лаяльныя, але настолькі не цікавыя, што не цікавыя нават у Мінгарвыканкаме».

Як арганізуюць і колькі каштуюць мерапрыемствы, у якіх удзельнічае Аляксандр Лукашэнка? Чаму беларусы не могуць самастойна зрабіць «Ікс-фактар» і запрасілі дзеля гэтага ўкраінцаў? Якая розніца паміж чорнымі спісамі артыстаў у 2004 і 2020 годзе – распавядае Лявон Вольскі ў праграме «Шчыра кажучы».

Праграма «Шчыра кажучы» выходзіць штосераду а 19:05 у эфіры «Белсату», а таксама на нашым канале YouTube-канале.

Калаж з фота: onilener.by, афіцыйная старонка ансамбля “Сябры” на Facebook, udf.by