Захаваў непаўторны вобраз Беларусі. Напалеон Орда


Удзельнік таемных таварыстваў, паўстанец, музыка, эмігрант, які сябраваў з Фрэдэрыкам Шапэнам. Напалеон Орда ўсур’ёз узяўся за маляванне толькі ў 55 гадоў і захаваў вобразы спадчыны, якую мы страцілі ў выніку войнаў.

Сёлета споўнілася 215 гадоў з дня нараджэння Напалеона Орды, нарадзінца Варацэвічаў (цяпер Іванаўскі раён Берасцейскай вобласці). Як трапна заўважыў гісторык Алесь Суша, «Напалеон Орда паспрабаваў у сваім жыцці шмат прафесій, усюды дасягнуў вышыняў, але так жа ўсюды зведаў поўную паразу сваіх планаў». У часе навучання ў Віленскім універсітэце яго арыштавалі за прыналежнасць да таемнага таварыства, за што правёў 15 месяцаў за кратамі. У часе паўстання 1830–1831 гадоў даслужыўся да чыну капітана і атрымаў найвышэйшую ўзнагароду – ордэн «Virtuti Militari». Пасля паразы паўстання вымушаны быў эміграваць у Парыж, дзе сябраваў з Фрэдэрыкам Шапэнам, у якога вучыўся музыцы. Напалеон Орда нават узначаліў Парыжскую оперу, але пасля амністыі 1856 года надумаў вярнуцца на радзіму і заняцца… сельскаю гаспадаркаю, што яму выдатна ўдавалася. Але як у такім разе ён узяўся за маляванне? Пра гэта даведаецеся ў новым выданні праграмы «Вусы Скарыны» Цімоха Акудовіча.

«Імя Напалеон вельмі моцна паўплывала на лёс гэтага чалавека. І ягоныя лёс і біяграфія напраўду шмат што могуць нам расказаць: пра тое, што не трэба баяцца перашкод, пра тое, што трэба пачынаць спачатку, калі папярэдняя справа скончылася дрэнна, і пра тое, што не трэба баяцца маштабаваць, калі гэтага патрабуе сітуацыя. Заўсёды трэба глядзець крыху за гарызонт», – распавядае вядоўца Цімох Акудовіч пра Напалеона Орду.

За што студэнт Віленскага ўніверсітэту Напалеон Орда трапіў за краты? Як праявіў сябе ў часе паўстання 1830–1831 гадоў, а на эміграцыі пасябраваў з Фрэдэрыкам Шапэнам і ўзначаліў Парыжскую оперу? Што яму давялося пакінуць за мяжою, каб вярнуцца на радзіму? Як узяўся за аловак ў 55 гадоў і стаў падарожнічаць па былой Рэчы Паспалітай ды маляваць яе сядзібы, замкі і святыні? Дзякуючы чаму малюнкі Напалеона Орды атрымалі шырокую вядомасць і цяпер вельмі папулярныя, у тым ліку ў Беларусі?

Праграму «Вусы Скарыны» глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, у архіве на нашай старонцы або на канале YouTube.

Калаж з фота: Wikimedia Commons